Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 15 лютага ў ходзе паездкі кіраўніка беларускай дзяржавы ў Расію наведалі адукацыйны цэнтр “Сірыус” у Сочы.
“Сёння мы ўжо гатовы адкрыць тэхнапарк па прыкладзе “Сірыуса”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. — Вопыт “Сірыуса” для нас вельмі важны па адборы і, зразумела, па праграмах, навучанні, пражыванні маладых людзей. Расія прайшла вельмі цікавы і важны для нас шлях, якім мы скарыстаемся. Мы павінны скапіраваць усё, што тут лепшае”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў “Сірыусе” вучацца ў тым ліку беларускія грамадзяне, іх вопыт таксама трэба выкарыстоўваць для развіцця такога тэхнапарка ў Беларусі. “І, вядома, ён не павінен быць закрыты для расіян”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб таленавітыя маладыя людзі не ад’язджалі за мяжу, а заставаліся ў сябе на радзіме.
Ён у цэлым адзначыў, што ў беларуска-расійскіх адносінах часта на першы план выходзяць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а гуманітарная сфера застаецца крыху ўбаку. “Але гэта не значыць, што ў нас няма цесных адносін у гэтай сферы”, — заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы і расіяне актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі дзвюх краін, ці то культурныя, ці то спартыўныя або іншыя.
У час наведвання адукацыйнага цэнтра “Сірыус” кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з апошнімі дасягненнямі і магчымасцямі ў яго рабоце, наведалі вучэбныя аўдыторыі, агледзелі экспазіцыю творчых работ, паразмаўлялі з выхаванцамі цэнтра, сярод якіх ёсць грамадзяне Беларусі. Гэта, у прыватнасці, Ілья Пчалінцаў з МДУ і Андрэй Чавусаў з Універсітэта ІТМО, якія прынялі ўдзел у першым спецыялізаваным практыкуме-акселератары, арганізаваным “Яндэксам” і “Сірыусам” для студэнтаў. Яны і іншыя студэнты расказалі прэзідэнтам аб сваіх праектах і падзяліліся ўражаннямі ад навучання.
На сустрэчы прэзідэнтаў па гуманітарных пытаннях у адукацыйным цэнтры “Сірыус” прысутнічалі галіновыя міністры з двух бакоў, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў зацікаўленасць у падтрымцы Расіі для развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту.
Аляксандр Лукашэнка агучыў адпаведную просьбу на прыкладзе фігурнага катання, адзначыўшы, што ўсе базы і асноўныя школы ў час СССР былі менавіта на тэрыторыі Расіі. Цяпер яны не толькі атрымалі далейшае развіццё, але і перасягнулі ранейшы ўзровень. “У Расіі лішак калі не трэнераў, то спартсменаў сапраўды”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што многія таленавітыя спартсмены, якія ў Расіі на нацыянальным узроўні займаюць месцы па-за прызавой тройкай, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. “Паколькі ў нас вакансій у Беларусі дастаткова, маглі б гэтыя хлопцы і дзяўчаты выступаць і за Беларусь, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы просім, каб спектр расіян быў пабольш тут. Няхай выступяць за Беларусь. Ну а калі яны падрыхтуюцца, то няхай і паканкурыруюць з расійскімі вядучымі зоркамі”.
“Тое ж самае і наконт трэнераў, асабліва наконт спецыялістаў. Мы прадастаўляем дастаткова лёду, калі гаварыць пра фігурнае катанне, — дадаў беларускі лідар. — Нядрэнна было б, калі б расіяне падзяліліся талентамі, каб узняць гэты спорт на адпаведны ўзровень”.
Беларусь таксама зацікаўлена ў падтрымцы расійскага боку ў развіцці фехтавання.
“Што тычыцца іншых напрамкаў — мастацтва, навукі і іншага — там яны (беларусы і расіяне. — Заўв.БелТА.) пратапталі адно аднаму дарогу”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым ён падкрэсліў, што на вышэйшым узроўні было вырашана ўдзяліць увагу пытанням супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, таму сустрэча праходзіла з удзелам галіновых міністраў, якія курыруюць спорт, адукацыю і культуру. “Значна больш робіцца ў рамках нашых адносін, Саюзнай дзяржавы, чым я як прэзідэнт гэта сабе ўяўляў. Гэта радуе, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы ўражаннямі ад праведзенага абмеркавання. — Калі слухаеш міністраў, вельмі прыемна, што яны размаўляюць на адной мове. Я не маю на ўвазе рускую мову (гэта таксама важна). Яны разумеюць адно аднаго”.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бакі на розных узроўнях выбудавалі добрую сістэму для развіцця адносін. Складнікі гэтай сістэмы не толькі сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, але і цесныя кантакты міністэрстваў у розных сферах. “На рэгіянальным узроўні праводзіцца Форум рэгіёнаў, і эфект каласальны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Расіі таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якая з’яўляецца фундаментам і асновай развіцця любога грамадства. “Усё, што робіцца ў гэтай сферы, накіравана на чалавека. Гэта ўмацаванне чалавечага патэнцыялу. Без гэтага немагчыма вырашаць ніякія іншыя задачы, таму сённяшняя сустрэча мае вельмі важнае значэнне”, — сказаў ён. Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці сумесныя калегіі беларускіх і расійскіх ведамстваў, якія курыруюць гуманітарныя сферы супрацоўніцтва, і вызначыць планы сумеснай работы на найбліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву.
Адукацыйны цэнтр “Сірыус” у Сочы заснаваны ў снежні 2014 года і размясціўся на базе алімпійскай інфраструктуры. Мэтавае прызначэнне цэнтра — ранняе выяўленне, развіццё і далейшая прафесійная падтрымка адораных дзяцей, якія праявілі выдатныя здольнасці ў галіне мастацтва, спорту, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, а таксама дабіліся поспеху ў тэхнічнай творчасці.
Школьнікі і педагогі Беларусі не раз прымалі ўдзел у адукацыйных праграмах цэнтра “Сірыус” і ў праграмах павышэння кваліфікацыі.
Што тычыцца гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, яно характарызуецца разнастайнасцю напрамкаў узаемадзеяння і значнай колькасцю маштабных мерапрыемстваў. Асноватворным дакументам у гэтай сферы з’яўляецца міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і навукі ад 21 лютага 1995 года.
Умацоўваецца супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Існуючая нарматыўная прававая база ў цэлым дае магчымасць забяспечваць роўныя магчымасці для насельніцтва Беларусі і Расіі ў атрыманні адукацыі, у тым ліку ў частцы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы дзвюх дзяржаў. Сёння каля 11 тысяч грамадзян Беларусі вучацца ў расійскіх ВНУ, і больш як 1,5 тысячы расіян — у Беларусі. Рэалізуецца шэраг праектаў у галіне арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Развіваецца супрацоўніцтва паміж навукова-даследчымі арганізацыямі. З 2000 года рэалізавана 57 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы новых тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Практычна ўсімі саюзнымі праграмамі прадугледжана атрыманне не толькі эканамічнай выгады, але і другаснага эфекту, які заключаецца ў стварэнні і тыражаванні высокатэхналагічных матэрыялаў, абсталявання і вытворчасцей.
У сферы культуры рэалізуецца праграма супрацоўніцтва паміж галіновымі міністэрствамі на 2018—2021 гады. Больш за 70 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі маюць пагадненні аб двухбаковым супрацоўніцтве ў сферы культуры з усімі абласцямі Беларусі. Сярод значных сумесных культурных акцый — Дні культуры, міжнародныя фестывалі мастацтваў, тэатральныя і кінафестывалі, экспанаванне буйных мастацкіх выстаў.
У сацыяльнай сферы забяспечаны роўныя правы беларускіх і расійскіх грамадзян на працаўладкаванне і аплату працы, ахову і ўмовы працы, рэжым рабочага часу і час адпачынку, прызнанне працоўнага стажу і асноўнага стажу работы па спецыяльнасці. Урэгуляваны шырокі спектр пытанняў пенсіённага і сацыяльнага забеспячэння.
У сферы аховы здароўя вырашаны пытанні ўстанаўлення роўных правоў грамадзян на аказанне медыцынскай дапамогі ў аздараўленчых установах, забеспячэння бясплатнага лячэння ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя Беларусі і Расіі.
У рамках развіцця супрацоўніцтва ў галіне спорту з 2003 года праводзіцца спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва. Агульная колькасць удзельнікаў штогод складае да 1,5 тысячы чалавек.