Суправаджэнне ў сучасным фармаце

- 15:28Сацыяльны ракурс

Час патрабуе прымянення на практыцы не толькі традыцыйных, але і інавацыйных метадаў, форм і тэхналогій сацыяльнай работы. Гэта, напрыклад, анлайн-кансультаванне, e-mail-рассылка, воблачнае сховішча, інтэрактыўнае кіраўніцтва, электронная кніга, віртуальны стэнд. Гэтымі тэрмінамі сёння ўжо практычна нікога не здзівіш.

З бягучага года ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Мастоўскага раёна рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сацыяльна-педагагічнай падтрымкі прыёмных бацькоў (бацькоў-выхавальнікаў) на аснове выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

У нашым раёне жывуць15 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 25 прыёмных дзяцей, і 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу з 13 дзецьмі. Адны замяшчальныя сем’і жывуць у горадзе, іншыя — у сельскіх населеных пунктах. Сабраць іх разам — задача няпростая. І тут на дапамогу прыходзяць інфармацыйныя тэхналогіі. Яны дазваляюць вырашаць прафесійныя задачы, абменьвацца вопытам і павышаць свой прафесійны ўзровень, знаходзячыся на любой адлегласці адно ад аднаго.

На сайце сваёй установы мы правялі анлайн-апытанне “Якая форма атрымання інфармацыі найбольш зручная для вас?”. Адказы былі практычна аднадушныя: праз інтэрнэт-тэхналогіі. Гэта і стала зыходнай кропкай для далейшай работы па далучэнні цэнтра да інавацыйнай дзейнасці. І ў бягучым навучальным годзе СПЦ быў уключаны ў пералік устаноў адукацыі, на базе якіх будзе ажыццяўляцца інавацыйная дзейнасць.

За перыяд рэалізацыі праекта створаны відэатэка замяшчальных сем’яў, электронная картатэка практыкаванняў, трэнінгаў, анкет, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе сацыяльна-педагагічнай падтрымкі прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, электронная медыятэка па пытаннях іх сацыяльна-педагагічнай дапамогі і псіхалагічнай падтрымкі. Праведзена раённая рэкламная кампанія па падборы кандыдатаў у замяшчальныя бацькі, якая ўключала ў сябе распрацоўку і размяшчэнне электроннага банера “Дзеці ў дом прыходзяць па-рознаму” па пошуку кандыдатаў на пасаду бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу на сайтах СПЦ і ўстаноў адукацыі раёна, анкетаванне бацькоў з мэтай вывучэння іх ведаў пра замяшчальныя сем’і і вакансіі замяшчальных бацькоў, а таксама гатоўнасці прыняць на выхаванне дзяцей сірочай катэгорыі.

Арганізавана гарачая лінія, дзе можна атрымаць анлайн-кансультацыю аб формах сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, іншыя акцыі. Цікавым было правядзенае напярэдадні 8 Сакавіка на сайце СПЦ раённага анлайн-фотаконкурсу замяшчальных сем’яў “Самы арыгінальны сямейны фотаздымак”.

На афіцыйным сайце сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мастоўскага раёна арганізавана работа кансультацыйнага пункта “IT — сучаснасць” па тэме “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дзейнасці спецыялістаў СППС і прыёмных бацькоў”. Анлайн-кансультаванне адбываецца з дапамогай інструментаў сеткавых зносін — электроннай пошты, Skype. Створана табліца рэгістрацыі на кансультацыю на Google-дыску.

Адкрыты доступ прыёмным бацькам (бацькам-выхавальнікам) і педагогам для сумеснага рэдагавання табліцы. На пошту замяшчальных бацькоў або педагогаў, якія ажыццяўляюць суправаджэнне замяшчальных сем’яў, прыходзіць запрашэнне зарэгістравацца на кансультацыю. Запоўніўшы графы табліцы, замяшчальныя бацькі ўказваюць зручную для кансультацыі дату і спосаб атрымання кансультацыі (электронная пошта, Skype). Узгадніўшы дату і час з графікам работы, спецыяліст адпраўляе на пошту замяшчальным бацькам апавяшчэнне аб дакладным часе кансультавання.

Падрыхтоўка да правядзення псіхолага-педагагічных кансіліумаў па рэалізацыі планаў развіцця прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ажыццяўляецца праз выкарыстанне электронных табліц і воблачных тэхналогій. Воблачнае сховішча дазваляе захоўваць неабходныя матэрыялы ў электронным варыянце, адкрывае магчымасць сумеснага рэдагавання, стварэння агульных прэзентацый, табліц, дакументаў. Доступ да файлаў можна атрымаць з любога месца, дзе ёсць інтэрнэт і магчымасць зайсці на сайт сэрвісу.

Для большай актыўнасці прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, развіцця творчага мыслення распрацавана і размешчана на сайце інтэрактыўная інструкцыя па стварэнні “Кнігі жыцця”. На сайце ўстановы адукацыі таксама створаны віртуальны стэнд “Падары шчаслівае дзяцінства!”. Гэта набор інтэрактыўных стыкераў са спасылкамі на вэб-старонкі з інфармацыяй аб формах сямейнага жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. На стэндзе размешчаны інтэрактыўныя карцінкі з пераходамі на відэатэку, медыятэку, публікацыі аб замяшчальных сем’ях у сродках масавай інфармацыі, іншы матэрыял. Наяўнасць зразумелай сістэмы навігацыі забяспечвае актуальнасць, мабільнасць, даступнасць, кампактнасць і структураванне інфармацыйнага матэрыялу.

Адным з напрамкаў работы з замяшчальнымі бацькамі стала стварэнне і развіццё груп самападтрымкі ў рамках работы метадычнага аб’яднання прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў (настаўніцтва). Вопыт паказвае, што групавыя формы работы даюць станоўчы вынік, бацькі лягчэй засвойваюць практычныя ўменні і навыкі, могуць дзяліцца сваімі праблемамі, разам знаходзіць спосабы іх вырашэння.

Дзякуючы такой арганізацыі працы, мы ўжо дасягнулі, на наш погляд, пэўных поспехаў. Нашы прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі з гатоўнасцю прымаюць на выхаванне ў сем’і дзяцей ранняга ўзросту, дапамагаюць нам, педагогам.

Галіна МАЛЮК,
загадчык аддзялення;
Наталля СЕМЯНОВІЧ,
сацыяльны педагог СПЦ Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота з архіва СПЦ.