Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць да дамоўленасцей аб развіцці супрацоўніцтва з Узбекістанам. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з сакратаром Савета Бяспекі пры Прэзідэнце Узбекістана Віктарам Махмудавым.
“Усе нашы дамоўленасці з Прэзідэнтам Узбекістана святыя. Мы абавязкова выканаем узятыя на сябе абавязацельствы. Перадайце майму добраму сябру, што мы будзем выконваць нашы дамоўленасці”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў дынамічнае развіццё адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам. “Я пастаянна аб гэтым гавару і падкрэсліваю гэта. Мы літаральна за пару гадоў прайшлі такі шлях, які не змаглі прайсці да гэтага за два дзесяцігоддзі”, — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівую заслугу ў гэтым асабіста Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева.
Прэзідэнт Беларусі таксама даў высокую ацэнку дасягненням кіраўніка ўзбекскай дзяржавы, у тым ліку ў знешняй палітыцы. “Ён хутка нармалізаваў адносіны з суседзямі, цудоўна паводзіць сябе на міжнароднай арэне, у яго выдатныя адносіны і з Захадам, і з Усходам, — сказаў беларускі лідар. — Таму фон добры для нашых адносін, і добра, што ў нас такія ж адносіны”.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў час яго нядаўняга візіту ва Узбекістан бакі дамовіліся выпрацаваць канкрэтную дарожную карту далейшага развіцця супрацоўніцтва. Адзін з яе раздзелаў прысвечаны ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву, на што і накіраваны візіт у Беларусь Віктара Махмудава. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым паабяцаў падзяліцца беларускім вопытам і напрацоўкамі ў гэтай сферы, якія будуць цікавіць абаронны комплекс Узбекістана: пачынаючы ад падрыхтоўкі кадраў і заканчваючы ўзбраеннем.
У сваю чаргу Віктар Махмудаў адзначыў пазітыўнае супрацоўніцтва краін у ваенна-тэхнічнай сферы. “Практычна ўся дарожная карта (план практычных дзеянняў па далейшым развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам у галіне бяспекі на 2017—2018 гады. — Заўв. БелТА.), якую мы запланавалі на 2018 год, поўнасцю рэалізавана. Мы задаволены дасягнутымі вынікамі. І па выніках нашых кансультацый мы падпісалі новую дарожную карту на 2019—2020 гады”, — сказаў ён.
Візіт сакратара Савета Бяспекі пры Прэзідэнце Узбекістана праходзіць з 22 па 25 кастрычніка. Праграмай знаходжання Віктара Махмудава ў Беларусі таксама прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прасоўванне на ўзбекскі рынак беларускіх тавараў і паслуг ваеннага прызначэння.