SurdoAdapter і тры ФПМІшнікі

Студэнты-трэцякурснікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распрацавалі дадатак для навучання слухачоў аўташкол з парушэннямі слыху SurdoAdapter. Падобных праектаў у краіне няма.

Будучы дадатак-памочнік дазволіць мэтавай аўдыторыі хутка і без перашкод рэагаваць на заўвагі інструктара, а таксама мінімізуе пагрозы ДТЗ. Так, інструктар запіша пэўныя каманды, якія ператворацца ў анімацыю. А графічны персанаж (ён з’явіцца з часам замест пілотных версій відэа) пакажа іх на мове жэстаў. Сёння слоўнік SurdoAdapter налічвае каля 50 слоў і каманд, якія мо­гуць прымяняцца ў працэсе навучання (налева, направа, газ, тормаз, счапленне і інш). Каштоўнасць дадатку яшчэ і ў тым, што ён будзе працаваць і ў афлайн-рэжыме, без выкарыстання інтэрнэту.

Над ідэяй працуе невялікая каманда з трох чалавек. Сяргей Дарашэвіч у вольны ад вучобы час распрацоўвае мадэлі аўтамабіляў, танкаў і будаўнічай тэхнікі. Студэнт прызнаецца, што большасць ідэй жыве толькі ў галаве, паколькі на іх ажыццяўленне неабходна шмат дэталей, якія няпроста дастаць за кароткі тэрмін. Сябры хлопца жартуюць, што Сяргей — “адзі­ны чалавек, які думае пра курсавую работу з пачатку семестра і мае імкненне да стварэння новага”. Сам сябе ён характарызуе як лянівага разумніка, сяржанта канапавых войск. У праекце хлопец адказвае за анімацыю жэстаў. Гэтая частка пакуль што існуе толькі ў фармаце відэа, але ў планах маладых распрацоўшчыкаў — сканструяваць 3D-мадэль чалавека, які будзе паказваць жэсты замест рэальнага чалавека на відэа.

Стрыманы Уладзімір Ульяніцкі амаль не мае вольнага часу, бо сумяшчае працу і вучобу. У рабоце над дадаткам яго прафесійнае поле — распазнаванне маўлення і перавод яго ў тэкставы фармат.

Хлапечую кампанію ўдала дапаўняе Марыя Пестрак — “ідэал своечасова выкананай дамашкі” і творчая асоба. За ёй — распрацоўка карыстальніцкага інтэрфейсу кліенцкага дадатку для смартфонаў з аперацыйнай сістэмай Аndroid. Дзяўчыну можна з упэўненасцю назваць яшчэ і хроснай маці дадатку, бо менавіта яна стала ініцыятарам яго ажыццяўлення. А ідэю будучага SurdoAdapter студэнтка пачула ад знаёмай з аўташколы, дзе вучацца людзі з парушэннямі слыху. Разважаючы над цяжкасцямі, з якімі сутыкаюцца асаблівыя вучні, дзяўчаты прыдумалі, як можна ім дапамагчы.

Маладыя распрацоўшчыкі гавораць, што знаходзяцца ў пачатку свайго шляху. Наперадзе іх чакае тэсціраванне прадукту. Таксама неабходна дапрацаваць анімацыю жэстаў, упэўніцца ў карэктным перакладзе слоў, падумаць над дызайнам.

— Праект карысны не толькі для слухачоў аўташкол з асаблівасцямі слыху, але і для нас саміх. Ён прынёс разуменне таго, з якімі цяжкасцямі могуць сутыкацца асаблівыя людзі, што знаходзяцца побач, дапамог стаць крыху больш уважлівымі да навакольных. Дзякуючы яму, стала відавочна, што мы закранулі праблемнае поле, над якім патрэбна працаваць, — адзначылі вынаходнікі. — Таму лепшая будучыня для дадатку — яго ідэальная праца.

Ірына ІВАШКА.