Супрацоўніцтва сям’і і школы — залог поспеху

- 14:40Адукацыйная прастора

Без сумеснай работы сям’і і школы немагчыма выхаваць асобу, якая мае сваю пазіцыю, умее выбіраць прыярытэты, разумее значнасць сваіх учынкаў, знаходзіць сэнс у жыцці. Выхаванне дзіцяці ў школе і выхаванне ў сям’і — гэта адзіны непарыўны працэс, таму так важна наладзіць супрацоўніцтва паміж школай і бацькамі. Усе сем’і вельмі розныя, у кожнай свае праблемы і цяжкасці, таму нельга даць гатовы і адзіна правільны адказ на пытанне, як узаемадзейнічаць з сям’ёй.

Выхаваўчую работу ў класе я пачала са знаёмства з сем’ямі дзяцей (індывідуальныя гутаркі, анкетаванне), вывучэння ўмоў іх жыццядзейнасці (наведванне сем’яў), вызначэння структуры сям’і, яе псіхалагічнага клімату (збор інфармацыі, назіранне за ўзаемаадносінамі бацькоў і дзяцей); наладжвання кантакту з мамамі і татамі (добразычлівая размова, канкрэтныя, дакладныя адказы на пытанні бацькоў). Я стараюся даведацца пра захапленні і здольнасці кожнага члена сям’і, пра сямейныя традыцыі, каб сплаванаваць выхаваўчую работу ў класе, прыцягваючы па магчымасці бацькоўскую грамадскасць. У сваю чаргу стараюся падтрымліваць цесны кантакт з мамамі і татамі, інфармаваць іх пра навіны класа і школы, дзялюся з імі фотасправаздачамі аб мерапрыемствах, якія адбываюцца ва ўстанове.

Каб дапамога бацькоў была дзейснай, ім неабходна даць магчымасць абменьвацца вопытам, абмяркоўваць праблемы, сумесна іх вырашаць. Нам на дапамогу прыйшлі сучасныя тэхналогіі. Разам з бацькамі я стварыла групу ва “УКантакце” і групу ў Viber, дзе абмяркоўваюцца надзённыя праблемы, разглядаюцца спосабы іх вырашэння, прапануюцца ініцыятывы і агучваецца інфармацыя арганізацыйнага плана.

Без дапамогі і падтрымкі бацькоў мне было б складана арганізаваць удзел класа ў дні здароўя, сямейных вячорках, пэўных святах і майстар-класах. Стараюся далу­чаць бацькоў да сумесных мера­прыемстваў, улічваючы інтарэсы і сферу занятасці кожнага.

Так, у час асенніх канікул дзеці і іх бацькі сталі актыўнымі ўдзель­ні­ка­мі конкурсна-забаўляльнай праграмы “Свята асенніх канікул”, праявілі свае акцёрскія здольнасці ў конкурсе “Экспромт-тэатр”, пачаставаліся любімым ласункам усіх дзяцей — шакаладам, які елі ў пальчатках і пры дапамозе відэльца і нажа.

Зімой таты і мамы разам са сваімі дзецьмі прыйшлі на школьную лыжню. Адны асабістым прыкладам паказвалі, наколькі важна весці здаровы лад жыцця і займацца спортам, другія дапамагалі ў правядзенні чаявання “Мы за чаем не сумуем”, трэція падтрымлівалі дзяцей, давалі слушныя наказы і дапамагалі пера­адольваць перашкоды.

23 лютага ў класе прайшоў “Мужчынскі дзень”. Навучэнцы павіншавалі сваіх бацькаў са святам, падарылі музычнае віншаванне і ўручылі паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. У другой палове свята хлопчыкі і таты паўдзельнічалі ў конкурснай праграме, дзе праявілі свае лепшыя мужчынскія якасці. Дзяўчынкі малявалі на паперы татаў, а яны спрабавалі пазнаць свой партрэт. На заканчэнне свята таты Дар’і Бурдун і Мікіты Палуносіка правялі майстар-клас пад назвай “Залатыя рукі”. Д.І.Бурдун азнаёміў дзяўчынак і хлопчыкаў з такім інструментам, як паяльнік, расказаў аб прынцыпе яго работы, растлумачыў, як працуюць святлодыёдныя лямпачкі і чым яны адрозніваюцца ад звычайных. Навучэнцы разам з Дзмітрыем Іосіфавічам вырабілі сувенір-зорку, у якую ўпаялі святлодыёдныя лямпачкі і засілкавалі іх ад батарэек. Тата Мікіты паказаў дзецям прадметы, якімі карыстаюцца страхары ў сваёй рабоце. Хлопчыкі і дзяўчынкі патрымалі ў руках будаўнічы стэплер, шрубавёрт, прымералі ахоўную каску, прымацавалі металапрофіль да імправізаванага даху. Не забылі дзяўчынкі і павіншаваць хлопчыкаў са святам, уручылі ім невялікія сувеніры і выканалі фінальную песню для ўсіх прысутных.

Таты і мамы нашага класа ўдзель­нічаюць у штогадовай бацькоўскай канферэнцыі. Так, сям’я Палуносік прэзентавала вопыт сямейнага выхавання па тэме “Сакрэты бесканфліктнага ўзаемадзеяння паміж дзецьмі і бацькамі” з практычным падмацаваннем фота­здымкамі з сямейнага альбома і асабістымі прыкладамі.

Карысталіся поспехам у дзяцей і дарослых таксама мерапрыемствы, якія праводзяцца да Дня маці і 8 Сакавіка. Мамы актыўна ­ўдзельнічалі ў конкурснай праграме: разам з дзецьмі складалі вясенняе меню на адну літару; успаміналі назвы кветак, адгадваючы ­загадкі настаўніка; складалі ­дэфармаваныя прыказкі пра вясну. Хлопчыкі, у сваю чаргу, запрасілі ўсіх жадаючых у “Салон прыгажосці”, дзе зрабілі вясен­нія прычоскі дзяўчынкам. ­Бацькі ўнеслі свой уклад у арганізацыю свята, падрыхтавалі пачастункі для дзяцей.

Я ўпэўнена, што сумесная дзейнасць настаўніка, дзяцей і бацькоў будзе паспяховай толькі ў тым выпадку, калі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу будуць станоўча настроены на такую работу, пастараюцца працаваць супольна, разам строячы планы і падводзячы вынікі. У сваёй рабоце стараюся не навязваць усім аднолькавыя формы ўзаемадзеяння, а арыентуюся на патрэбы, запыты бацькоў, асаблівасці сямейнага выхавання, спрабую далучаць усіх мам і татаў да спраў школы, класа.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю як групавыя, так і індывідуальныя формы работы з сям’ёй: гутаркі, тэматычныя кансультацыі. Супрацоўнічаючы з мамамі і татамі, раблю ўсё магчымае, каб стварыць добрыя ўмовы для забеспячэння ўзаемаразумення ў фарміраванні здаровай асобы навучэнца, яго каштоўнасных арыентацый, у раскрыцці індывідуальнасці і творчага патэнцыялу кожнага дзіцяці. Стараюся захаваць самыя яркія моманты з жыцця дзяцей у класе і азнаёміць з імі бацькоў. Бацькі маюць патрэбу не толькі ў інфармаванні з боку школы, яны павінны адчуваць, што патрэбны школе і што яна працуе з імі пастаянна і сістэмна. Гэта павінен быць не проста пералік мерапрыемстваў па рабоце з сям’ёй, а комплекснае і планамернае ўзаемадзеянне з ёй.

Як настаўніку і класнаму кіраўніку мне вельмі пашанцавала, таму што ў нашым класе ёсць бацькі, якія цалкам прысвячаюць сябе выхаванню дзяцей, гатовы падключацца да любых грамадскіх спраў класнага калектыву.

Таццяна ВАЛЯК,
класны кіраўнік 3“Б” класа сярэдняй школы № 1 Дзятлава.