Супрацоўніцтва працягнецца

- 11:50Актуально, Апошнія запісы

У праграму візіту ў нашу краіну міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан Інома Маджыдава было ўключана наведванне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які з’яўляецца галоўнай навучальнай установай у Беларусі па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Суправаджаў узбекскага калегу міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.

Рэктар універсітэта Аляксандр Жук расказаў гасцям пра асаблівасці вучэбна-выхаваўчага працэсу ў сваёй установе. Іном Маджыдаў з цікавасцю агледзеў экспазіцыю музея БДПУ імя Максіма Танка, наведаў галерэю карцін вядомых асветнікаў Беларусі, завітаў у краму, пазнаёміўся з новымі вучэбнымі аўдыторыямі, абсталяванымі сучаснай тэхнікай, спартыўнымі пляцоўкамі (басейн, трэнажорная зала). Як заўважыў рэктар педуніверсітэта, шанаванне гісторыі і развіццё ўстановы ў інавацыйным рэжыме спрыяе захаванню багатых традыцый і росту якасці сучаснай прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў.

З 2017 года ў педагагічным універсітэце дзейнічае Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. Пры яго наведванні ўзбекскія калегі пацікавіліся не толькі адукацыйнымі магчымасцямі цэнтра, але і механізмам яго стварэння. Падчас дыялогу прадстаўнікоў рэктарата БДПУ з гасцямі з Узбекістана ўзнімаліся не толькі пытанні прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, але і прынцыпу адбору абітурыентаў для паступлення ў педуніверсітэт. Як заўважыў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, у нашай краіне для абітурыентаў створаны спрыяльныя і справядлівыя ўмовы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

“Цэнтралізаванае тэсціраванне — не ідэальная сістэма (іх у прынцыпе не існуе), але дае магчымасць адабраць лепшых. Што датычыцца жадаючых паступіць у БДПУ імя Максіма Танка, то для іх існуюць некаторыя прэферэнцыі, але яны датычацца толькі медалістаў і выпускнікоў педкласаў. Увогуле мы імкнёмся рабіць упор на дапрофільную падрыхтоўку нашых школьнікаў. Акрамя класаў педагагічнай накіраванасці, у нас ёсць яшчэ, напрыклад, мытныя класы, з гэтага года пачалі працаваць таксама аграрныя. А каб развіваць нашых таленавітых і здольных дзяцей у рэчышчы сучасных тэхналогій, плануем адкрыць дзіцячы тэхнапарк”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан вельмі зацікавіла наша сістэма адбору абітурыентаў і сістэма прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў і спецыялістаў дашкольнай адукацыі. Бакі дамовіліся правесці міжнародную канферэнцыю па абмене вопытам. Трэба сказаць, што БДПУ імя Максіма Танка ўжо супрацоўнічае са сваімі калегамі з Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі. У верасні бягучага года рэктары абедзвюх устаноў падпісалі дамову аб стварэнні на базе ТДПУ імя Нізамі сумеснага з БДПУ факультэта інавацыйнай педагогікі. Ужо з другой паловы кастрычніка тут вядзецца навучанне па спецыяльнасцях “Лагапедыя”, “Дашкольная адукацыя” і “Практычная псіхалогія”.

Можна меркаваць, што візіт міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана Інома Маджыдава ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка пашырыць і напоўніць новым зместам ужо наладжанае супрацоўніцтва ў сферы педагагічнай адукацыі.

*****

Акрамя таго, дэлегацыя з Узбекістана наведала студэнцкую вёску. Госці былі ўражаны яе маштабам. Прынамсі ва Узбекістане нельга рабіць будынак вышэйшым за 7 паверхаў — сейсмічныя зоны дыктуюць свае патрабаванні. Таму ў інтэрнаце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта на 18-м паверсе прадстаўнікі ўзбекскай дэлегацыі адчулі захапленне і змаглі палюбавацца з вышыні пейзажамі сучаснага Мінска.

Намеснік міністра адукацыі нашай краіны Сяргей Руды паказаў умовы жыцця беларускіх студэнтаў — сучасныя прасторныя пакоі, залы для спорту, заняткаў і адпачынку, і расказаў пра перспектывы ўдасканалення інфраструктуры студэнцкай вёскі. Міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан Іном Маджыдаў цікавіўся тэхнічнымі пытаннямі і праектнай магутнасцю сучаснага будынка інтэрната. “Стварэнне камфортных умоў для пражывання студэнтаў — значны ўклад у развіццё якаснай адукацыі. Нам ёсць чаму ў вас павучыцца”, — адзначыў ён.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.