Сустракаем Масленіцу

Масленіца — вясёлае і шумнае свята, якое адзначалі яшчэ нашы продкі славяне. Кожны дзень тыдня мае сваю назву, якая падказвае, што ў гэты дзень трэба рабіць.

Вядома, сёння цяжка выканаць усе звычаі і абрады. Але даведацца аб традыцыях заўсёды цікава не толькі дарослым, але і дзецям. А паўдзельнічаць — тым больш.

Вось і выхаванцы ясляў-сада № 6 Навагрудка ўсімі сіламі праганялі зіму і будзілі прыроду падчас музычна-фізкультурнага свята “Масленіца”, якое, нягледзячы на мароз, праводзілася на вуліцы.

Да гэтага мерапрыемства дзеці рыхтаваліся ўвесь тыдзень, таму чакалі яго з нецярпеннем. Падчас свята выхаванцы даведаліся, як святкавалі Масленіцу раней. Дзеці весяліліся ад душы: вадзілі карагоды, спявалі народныя песні і прыпеўкі. А паколькі галоўны атрыбут свята, звязанага з заканчэннем халоднай пары, — бліны, якія сімвалізуюць сонца, у заключэнне дзеці з задавальненнем пакаштавалі гэтую смачную страву.

Ірына МАШЧОНСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Навагрудка.