Супрацоўніцтва з краінамі БРІКС — перспектыўны напрамак развіцця саюза

- 16:09Інфармацыйная гадзіна

Еўразійскі эканамічны саюз адкрыты для пашырэння прамысловай кааперацыі з краінамі БРІКС (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР). Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі ў Маскве на сустрэчы міністраў прамысловасці БРІКС, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

У аснову прамысловага супрацоўніцтва двух блокаў можа легчы вопыт выбудоўвання прамысловай палітыкі ў ЕАЭС і распрацоўкі шэрага важных стратэгічных дакументаў. У асноўных напрамках прамысловага супрацоўніцтва ў ЕАЭС сістэмна сфармуляваны падыходы, мэты, задачы, механізмы і інструменты прамысловага ўзаемадзеяння краін ЕАЭС у прамысловасці.
Сяргей Сідорскі лічыць, што актывізацыі прамысловага супрацоўніцтва ЕАЭС з краінамі БРІКС таксама могуць садзейнічаць сумесныя інфраструктурныя праекты пад эгідай створанага ў ліпені 2015 года Новага банка развіцця БРІКС, а таксама Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый ва ўзаемадзеянні з Еўразійскім банкам развіцця.
Адносна развіцця ўзаемадзеяння ЕАЭС і БРІКС у сферы аграпрамысловага комплексу міністр ЕЭК адзначыў, што з улікам патэнцыялу краін БРІКС (больш як 40 працэнтаў сусветнага насельніцтва, каля 3 млрд чалавек) можа быць выкарыстаны вопыт саюза па правядзенні ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі. Сумесная дзейнасць краін ЕАЭС у сферы АПК накіравана на паглыбленне спецыялізацыі, стварэнне ўмоў для развіцця рыначнай ініцыятывы, поўную ліквідацыю бар’ераў пры перамяшчэнні тавараў.
Міністр падкрэсліў важнасць далейшага развіцця супрацоўніцтва ЕАЭС з аб’яднаннем БРІКС, у прыватнасці, у сферы эканамічнай інтэграцыі. Паводле яго слоў, тавараабарот паміж краінамі ЕАЭС і БРІКС дынамічна развіваецца: за 2014 год ён склаў каля $130 млрд. У ЕАЭС ідзе актыўнае фарміраванне сістэмы прэферэнцыйных гандлёвых і эканамічных пагадненняў з замежнымі краінамі і аб’яднаннямі. У прыватнасці, раней з В’етнамам было заключана пагадненне аб зоне свабоднага гандлю. У 2014 годзе падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІ ДА). Чакаецца, што да канца бягучага года бакі значна пашыраць сваё ўзаемадзеянне пры дапамозе заключэння поўнафарматнага пагаднення аб супрацоўніцтве.
Сяргей Сідорскі таксама адзначыў, што цяпер вядзецца планамерная работа па падрыхтоўцы тэксту пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР. “З пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы супрацоўніцтва саюза і КНР ключавым напрамкам з’яўляецца галіновая работа па вызначэнні прыярытэтных праектаў і сфер узаемадзеяння ў рамках спалучэння Еўразійскага эканамічнага саюза і эканамічнага пояса Шаўковага шляху”, — сказаў Сяргей Сідорскі. На яго думку, новы імпульс развіцця супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і Кітаем могуць атрымаць такія напрамкі, як удасканаленне механізмаў эфектыўнай узаемавыгаднай кааперацыі, уключаючы вытворчую і навукова-тэхнічную сферы; прыцягненне інвестыцый у мадэрнізацыю і інавацыйнае развіццё прамысловых комплексаў дзяржаў — членаў ЕАЭС; павелічэнне ўзаемнага тавараабароту прамысловай прадукцыі.
Сяргей Сідорскі выказаў упэўненасць, што ЕАЭС і Кітай змогуць дасягнуць значных вынікаў у развіцці інтэграцыйных працэсаў, якія будуць садзейнічаць прамысловаму росту і росквіту эканомік.
Сустрэча адбылася на палях саміту міністраў прамысловасці краін БРІКС. “Яна ўпершыню праводзілася ў такім фармаце і мае вялікае значэнне ў кантэксце рэалізацыі адпаведнага рашэння аб развіцці супрацоўніцтва паміж КНР і ЕАЭС, прынятага кіраўнікамі дзяржаў саюза 8 мая 2015 года”, — адзначылі ў ЕЭК.