Сур’ёзная пляцоўка для ініцыятыўнай моладзі

- 15:01Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі пачаў дзейнічаць рэсурсны цэнтр маладзёжных ініцыятыў “Ступені”, галоўнай задачай якога будзе падтрымка ініцыятыў падрастаючага пакалення і далучэнне моладзі да ўдзелу ў вырашэнні пытанняў на мясцовым узроўні.

Цэнтр адкрыты ў рамках супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

З 2008 года 25 гарадоў у Беларусі бяруць удзел у ініцыятыве “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”, сутнасць якой — паляпшаць жыццё сваіх дзяцей, прызнаючы і рэалізуючы іх правы.

— Унікальная сістэма маніторынгу, распрацаваная ЮНІСЕФ, дазваляе сачыць за становішчам дзяцей у горадзе і распрацаваць план дзеянняў па паляпшэнні жыцця дзіцяці, — тлумачыць загадчык аддзела па працы з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі, аб’яднаннямі абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Александронец. — Важнай часткай гэтай ідэі з’яўляецца актыўны ўдзел дзяцей і падлеткаў у распрацоўцы ініцыятыў для моладзі і прыняцці рашэнняў, якія тычацца іх жыцця і развіцця.

На афіцыйным адкрыцці рэсурснага цэнтра сабраліся прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын.

Статус горада, дружалюбнага да дзяцей і падлеткаў, Гомель атрымаў у мінулым годзе, і вось сёння рэгіён ужо ўключыўся ў важны працэс. Рэсурсны цэнтр стане месцам падтрымкі і ўвасаблення ў жыццё падлеткавых і маладзёжных ідэй, пляцоўкай для эфектыўнай камунікацыі маладога пакалення. Як адзначыў Рашэд Мустафа Сарвар, на гэтай тэрыторыі маладыя людзі павінны адчуваць сябе гаспадарамі, тут яны могуць сабрацца з сябрамі ў любы час, каб абмеркаваць новыя ідэі або праекты. Акрамя таго, рэсурсны цэнтр дасць юнакам і дзяўчатам магчымасць атрымліваць парады і кансультацыі экспертаў міжнароднага ўзроўню.

— Калі чалавек здольны ўзяць усё ў свае рукі, адчуць адказнасць, то гэта ўжо палова поспеху, — сказаў на адкрыцці цэнтра пасол Польшчы Артур Міхальскі. — Мы хочам, каб самы галоўны капітал, што ёсць у кожнага маладога чалавека, — час, якім яны валодаюць, быў нацэлены на іх лепшую будучыню.

Пасол таксама адзначыў, што ў гэтай справе няма гатовых рэцэптаў, усё паступова будзе выпрацоўвацца непасрэдна тут, у цэнтры. А мы, дарослыя, павінны рабіць усё для дзяцей і іх развіцця.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Парошын падкрэсліў, што з моладдзю рэгіёна ўжо апрабавалі магчымасці цэнтра. “Гэта сучасны адрас сучасных людзей з сучаснымі думкамі”, — так коратка, але ёміста ахарактарызаваў ён новую пляцоўку. Варта адзначыць, што Сяргей Іванавіч заўсёды з задавальненнем падтрымлівае моладзь, сустракаецца з актыўнымі хлопцамі і дзяўчатамі рэгіёна, каб выслухаць іх ідэі, прапановы і заўвагі, проста пагутарыць на хвалюючыя маладое пакаленне тэмы. Насамрэч, іншы раз здзіўляе, як ён, нягледзячы на сваю занятасць, стараецца па магчымасці прысутнічаць на маштабных маладзёжных і дзіцячых мерапрыемствах.

Наогул, калі маладыя людзі адчуваюць увагу і падтрымку мясцовых улад, яны становяцца больш дзейснымі і актыўнымі, бо разумеюць, што іх гатовы выслухаць і падтрымаць. Аб гэтым ішла гаворка падчас круглага стала “Падлеткавы і маладзёжны ўдзел у працэсах прыняцця рашэнняў для эфектыўнага мясцовага кіравання”, які адбыўся ў дзень адкрыцця “Ступеней”. У пасяджэнні прыняў удзел і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Разам з ім прадстаўнікі падлеткавых парламентаў гарадоў, якія далучыліся да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”, каардынатары рэсурсных цэнтраў маладзёжных ініцыятыў, іншыя прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў абмяркоўвалі, што неабходна для таго, каб удзел моладзі на рэгіянальным узроўні стаў больш эфектыўным і бачным.

“Ступені” — гэта рэальнае пашырэнне магчымасцей юнакоў і дзяўчат, якія хочуць актыўна ўдзельнічаць у стварэнні моцнага рэгіёна і дзяржавы ўвогуле. Рэсурсны цэнтр стане месцам канцэнтрацыі ініцыятыў, дзе плануецца разглядаць усе пытанні, якія закранаюць інтарэсы моладзі, — ад развіцця інфраструктуры горада да паправак і дапаўненняў у заканадаўства. Гэта могуць быць творчыя, эканамічныя, спартыўныя і сацыяльна значныя праекты, а ініцыятары ідэй самі будуць уцягнуты ў іх рэалізацыю. Дарэчы, усяго ў Беларусі плануецца адкрыць 7 рэсурсных Цэнтраў маладзёжных ініцыятыў “Ступені”.

Наталля ЛУТЧАНКА.