Супрацоўніцтва працягваецца

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і мабільны аператар МТС працягнуць рэалізацыю сумесных адукацыйных праектаў. Адпаведнае пагадненне ў Міжнародны дзень абароны дзяцей было падпісана міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам і генеральным дырэктарам СТАА “Мабільныя ТэлеСістэмы” Уладзімірам Карповічам.

— Імклівае ўкараненне ў наша жыццё інфармацыйных тэхналогій патрабуе аператыўнага рэагавання на запыты часу і інтарэсы моладзі. Адна з найважнейшых задач адукацыі ў лічбавую эпоху — гэта паспяховая інтэграцыя падрастаючага пакалення ў няпростыя ўмовы сучаснага жыцця. Каб эфектыўна і своечасова адказваць на выклікі сучаснасці, сістэма адукацыі павінна акумуляваць у сабе інавацыйны патэнцыял грамадства. Для гэтага неабходна непасрэднае ўзаемадзеянне адукацыйных інстытутаў і вытворцаў інфармацыйных тэхналогій, — адзначыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.

Пачатак сацыяльнаадукацыйнаму супрацоўніцтву Міністэрства адукацыі і МТС быў пакладзены ў 2016 годзе. За гэты час было сумесна арганізаваны і рэалізаваны адразу некалькі сацыяльна значных праектаў па павышэнні лічбавай дасведчаннасці дзяцей, бацькоў і педагогаў.

— Супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і кампаніі МТС — прыклад дзяржаўнапрыватнага партнёрства, падчас якога рэалізуецца шэраг важных ініцыятыў у адукацыі. Так, наш сумесны праект “Дзеці ў інтэрнэце” — гэта значны крок на шляху павышэння інтэрнэт­адукаванасці падрастаючага пакалення. Дзеці і падлеткі сёння часта больш прасунутыя карыстальнікі інфармацыйных тэхналогій, чым іх настаўнікі. У сувязі з гэтым прымаецца шэраг мер па павышэнні інтэрнэт­адукаванасці і педагагічных работнікаў. У рамках праекта “Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетцы” раскрываецца тэма сацыяльнага інжынірынгу, які дапамагае педагогам выпрацаваць аптымальную стратэгію кантакту з вучнямі ў сетцы і садзейнічае падтрыманню станоўчага іміджу педагога ў інтэрнэт­прасторы. Беларуская сістэма адукацыі накіравана на фарміраванне гарманічнай, самадастатковай асобы, здольнай не проста адаптавацца да зменлівых умоў сацыяльнага асяроддзя, але і задаваць тон гэтых змен. Выказваю ўпэўненасць, што будучыя праекты Міністэрства адукацыі і кампаніі МТС будуць спрыяць разумнаму і паслядоўнаму ўкараненню лічбавых тэхналогій у адукацыйны працэс і развіццю нацыянальнай сістэмы адукацыі, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Так, за час рэалізацыі праекта “Дзеці ў інтэрнэце” навучанне бяспечным паводзінам у сетцы прайшлі 8,5 тысячы малодшых школьнікаў ва ўсіх абласцях краіны. У гэтым годзе праект трансфармаваўся ў бясплатную перасовачную выставу, якая адкрыецца восенню ў Мінску і з дапамогай інтэрактыўных элементаў раскажа пра гісторыю інтэрнэту, правілы зносін у сетцы і абарону асабістай інфармацыі. Плануецца, што потым яна працягне работу ў кожным з абласных цэнтраў Беларусі.

Нельга не згадаць Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў сярод старшакласнікаў і студэнтаў ВНУ “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу”, які дазваляе навучэнцам паспрабаваць сябе не толькі ў якасці карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій, але і ў якасці іх непасрэдных стваральнікаў. У 2017 годзе ў конкурсе ўдзельнічала больш за 150 інавацыйных праектаў.

Яшчэ адно добрае пачынанне, якое атрымае працяг у гэтым годзе, — арганізацыя IT-курсаў для школьнікаў у летніх аздараўленчых лагерах. У 2017 годзе такі ITлагер працаваў на базе дзіцячага лагера “На ростанях” у Мінскім раёне, спецыялісты адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій навучылі праграмаванню гульняў на мове Scratch дзяцей ад 9 да 14 гадоў. Усяго за час IT-лагера школьнікі стварылі больш за 300 праектаў.

У працэсе рэалізацыі праекта па фарміраванні адказных паводзін у інтэрнэце саміх педагагічных работнікаў праводзяцца спецыялізаваныя семінары (наведалі каля 800 педагогаў), якія дапамагаюць настаўнікам разабрацца ў дэталях і тонкасцях работы ў сацыяльных сетках, правілах зносін з вучнямі ў інтэрнэце без рызык для ўласнай рэпутацыі.

У рамках новага пагаднення ўсе пералічаныя праекты будуць працягнуты.
Акрамя таго, сумесна з ЮНІСЭФ МТС вывучае лепшыя міжнародныя практыкі ў галіне кібербяспекі. У будучыні атрыманыя даныя стануць асновай для новых мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне бяспекі дзяцей у кіберпрасторы, і будуць садзейнічаць зніжэнню ўзроўню кібербулінгу.

— МТС — кампанія, дружалюбная да дзяцей. А пагадненне аб супрацоўніцтве, якое сёння мы падпісалі з Міністэрствам адукацыі, — чарговае пацвярджэнне прыхільнасці нашым каштоўнасцям і памкненням — укараняючы інавацыі, рабіць іх даступнымі і бяспечнымі, у тым ліку для дзяцей. Дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам адукацыі, мы працягнем работу над праектамі, якія дазволяць дзецям выкарыстоўвац­ь сучасныя тэхналогіі правільна і з карысцю, умацаваць веды школьнікаў у галіне кібербяспекі. Бо толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам быць больш эфектыўнымі і зрабіць сучасны свет бяспечным для дзяцей, — адзначыў генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *