Супрацоўніцтва працягваецца: першы міні-эдкэмп адбыўся

У кастрычніку ў Мінску адбылася трэцяя педагагічная
(не)канферэнцыя EdCamp Belarus. Два дні настаўнікі працавалі, прапаноўвалі свае майстар-класы, наведвалі майстар-класы калег і экспертаў і проста гутарылі, абмяркоўвалі важныя пытанні. Але ў гэтым годзе (не)канферэнцыя не змагла прыняць усіх жадаючых, таму арганізатары ініцыятывы Настасся і Яўген Пугач прапанавалі выйсці за межы Мінска і правесці лакальныя міні-эдкэмпы. Педагогі ініцыятыву падхапілі, нават утварылася чарга з раёнаў і школ, якія гатовы правесці маленькія (не)канферэнцыі ў сябе.

Першай адгукнулася Варапаеўская школа Пастаўскага раёна. Мікалай Атрахімовіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гэтай школы і пастаянны ўдзельнік ЕdСamp, выступіў з ініцыятывай запрасіць да сябе каманду эдкэмпа. Ініцыятыва была падтрымана мясцовым упраўленнем адукацыі, выклікала цікавасць у педагогаў раёна. І ў пачатку лістапада ў Варапаева накіравалася каманда EdCamp у складзе Настассі і Яўгена Пугач, Юліі Фядзянінай (Бабруйскі раён), Святланы Іванюшынай (Лагойскі раён), Іны Плешавені і Тамары Храпавіцкай — прадстаўніц Паставаў.

Настасся Пугач расказала ўдзель­нікам міні-канферэнцыі пра гісторыю EdCamp і пра тое, што ў 2017 годзе Беларусь стала 26-й краінай свету, на якую пашырылася эдкэмп-супольнасць. Пасля кароткіх відэаролікаў пра EdCamp у Мінску настаўнікам былі прапанаваны майстар-класы ад калег.

Разварушыла і дапамагла наладзіць кантакт адно з адным Іна Плешавеня — настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Паставаў — з  майстар-класам “ZOOM, ці Думай па-за рамкамі”. Напачатку ўдзельнікам прапанавалася чатырма прамымі лініямі злучыць 9 кропак, і аказалася, што гэта немагчыма, калі не выйсці за межы ўмоўнага квадрата, у якім намаляваны кропкі. Гэтае заданне мае англійскую назву оutside zhe box і прапануе ўдзельнікам мысліць па-іншаму, нетрадыцыйна, нешаблонна. Аказваецца, галаваломка пра 9 кропак мае вялікую гісторыю, а тэрмін outside zhe box прыйшоў у адукацыю з бізнесу.

Далей настаўніца расказала пра кнігу Іштвана Банья — ілюстратара, аніматара, венгерскага творцу, які працуе ў ЗША. Яго кніга для дзяцей ZOOM перакладзена на 18 моў (што, з аднаго боку, цікава, а з другога — весела, бо ў самой кнізе няма ніводнага слова) і ўяўляе сабой малюнкі, нібыта складзеныя матрошкай, кожны наступны — павялічаны фрагмент папярэдняга. Далей удзельнікі майстар-класа атрымалі 1 малюнак з кнігі, разгле­дзелі яго і павінны былі скласці кнігу ў лагічнай паслядоўнасці. Аднак паказваць сваю старонку іншым было нельга. Толькі абмеркаванне, жэсты і міміка маглі дапамагаць шу­каць логіку. Мэты практыкавання —  камунікацыя, выяўленне лідараў і атрыманне цэласнага сюжэта — удзель­нікі дасягнулі.

Наступны эксперт — настаўніца гісторыі сярэдняй школа № 4 Паставаў Тамара Храпавіцкая — падзялілася сваімі напрацоўкамі з гісторыка-краязнаўчай секцыі “Альтанка” па даследчай рабоце з вучнямі. На майстар-класе была магчымасць працаваць з копіямі дакументаў архіваў і электронных баз даных arolsen-archives.org і yad vashem. Кожны ўдзельнік гутаркі змог бліжэй дакрануцца да гісторыі людзей, што былі ў Асвенцыме (лагеры смерці) і Бухенвальдзе (лагеры павольнай смерці), гісторыі яўрэйскіх сем’яў, чые дамы зараз стаяць у Паставах. Вельмі важна ведаць гісторыю малой радзімы, але яшчэ больш важна было дапамагчы сем’ям знайсці іх карані.

Даследчай рабоце, дакладней, яе асаблівасцям у пачатковых класах, быў прысвечаны майстар-клас настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска Святланы Іванюшынай. “З Калабком ад маленькіх даследаванняў да вялікіх адкрыццяў” падарожнічалі настаўнікі Пастаўшчыны. Яны даведаліся, што тэму даследавання можна знайсці, проста азірнуўшыся вакол сябе, што важна вучыць дзяцей шукаць дакладную інфармацыю. З дапамогай эксперымента ўпэўніліся, што на даследчых занятках можна і трэба здзіўляць, і гэта зусім нескладана; паспрабавалі свае сілы ў запамінанні навуковага тэксту і інтэрпрэтавалі канец казкі пра Калабка на настаўніцкі лад.

Юлія Фядзяніна, гісторык з Бабруйскага раёна, прадставіла для варапаеўскіх слухачоў тэму медыяадукацыі. Яна прапанавала ўдзельнікам алгарытмы работы з фотаздымкамі і відэаролікамі, паказала, як працаваць з плакатамі і карыкатурамі, прывяла карысныя і цікавыя прыклады такой работы нават на мясцовым матэрыяле праз фотаздымак братоў Пша­з­дзецкіх.

Абмен вопытам аказаўся карысным і гасцям, і ўдзельнікам міні-канферэнцыі. Цеплыня і ўсмешкі настаўнікаў Пастаўшчыны адлюстроўваліся ў вачах гасцей, а значыць, справа, якую мы робім, годная, і дэвіз “Лепшыя практыкі ў кожным класе краіны” — гэта не проста словы, а дзеянне.

Святлана ІВАНЮШЫНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска.
Фота Настассі ПУГАЧ.