Суправаджаем дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі

- 13:00Навіны рэгіёнаў

З 2018 года педагогі Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР займаюцца выхаваўчым суправаджэннем дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра.

У спецыяльным класе навучаюцца трое дзяцей: шасцікласнік, васьмікласнік і дзевяцікласнік. Дыягназ адзін, але яны розныя ў сваім развіцці. У дзяцей назіраюцца расстройствы працэсаў камунікацыі, неадэкватныя ці стэрэатыпныя паводзіны, цяжкасці пры фарміраванні эмацыянальнага кантакту з іншымі людзьмі, сацыяльная дэзадаптацыя, розныя страхі і супраціўленне зменам у навакольнай абстаноўцы, боязь цялеснага і зрокавага кантакту, адсутнасць маўлення.

Працуючы ў свой час педагогам-псіхолагам, суправаджала такіх дзяцей пры пераходзе з дашкольнай групы ў пачатковую школу. У карэкцыйнай рабоце пастаянна шукала эфектыўныя метады і спосабы карэкцыі афектыўных рэакцый з боку дзяцей, устанаўлення з імі камфортнага кантакту, уключэння ў зносіны з педагогамі.

Работа выхавальніка па суправаджэнні дзяцей з РАС мае сваю спецыфіку. Давялося ўважліва вывучыць анамнез, гісторыю развіцця дзяцей, іх характарыстыкі, заключэнні псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, пракансультавацца з педагогамі для ўдакладнення клінічных і псіхолага-педагагічных асаблівасцей дзяцей, іх статусу, а таксама азнаёміцца з профільнай нарматыўнай базай.

Далейшы вопыт паказаў, што работа выхавальніка па суправаджэнні дзяцей з РАС нагадвае работу асістэнта, задача якога — ствараць і падтрымліваць спакойную, стабільную і бяспечную абстаноўку вакол асаблівых дзяцей на працягу першай паловы дня, дапамагаць ім падчас адукацыйнага працэсу, суправаджаць у розных бытавых сітуацыях і рэжымных момантах. 

Для стварэння і падтрымання спакойнай, стабільнай і бяспечнай абстаноўкі вакол дзяцей не варта парушаць парадак звыклых дзеянняў у самым пачатку дня, у прыватнасці пры іх уваходзе ў клас. Улічваючы тое, што аўтыстам вельмі не падабаецца, калі рэчы ляжаць не на сваіх месцах, дазваляю выканаць “рытуал” іх вяртання на свае месцы. Назіраю за стэрэатыпнымі дзеяннямі, не прыспешваю, сачу за бяспекай гэтых дзеянняў і адсутнасцю шкоды для іншых дзяцей і маёмасці класа. З празмернай стараннасцю не змагаюся, імкнуся скіраваць яе ў прадукцыйнае рэчышча. Калі заўважаю, што перад вучэбным працэсам дзяцей заспакойвае пэўная гульня, дазваляю пагуляць у яе. Гэта могуць быць пазлы, гульні з укладышамі і інш.

Фізічнае суправаджэнне дзяцей у бытавых сітуацыях і рэжымных момантах (умыванне, туалет, снеданне) прадугледжвае пастаяннае ўтрыманне выхаванцаў у полі зроку. Пры неабходнасці паказваю дзеянні, выконваем іх разам, папярэджваю магчымыя казусы (аблізванне і драпанне мыла, максімальнае адкрыццё крана і інш.). Штораз прагаворваю з дзецьмі прызначэнне паказаных прадметаў і парадак дзеянняў з імі. Падчас прыёму ежы таксама знаходжуся побач, назіраю за выкананнем правіл культуры за сталом, папярэджваю ўскокванні і хістанні, расказваю пра карысць прадуктаў і культуру харчавання. 

Перад пачаткам заняткаў разам з дзецьмі вывучаю расклад з выкарыстаннем піктаграмы, прагаворваю, якія ўрокі запланаваны на сённяшні дзень. Гэта заспакойвае і настройвае дзяцей на рабочы лад. 

У канцы кожнага ўрока разам з выхаванцамі прыбіраю іх карткі, падлічваю, колькі заняткаў засталося. І так штодзень. 

Пры суправаджэнні аўтыстаў на франтальных уроках заўсёды памятаю, што сярод дзяцей з РАС няма аднолькавых. Ведаючы, што цікавіць і захапляе кожнага (складваць пазлы, маляваць, слухаць музыку), разам з настаўнікам вызначаю спосабы карэкцыі на ўроку ці ўвогуле не далучаю кагосьці да пэўных урочных момантаў. Так, калі бачым, што камусьці не прыемны гучныя гукі на музычных занятках, абыходзімся на пэўны час без іх. Калі кагосьці празмерна ўзбуджаюць ці палохаюць эстафеты і шумныя гульні на ўроках адаптыўнай фізкультуры, дазваляем на час “пакінуць” заняткі. Заахвочваем выхаванцаў да рухальнай актыўнасці, якая дазваляе спазнаць сваё цела з дапамогай фізічных практыкаванняў, прыемных дзецям.

Падчас работы непазбежныя нечаканыя рэакцыі: істэрыкі, кіданні прадметаў, ускокванні, крыкі. Часцей за ўсё яны некантралюемыя, таму мы спакойна адносімся да іх: ігнаруем, чакаем, калі дзіця супакоіцца. Бывае, што яму трэба зрабіць кропкавы масаж галавы ці моцна сціснуць у абдымках, каб зняць стрэс і супакоіць. 

Здараюцца выпадкі, калі дзіця становіцца асабліва раздражнёным ці, наадварот, хоча пабыць у адзіноце, паглыбіцца ва ўнутраны свет, каб набрацца сіл. У такіх сітуацыях мы ідзём з ім у іншы пакой, дзе можна адпачыць, паляжаць, супакоіцца. Такія пакоі (рэлаксацыйныя, сенсорныя, гульнявыя) павінны быць абавязкова. 

Тлумачу ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу, што да аўтыстаў варта звяртацца кароткімі і простымі фразамі, глядзець прама на іх, часам узяўшы за падбародак, каб устанавіць зрокавы кантакт. Пры зносінах голас не павінен быць манатонным. Пры звароце трэба вылучыць галоўнае слова, паказаць пачуцці на твары (радасць, засмучэнне). 

Вопыт паказвае, што аўтысты не могуць навучацца ў групавым фармаце і ўспрымаюць інфармацыю пераважна індывідуальна. Дзеці могуць хаатычна бегаць па класе, нікога не заўважаючы, уставаць і хадзіць на ўроках. Тым не менш назіраецца станоўчая дынаміка ў арганізаванасці выхаванцаў, сацыялізацыя і навучанне якіх займаюць працяглы час. Каб работа была больш эфектыўнай, неабходны сумесныя намаганні педагогаў, бацькоў і іншых спецыялістаў.

Алена КУБІЦЕЛЬ,
выхавальніца Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.