Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і рэдакцыйна-выдавецкай установай “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” падпісалі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык і дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў.
На сустрэчы ў Гродне абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва і развіцця дзейнасці карэспандэнцкага пункта Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Гродзенскай вобласці.
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” з’явілася ў інфармацыйнай адукацыйнай прасторы краіны летам мінулага года.
— Напрацаваны за апошнія гады творчы, арганізацыйны, кадравы і эканамічны патэнцыял лагічна завяршыўся стварэннем медыяаб’яднання нацыянальных педагагічных выданняў, — гаворыць В.А.Кнышаў. — Пад адным творчым дахам размясціліся шэсць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі: “Настаўніцкая газета”, “Народная асвета”, “Переходный возраст”, “Раніца”, “Домой”, а таксама спартыўны часопіс для моладзі “Спорт time” і нарэшце электронны сродак масавай інфармацыі — сеткавае выданне NG-PRESS.BY. А зусім нядаўна пачаў працаваць тэлеграм-канал “Настаўніцкай газеты”. Кожнае выданне, якое ўваходзіць у склад Выдавецкага дома, мае канкрэтны прафесійны кірунак дзейнасці, працуе на сваю мэтавую аўдыторыю.
Стварэнню Выдавецкага дома спрыяла і дзейнасць карэспандэнцкіх пунктаў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” дзейнічае ў Гродзенскай вобласці з лістапада 2013 года.
Як адзначыў Р.Ю.Абрамчык, “Настаўніцкая газета” на працягу ўсіх 75 гадоў свайго існавання застаецца надзейным партнёрам педагогаў і трыбунай іх метадычнага, выхаваўчага вопыту, месцам абмену думкамі і вопытам дзейнасці.
Практычная рэалізацыя пагаднення будзе ажыццяўляцца ў рамках рэалізацыі праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”.
Сярод найбліжэйшых сумесных мерапрыемстваў — правядзенне метадычных семінараў часопісам “Народная асвета”, арганізацыя прэс-туру “Настаўніцкай газеты” ў Гродзенскай вобласці.
Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што, нягледзячы на развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій, шырокае выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў, якія закранаюць і сістэму адукацыі, друкаваныя выданні Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі прафесійнымі дарадчыкамі кожнага педагога. Падпісанне пагаднення аб двухбаковым супрацоўніцтве ў новай рэдакцыі будзе адкрываць новыя магчымасці для развіцця адукацыі і пашырэння чытацкай аўдыторыі педагагічных выданняў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.