Сустрэча на Высокім Беразе

- 10:00Адукацыйная прастора

З 10 па 12 жніўня адбыўся Рэспубліканскі турыстычны злёт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прысвечаны 100-годдзю арганізацыі. Мерапрыемства традыцыйна прайшло на базе ТАК “Высокі бераг” (в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна). Маляўнічы бераг Нёмана сабраў больш за 200 удзельнікаў.

Спартыўная праграма турзлёту складалася з такіх відаў спаборніцтваў, як турысцка-прыкладное мнагаборства ў тэхніцы воднага турызму, ТПМ у тэхніцы пешаходнага турызму, спартыўнае арыентаванне, перацягванне каната, спаборніцтвы па веласіпеднай тэхніцы. У конкурсную праграму мерапрыемства ўвайшлі конкурсы на лепшае прадстаўленне турыстычнага летніка, турыстычны фестываль ежы “Гатуем разам” і фестываль турыстычнай песні “Перамога заключаецца ў адзінстве”.

— Такія падзеі ў жыцці педагогаў вельмі важныя і доўгачаканыя, таму што яны згуртоўваюць калектыў, выпрацоўваюць камандны дух, узаемаразуменне, садзейнічаюць зара­джэнню новых прафесійных знаёмстваў. Адна справа — бачыць педагога каля дошкі з крэйдай, а зусім іншая — у нетыповых умовах, калі яны пераадольваюць за некалькі дзён мноства спартыўных і бытавых перашкод, з трапятлівасцю і асалодай рыхтуюцца да конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў злёту. Тут няма прафесійных артыстаў, але ёсць людзі, якія хварэюць душой за сваю справу, — адзначыла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч.

Адна з самых відовішчных падзей турзлёту — творчы конкурс. Каманды павінны былі паказаць візітоўку свайго турыстычнага летніка, праявіўшы веданне беларускіх традыцый, акцёрскае майстэрства і гумар. Сёлета творчасць турыстаў абмежавалі тэмай традыцый святкавання народнага свята Сёмухі. Падчас падрыхтоўкі да творчага конкурсупедагогі расказалі, што паглыбіліся ў пахо­джанне свята, знайшлі цікавыя асаблівасці яго святкавання. Судзейская калегія прагле­дзела “візітоўкі” ўсіх каманд, і кожная ўразіла іх непадобнымі да іншых традыцыямі Сёмухі. Яны, як аказалася, адрозніваюцца ў кожнай вобласці Беларусі. Напрыклад, у камандзе Мінскай вобласці расказалі, што на свята ў нашых продкаў было прынята фарбаваць яйкі ў зялёны колер, у Магілёўскай вобласці ў гэты дзень лічылася традыцыя­й павязваць на дрэва рознакаляровыя яркія стужкі, а мінская каманда выбрала бярозку — сімвалічнае дрэва свята. Таму можна адзначыць, што творчы конкурс — гэта яшчэ і своеасаблівы культурны абмен паміж яго ўдзельнікамі.

Сапраўдным выпрабаваннем на кулінарнае майстэрства і знаходлівасць стаў для ў­дзельнікаў турзлёту турыстычны фестываль ежы. Калектывы атрымалі адзін і той жа набор прадуктаў, з якога павінны былі згатавац­ь на вогнішчы некалькі арыгінальных страў. Напрыклад, каманда супрацоўнікаў НАН Беларусі зварыла бульбяны кісель. Каманда прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці, якая і атрымала больш за ўсё балаў ад журы ў гэтым конкурсе, здзівіла ўсіх бульбянымі каўбаскамі і хрушчамі. Журы адзначыла, што стравы кожнай з каманд былі вельмі прыгожа аформлены і выглядалі не горш, чым у рэстаране.

Конкурс турыстычнай песні адкрыў новыя бардаўскія імёны сярод педагагічна-навуковага калектыву. На ім прызналі перамогу каманды аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі, якая выступіла з песняй “Мы разам”. На гэтую песню, пранізаную паходнай рамантыкай і верай у лепшае, старшага супрацоўніка Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Кіру Логінаву натхніў сёлетні турзлёт.

Што да спартыўнай часткі мерапрыемства, лепш за ўсіх амаль ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах — тэхніках пешаходнага і воднага турызму, веласіпеднай тэхніцы і спартыўным арыентаванні — праявілі сябе мінчане. У перацягванні каната лепшай аказалася каманда Віцебскай вобласці.

— Сёлета сабралася мноства педагогаў, якія праводзяць падобныя турзлёты для сваіх выхаванцаў. Выступіць самім у якасці ўдзельнікаў, паспаборнічаць з калегамі — для іх гэта сапраўднае спартыўнае свята, — расказала галоўны суддзя тур­злёту загадчык адзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Марыя Голубева. — Я бачу не толькі шмат маладых спартсменаў, але і ветэранаў, якія сёння паказваюць выдатны ўзровень у веласіпедным спорце або арыентаванні. Напрыклад, у спартыўным арыентаванні дыстанцыя пабудавана такім чынам, што трэба не толькі быць спрытным, але і правільна планаваць свой маршрут. А ў гэтай справе вопыт выйграе ў маладосці.

Паводле судзейскіх ацэнак, першае месца ў агульным камандным заліку, які ўлічваў і творчыя, і спартыўныя спаборніцтвы тур­злёту, заваявала каманда Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза, другое — каманда Мінскай абласной арганізацыі, на трэцім месцы апынулася каманда Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза. Праз некалькі тыдняў пераможцаў чакае ўдзел у Рэспубліканскім турыстычным злёце прафсаюзаў Беларусі, які адбудзецца ў “Высокім Беразе” 27—29 жніўня.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.