Сур’ёзны і адказны крок

Праект новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі стаў тэмай прынцыповай дыскусіі на пасяджэнні Савета кіраўнікоў устаноў ССА Віцебскай вобласці, якое адбылося на базе Аршанскага каледжа — філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнай адукацыі Аляксандр Мацюшонак і кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Віта Смарцава, а таксама начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аляксандра Пятрова і начальнік аддзела кадраў Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Ігар Крукоўскі. Акрамя абмеркавання праекта новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, парадак дня ўключаў разгляд змяненняў у кваліфікацыйнай структуры прафесійнай адукацыі, пытанняў арганізацыі работы ўстаноў ССА ў 2017 годзе і вытворчай практыкі навучэнцаў, размеркавання выпускнікоў на прыкладзе Аршанскага каледжа.


— Скажу шчыра, там ёсць пра што дыскутаваць, — выказаў сваё меркаванне Ігар Марзалюк. — Прапануецца шмат вельмі добрых, разумных, цікавых падыходаў, але разам з тым мае месца пэўная непаслядоўнасць і недапрацаванасць цэлага шэрага сюжэтаў. Напрыклад, калі мы гаворым пра агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору і далучэнне да яе Беларусі. Патрабуецца больш дакладная расшыфроўка фармулёвак. У сістэмах адукацыі розных краін значна адрозніваецца паняцце модуля. Якую з трактовак мы маем на ўвазе? Не ўсё зразумела і ў дачыненні да шматузроўневай падрыхтоўкі спецыялістаў. На якія пасады пойдуць бакалаўры і магістры, чым адна ступень вышэйшай адукацыі адрозніваецца ад іншай па пасадзе, прэферэнцыях, аплаце? Застаецца праблема дубліравання назваў спецыяльнасцей у дыпломах аб сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Прафілізацыя азначае падрыхтоўку да ўсіх узроўняў прафесійнай адукацыі. Калі мы ўводзілі гімназіі і ліцэі, асобна прагаворвалася, што пасля 9 класа пры пэўным умоўным сярэднім бале па прадметах прафілізацыя павінна быць звязана з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй без права выбару профіляў, якія рыхтуюць да вышэйшай школы, — як у многіх заходніх краінах.

Як падкрэсліў Ігар Аляксандравіч, звышдаступнасць вышэйшай адукацыі вядзе да падзення яе якасці. Між тым сярэдняя спецыяльная адукацыя свае задачы выконвае ў поўным аб’ёме і выпускае спецыялістаў з належнай падрыхтоўкай. Голас такой магутнай прафесійнай карпарацыі, якой з’яўляецца сістэма ССА, павінен прагучаць і быць пачуты.

Кіраўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны ўнеслі шэраг прапаноў. Так, на ўзроўні вышэйшай адукацыі ў новым праекце кодэкса сфармуляваны прыкладныя вучэбныя планы і праграмы. Дырэктары выказаліся, што і ў сістэме ССА тыпавая вучэбная праграма па вучэбным прадмеце прафесійнага кампанента тыпавога вучэбнага плана па спецыяльнасці не павінна лічыцца тэхнічным нарматыўным прававым актам, які зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прапанавана дазволіць выпускнікам устаноў ССА, якія атрымалі адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, у той жа год паступаць у вышэйшыя ўстановы адукацыі пры ўмове згоды і заключэння новага дагавора з заказчыкам кадраў і пры гэтым вызваліць іх ад звароту ў рэспубліканскі і (або) мясцовы бюджэт затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку сродкаў. З пункту гледжання кіраўнікоў рэгіянальных ССА, мэтазгодна прадугледзець у заканадаўстве прадастаўленне крэдыту на льготных умовах для аплаты першай сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ўключыць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія арганізоўваюць харчаванне вучняў у каледжах на ўмовах перадачы ў бязвыплатнае карыстанне дзяржаўнай нерухомай маёмасці, у пералік асоб, вызваленых ад абавязку кампенсаваць пазыкадаўцу выдаткі на камунальныя паслугі, уключаючы ацяпленне, спажываную электраэнергію, ваду. Для ўзмацнення сувязі рэгіянальных устаноў ССА з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь прапанавана шырэй задзейнічаць патэнцыял Савета кіраўнікоў устаноў ССА вобласці.

Пра сітуацыю, калі пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі выпускнікі педагагічных класаў атрымліваюць большыя прэферэнцыі, чым выпускнікі педагагічных каледжаў з добрымі адзнакамі (ім трэба здаваць два ўнутраныя экзамены), дырэктар Полацкага педкаледжа ВДУ імя П.М.Машэрава Таццяна Палушкіна выказалася катэгарычна: “Губляюцца логіка і матываваныя педагагічныя кадры з моцнай прафесійнай падрыхтоўкай”. Ці не разумней больш ашчадна аднесціся да затрачаных сродкаў на падрыхтоўку педагога з ССА і сумясціць выпускны экзамен у каледжы з уступным ва ўніверсітэт, у структуру якога названы каледж уваходзіць? Кіраўнік прапанавала пры вызначэнні паўнамоцтваў каледжаў — структурных падраздзяленняў УВА ўлічваць выпадкі іх тэрытарыяльнай аддаленасці. А пры запаўненні бланка дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, які выдаецца пры завяршэнні навучання ў такім каледжы, прапісваць не толькі назву юрыдычнай асобы (якой выступае УВА), але і адасобленае структурнае падраздзяленне — каледж. Інакш непазбежна блытаніна, калі кадравая служба праз некалькі гадоў можа звярнуцца да юрыдычнай асобы для пацвярджэння навучання выпускніка і не атрымае адказу, паколькі загады на залічэнне, выпуск, кніга выдачы дыпломаў знаходзяцца ў каледжы, а ён не ўказаны ў дакуменце аб адукацыі.

Сяргей Каваленка ў сваім выступленні акцэнтаваў увагу: Кодэкс аб адукацыі павінен быць рамачным дакументам. Перш чым гаварыць аб змяненнях, трэба вызначыцца з канцэпцыяй — інакш абмеркаванне асобных артыкулаў або падартыкулаў новай рэдакцыі будзе малаэфектыўным. Каб захаваць сістэму прафадукацыі, неабходна ўдумлівае перспектыўнае планаванне і адпаведная сістэма мер — па аналогіі з топ-50 прафесій, зацверджаных у нашых расійскіх суседзяў. Упраўленнем адукацыі ў цесным узаемадзеянні з Саветам кіраўнікоў устаноў ССА ўказанае пытанне падрабязна прапрацавана і, як вынік, вызначана 16 асноўных напрамкаў далейшага развіцця. А галоўная роля сістэмы ССА — дапамагчы эканоміцы выйсці на новы тэхналагічны ўзровень, забяспечыць якасную падрыхтоўку кадраў.

Аб арганізацыі работы ўстаноў ССА ў 2017 годзе Савету кіраўнікоў расказаў Аляксандр Мацюшонак. Ён падрабязна азнаёміў удзельнікаў пасяджэння з шэрагам пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, асаблівая ўвага была звернута на парадак вызначэння гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, размежаванне гадзін агульнаадукацыйнага і прафесійнага кампанентаў пры вызначэнні нарміруемай педагагічнай нагрузкі, работу атэстацыйнай камісіі. Аб выніках маніторынгу арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі расказала Віта Смарцава. Аб праекце змяненняў у кваліфікацыйнай структуры прафесійнай адукацыі — у тым ліку ўвядзенні прамежкавай атэстацыі, замене паняццяў “Кваліфікацыйны разрад” на “Разрад”, пашырэнні шкалы станоўчых адзнак у сістэме ССА — праінфармавала Аляксандра Пятрова. Трэба адзначыць, што кансультацыі і адказы на многія актуальныя пытанні ў рамках праблемнага поля парадку дня дырэктары ўстаноў ССА атрымалі ў працэсе работы пасяджэння — як ад прадстаўнікоў кіруючых структур, так і ад сваіх калег, якія сутыкаліся з аналагічнымі праблемамі і знайшлі спосабы іх вырашэння. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай Аршанскага каледжа, яго мадэллю арганізацыі вытворчай практыкі навучэнцаў і размеркавання выпускнікоў, узаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. Яркім заключным момантам пасяджэння стала канцэртная праграма “Кірмаш талентаў”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *