Супрацоўніцтва мацуе Саюзную дзяржаву

- 11:02Актуально, Апошнія запісы

У Мінску прайшло сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях нашай краіны, дзе абмеркоўваліся вынікі сумеснай дзейнасці дзвюх краін у сферы адукацыі, навукі і маладзёжнай палітыкі і вызначаліся прыярытэтныя кірункі развіцця Саюзнай дзяржавы. Кіраўнікі сістэмы адукацыі і навукі дзвюх краін сабраліся разам, каб ацаніць пройдзены шлях і падзяліцца тымі і ідэямі і ініцыятывамі, якія дазволілі б удасканаліць узаемадзеянне дзвюх краін. У сумесным пасяджэнні прымалі ўдзел дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Р.А.Рапота, кіраўнікі профільных міністэрстваў Беларусі і Расіі І.В.Карпенка і В.Ю.Васільева. У размове ўдзельнічалі першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны В.А.Богуш, намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях А.Г.Шумілін, іншыя супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін.

Зпрывітальным словам да ўдзельнікаў сумеснага пасяджэння калегій выступіў Р.А.Рапота і адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі з кожным годам узмацняецца, а сферы ўзаемадзеяння пашыраюцца.

— Адукацыя, навука і культура — тыя галіны, на якіх трымаецца наша брацкае ўзаемадзеянне і якія даюць штуршок развіццю іншых сфер нашай дзейнасці, — падкрэсліў дзяржаўны сакратар. — Наколькі мы будзем развіваць супрацоўніцтва, настолькі будзе мацнець наша Саюзная дзяржава.

У сваім выступленні кіраўнік галіновага міністэрства нашай краіны І.В.Карпенка заявіў, што ў фарміраванні адукацыйнай прасторы, у забеспячэнні роўных правоў грамадзян у атрыманні адукацыі Беларусь і Расійская Федэрацыя праводзяць паслядоўную мэтанакіраваную работу. У гэтым супрацоўніцтве ўжо дасягнуты пэўныя поспехі.
— Улічваючы імклівыя змяненні ў структуры эканомік нашых краін, нам становіцца аднолькава важным фарміраванне інавацыйнага навукаёмістага канкурэнтаздольнага асяроддзя, — падкрэсліў Ігар Васільевіч.— Наблізіць нашы краіны да гэтай мэты можа выпрацоўка ўзгодненых перспектыўных напрамкаў работы ў галіне адукацыі.

Міністр адзначыў, што перш-наперш трэба сканцэнтраваць увагу на якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. А ў гэтай справе ўсё важна — ад ранняга выбару будучай прафесіі да аб’ектыўнай ацэнкі вынікаў навучання выпускніка.

— Мы ведаем, што ў нашых расійскіх калег у гэтым напрамку назапашаны багаты вопыт, у тым ліку ў распрацоўцы сістэмы кваліфікацый і стварэнні сістэмы прафесійных стандартаў, — паведаміў І.В.Карпенка. — Мы таксама маем пэўныя напрацоўкі. Таму абмен здабыткамі сістэм адукацыі дзвюх краін будзе спрыяць удасканаленню адукацыйнай галіны, стварэнню ўмоў для набыцця моладдзю тых кампетэнцый, якія скіраваны на патрэбнасці і запыты рынку працы, а гэта рэальны і важны крок у забеспячэнні роўных правоў у працаўладкаванні грамадзян у межах Саюзнай дзяржавы.

Па меркаванні беларускага боку, важнай з’яўляецца задача гарманізаваць сістэму падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей дзвюх краін, прычым не толькі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і вышэйшай. Для ажыццяўлення гэтай мэты можа найлепшым чынам паслужыць павышэнне ўзаема-дзеяння ВНУ дзвюх краін, выкарыстанне іх перадавога вопыту ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Магчыма, трэба больш прадметна перайсці да гэтай тэмы, тым больш што многія прадпрыемствы дзвюх краін цесна кааперуюцца, каб прадукцыйна ўзаемадзейнічаць у рамках створаных сумесных вытворчасцей.

— Нашу інтэграцыйную будучыню, безумоўна, будзе вызначаць таленавітая моладзь, — заявіў Ігар Васільевіч. — Таму вельмі важна акрэсліць адзіныя кірункі ў развіцці маладзёжнай палітыкі Беларусі і Расіі. Наша краіна зацікаўлена ў вопыце расійскіх калег і ў пытанні падтрымкі таленавітай моладзі. І.В.Карпенка прызнаў, што ўяўляе цікавасць для Беларусі дзейнасць адукацыйнага цэнтра “Сірыус” у Сочы, з якім неабходна наладзіць супрацоўніцтва.

— Са свайго боку мы ставім задачу стварэння ў Беларусі дзіцячага тэхнапарка, дзе будуць прымяняцца падыходы, звязаныя з ранняй прафарыентацыяй моладзі і вызначэннем прафесійнага выбару, — паведаміў кіраўнік галіновага міністэрства Беларусі.

Міністр адзначыў, што для Беларусі цікавым з’яўляецца вопыт расіян у прагназаванні патрэбнасці ў кадрах. У нашай краіне сёння ідзе распрацоўка зусім новай сістэмы прагназавання, за якую будуць адказваць Міністэрства эканомікі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У сваю чаргу Міністэрства адукацыі будзе выступаць у ролі падрадчыка па рэалізацыі адукацыйных задач, пастаўленых рэальным сектарам эканомікі.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь А.Г.Шумілін адзначыў важнасць забеспячэння поўнамаштабнага функцыянавання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы, якая сарыентавана на забеспячэнне інавацыйнага развіцця канкурэнтаздольных галін эканомікі дзвюх краін. Гэты кірунак будзе рэалізоўвацца праз выкананне навукова-тэхналагічных і інавацыйных праграм і праектаў, якія будуць улічваць актуальныя запатрабаванні навукі і вытворчасці дзвюх краін і адпавядаць інтарэсам развіцця нацыянальных эканомік. Важным крокам у рэалізацыі гэтай задачы з’яўляецца стварэнне адпаведнай камісіі па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, што дазволіць павысіць узровень інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы. У сувязі з гэтым дзейнасць Беларуска-Расійскага ўніверсітэта прадугледжваецца як развіццё лічбавага ўніверсітэта, дзе будуць ажыццяўляцца маштабныя інавацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу, укараненне прынцыпова новых і эфектыўных тэхналогій на аснове інтэграцыі адукацыі і навукі. А.Г.Шумілін заявіў, што ў фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы трэба выкарыстоў-ваць і патэнцыялы іншых вядучых універсітэтаў дзвюх краін, перш-наперш іх прафесарска-выкладчыцкага складу, навуковыя распрацоўкі.

Кіраўнік Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях адзначыў, што разам з галіновым міністэрствам Расійскай Федэрацыі праводзіцца паслядоўная работа па забеспячэнні камерцыялізацыі вынікаў навукова-даследчых і навукова-тэхнічных праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы з мэтай практычнага выкарыстання навуковых даследаванняў у вытворчасці.

В.Ю.Васільева, міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, засяродзіла ўвагу на выкананні прыярытэтных кірункаў развіцця Саюзнай дзяржавы ў сферы адукацыі, навукі і маладзёжнай палітыкі. У прыватнасці, яна адзначыла станоўчую дынаміку ў сумеснай дзейнасці, якая скіравана на фарміраванне агульнай адукацыйнай прасторы, на інтэграцыю моладзі дзвюх краін. Сфарміраваная нарматыўная база па арганізацыі і тэрмінах правядзення ўступных кампаній ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі дазваляе моладзі Саюзнай дзяржавы паступаць на роўных умовах у ВНУ. У значнай меры рэалізаваны задачы па стварэнні механізма сумеснай акрэдытацыі ВНУ, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, а таксама па развіцці супрацоўніцтва ў галіне павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў дзвюх краін. Кіраўнік галіновага міністэрства Расійскай Федэрацыі адзначыла, што ў мэтах далейшага ўдасканалення і збліжэння сістэм адукацыі дзвюх краін праводзіцца пастаянны маніторынг змяненняў у сістэмах адукацыі Беларусі і Расіі, каб супаставіць адукацыйныя праграмы, тэрміны атрымання адукацыі, уніфікаваць спецыяльнасці і кваліфікацыі прафесійнай адукацыі. Было адзначана, што вытрымліваюцца ўзгодненыя сумесныя падыходы да зместу адукацыі, тэрмінаў навучання, забяспечваецца прызнанне дакументаў аб адукацыі. Вольга Юр’еўна выказала спадзяванне, што ў далейшым супрацоўніцтва будзе прадукцыйным, эфектыўным і карысным для абедзвюх краін.

Як адзначыў В.А.Богуш, галіновыя міністэрствы Беларусі і Расіі праводзяць паслядоўную работу па стварэнні ўмоў па рэалізацыі грамадзянамі нашых краін роўных правоў для атрымання даступнай і якаснай адукацыі і фарміравання з гэтай мэтай агульнай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Ажыццяўленне правоў грамадзян на даступную якасную адукацыю з’яўляецца важным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі нашай краіны, запэўніў В.А.Богуш.

У далейшым Вадзім Анатольевіч закрануў тэму гарманізацыі сістэм падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Як вядома, з гэтай мэтай распрацаваны праект канцэпцыі праграмы Саюзнай дзяржавы “Гарманізацыя падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей у Беларусі і Расіі”, які скіраваны на падрыхтоўку кадраў на прыкладзе такіх спецыяльнасцей, як “Мехатроніка”, “Аўтаматызацыя вытворчасці”, “Адытыўныя тэхналогіі”. Гэты праект Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі распрацоўваў разам з цэнтрам развіцця прафесійнай адукацыі Маскоўскага політэхнічнага ўніверсітэта.

Па словах Вадзіма Анатольевіча, сёння ў сістэме вышэйшай школы адукацыйныя праграмы дастаткова гарманізаваны, няма сур’ёзных пытанняў па гарманізацыі і ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дзвюх краін.

— Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць гарманізацыі прафесійна-кваліфікацыйнай структуры, — падкрэсліў В.А.Богуш. — З улікам новага праекта Кодэкса аб адукацыі быў распрацаваны праект дзяржаўнага класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый, дзе прадугледжаны сучасныя патрабаванні, у тым ліку і па гарманізацыі кампетэнцыі выпускнікоў.

— Думаю, што асновай для падрыхтоўкі кваліфікаванага спецыяліста, які здольны вырашаць задачы лічбавага грамадства і лічбавай эканомікі, з’яўляецца гарманічнае спалучэнне фундаментальнай падрыхтоўкі і набыцця практычных навыкаў, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч.

Разам з тым адным з перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва з пункту гледжання зместу падрыхтоўкі кадраў у сістэме ПТА і ССА з’яўляецца выкарыстанне новых стандартаў WorldSkills.

Рэктар РІПА В.М.Галубоўскі паведаміў, што працягваецца сумесная работа па развіцці руху WorldSkills у рамках Саюзнай дзяржавы як эфектыўнага механізма па кадравым забеспячэнні інавацыйнай эканомікі.

— Знакавай падзеяй, якая прыдае імпульс павышэнню якасці падрыхтоўкі кадраў, узняццю прэстыжу рабочай прафесіі, з’яўляецца рух WorldSkills, у якім удзельнічаюць Беларусь і Расія, — адзначыў Валерый Мікалаевіч. — Адным са стратэгічных вынікаў удзелу ў гэтым руху з’яўляецца доступ да тэхналогій сусветнага ўзроўню.

РІПА з’яўляецца нацыянальным аператарам руху WorldSkills у Беларусі і займаецца не толькі арганізацыяй і правядзеннем чэмпіянатаў, але і забяспечвае ўкараненне методыкі праектавання адукацыйных праграм па новых спецыяльнасцях на аснове стандартаў WorldSkills. Вынікам гэтай дзейнасці з’яўляецца распрацоўка адукацыйных стандартаў, вучэбна-праграмнай дакументацыі, методыкі яе праектавання па новых спецыяльнасцях з улікам патрабаванняў стандартаў WorldSkills і тэхналогій, якія сёння ўкараняюцца.

Асноўным кірункам узаемадзеяння дзвюх краін у сферы падрыхтоўкі кадраў найперш з’яўляецца рэалізацыя сумесных праектаў, якія скіраваны на стварэнне сучаснага іміджу і павышэнне прывабнасці ў моладзі прафесійнай адукацыі, фарміраванне прафесійнай мабільнасці, культуры працы моладзі Беларусі і Расіі.

Намеснік міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Т.Ю.Сінюгіна закранула пытанне супрацоўніцтва ў сферы фарміравання адукацыйна-лічбавага асяроддзя. Рэалізацыя гэтага кірунку мае на ўвазе масавае далучэнне грамадзян да засваення інфармацыйных тэхналогій.

— Фарміраванне ІТ-кампетэнцый павінна пачынацца не на ўзроўні прафесійнай адукацыі, а раней — на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, як і прапаноўваюць нашы беларускія калегі, — адзначыла Т.Ю.Сінюгіна. — Сёння развіццё лічбавых тэхналогій прымяняльна і да агульнай адукацыі і накіравана перш-наперш на фарміраванне новых умоў навучання, пашырэнне сацыяльнай камунікацыі дзяцей. Пры гэтым мы разумеем, што, ствараючы адзінае адукацыйна-лічбавае асяроддзе, даючы веды ў ІТ-галіне нашым навучэнцам, у той жа час мы павінны клапаціцца пра настаўніка, які з’яўляецца носьбітам гэтых унікальных ведаў, і, безумоўна, мы павінны думаць аб яго прафесійным узроўні.

Цяпер у Расіі фарміруецца электронная школа, асновай якой стаў унікальны партал, дзе забяспечаны свабодны доступ усіх жадаючых да якаснага адукацыйнага кантэнту. Там прадстаўлены інтэрактыўныя відэаўрокі, якія створаны лепшымі педагогамі краіны, праводзяцца анлайн-курсы, а таксама выкарыстоўваюцца іншыя формы і метады навучання інфармацыйным тэхналогіям.

У час пасяджэння абмяркоўвалася тэма развіцця ў Саюзнай дзяржаве сумеснай маладзёжнай палітыкі. Аснову яе складае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Прыкладам значнасці гэтага кірунку стала правядзенне Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы, куды прыехалі лідары і актывісты маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. У час фестывалю быў праведзены адкрыты дыялог “Моладзь — за мір і добрасуседства”. У мэтах фарміравання ў падрастаючага пакалення патрыятызму і грамадзянскасці на базе НДЦ “Зубраня” праводзіцца змена навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, а таксама іншыя — вельмі значныя для выхавання дзяцей і моладзі — мерапрыемствы.

Важным крокам у развіцці маладзёжнай палітыкі дзвюх краін стала арганізацыя работы зводных студэнцкіх атрадаў Саюзнай дзяржавы. У Расійскую Федэрацыю ў мінулым годзе выехалі 17 атрадаў агульнай колькасцю каля 300 чалавек.

Новыя рысы ў супрацоўніцтве дзвюх краін набывае работа па падтрымцы і выяўленні адоранай і таленавітай моладзі, раскрыцці яе творчага патэнцыялу. Напрыклад, на нядаўнім расійска-беларускім маладзёжным форуме былі прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі моладзі, якія прэзентавалі пераможцы і фіналісты Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Працягваецца работа па далучэнні моладзі да валанцёрскай дзейнасці. Гэты кірунак сёння вельмі актуальны ў сувязі з падрыхтоўкай і правядзеннем ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі. Удасканаленню і пошуку новых форм і метадаў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі паміж дзвюма краінамі паспрыяе VІ маладзёжны форум “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, які будзе праводзіцца ў гэтым годзе.

На пасяджэнні сумесных калегій Беларусі і Расіі былі падпісаны новыя пагадненні аб супрацоўніцтве, якія вызначаюць узаемадзеянне паміж краінамі на найбліжэйшы час, акрэсліваюць адзіныя напрамкі і асноўныя кропкі гэтага ўзаемадзеяння.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.