Сустрэча пісьменнікаў і настаўнікаў-славеснікаў

Пасяджэнне жнівеньскай мінскай гарадской метадычнай секцыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры прайшло ў сталічным Доме літаратара, і з улікам самой гэтай дыслакацыі і прысутнасці на мерапрыемстве вялікай колькасці пісьменнікаў можна сказаць, што гэта была адмысловая сустрэча педагагічнай і пісьменніцкай супольнасцей.

“Звычайна мы, літаратары, гаворым у гэтым доме пра сваё натхненне, а сёння мы вельмі рады падтрымаць натхненне настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, — сказала пісьменніца першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, якой выпаў гонар адкрываць сустрэчу, а потым выступаць з дакладам “Беларуская літаратура на сучасным этапе”. — Нам вельмі хочацца, каб беларуская літаратура як мага глыбей вывучалася ў школе. Таму што гэта не проста вучэбны прадмет. Гэта тое, на чым грунтуецца наша нацыя, тое, што расказвае нам пра нашы карані і вытокі, тое, што вучыць дабру, справядлівасці, мудрасці, усім тым якасцям, якія былі спрадвеку ўласцівы беларусам, і хацелася б, каб былі ўласцівы ў будучыні. А гэтая будучыня сёння гартуецца якраз у школе, дзе набываюць веды нашы вучні, і мы хочам, каб гэтыя веды мелі нацыянальную аснову”.

Сучасная беларуская літаратура, па словах Алены Анатольеўны, паспяхова развіваецца і шукае новыя формы. Асабліва актыўна сёння падымаецца такі пласт, як радзімазнаўчая і краязнаўчая літаратура, якая, дарэчы, нароўні з вучэбнымі і метадычнымі выданнямі была цудоўна прадстаўлена падчас секцыі на кніжнай выставе ў фае Дома літаратара. “Мы хацелі б, каб у Год малой радзімы ўрокі беларускай літаратуры ў новым навучальным годзе пачаліся менавіта з гэтай тэмы, — зазначыла Алена Сцяпанаўна. — Спадзяёмся, што наша сяброўства з настаўнікамі прадоўжыцца і далей сустрэчамі ў школах, правядзеннем прэзентацый новых выданняў нашых пісьменнікаў ва ўстановах адукацыі”.

Розныя пытанні, звязаныя з экзістэнцыяй сучаснай беларускай літаратуры і роднай мовы, узнімалі ў сваіх выступленнях пісьменнікі Міхась Пазнякоў (“Роля пісьменніка ў выхаванні асобы”), Віктар Шніп (“Асаблівасці выдавецкай дзейнасці ў вызначэнні кніжных прыярытэтаў для школьнікаў”), Міхась Башлакоў (“Значэнне роднай мовы для росту нацыянальнай свядомасці беларусаў”), Мікола Мятліцкі (“Радзімазнаўства як выток станаўлення асобы”), намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Алена Чарняўская (“Чытаем беларускую кнігу: з вопыту работы дзіцячых бібліятэк горада Мінска”).

Пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ў 2018/2019 навучальным годзе з пазіцыі кампетэнтнаснага падыходу расказалі намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт В.У.Зелянко і метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі НІА В.С.Ярмак.

Было падкрэслена: пры арганізацыі адукацыйнага працэсу на павышаным узроўні (пачынаючы з 8 класа ў межах дадатковых 1 або 2 гадзін на тыдзень) неабходна прыняць пад увагу, што павышаны ўзровень у большай ступені арыентаваны на адпрацоўку спосабаў дзейнасці і фарміраванне вопыту творчай дзейнасці вучняў. І ў адпаведнасці з гэтым можна вылучыць два асноўныя напрамкі навучання беларускай мове і літаратуры на павышаным узроўні: адпрацоўка практычных уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці вучняў і фарміраванне вопыту творчай дзейнасці. Пры дадатковай 1 гадзіне будзе пераважаць першы напрамак, а пры 2 гадзінах — другі.

Калі гаварыць пра моўную адукацыю, то асноўная мэта ў навучанні любой мове заключаецца не ў тым, каб ведаць мову, а ў тым, каб валодаць мовай — карыстацца атрыманымі ведамі, уменнямі і навыкамі ў практычнай маўленчай дзейнасці. Гэта якраз тое, што і складае сутнасць кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні.

Акрамя двух асноўных напрамкаў рэалізацыі павышанага ўзроўню, існуюць і іншыя спосабы арганізацыі адукацыйнага працэсу па беларускай мове: з улікам таго, што ў навучанні беларускай мове 8 і 9 класы “сінтаксічныя”, больш увагі, чым на базавым узроўні, звяртаць на арфаграфію, правапіс часцін мовы; рабіць акцэнт на фарміраванні чытацкай пісьменнасці вучняў; імкнуцца рэалізаваць лінгвакультуралагічны падыход у навучанні беларускай мове; больш вучэбнага часу адводзіць на падагульненне і сістэматызацыю вывучанага па кожным раздзеле.

Што тычыцца новага вучэбнага дапаможніка па беларускай літаратуры для 8 класа, то яго асаблівасці заключаюцца: у адборы і прад’яўленні мінімальна неабходнага і дастатковага матэрыялу для якаснага засваення зместу адукацыі па вучэбным прадмеце; у наяўнасці заданняў, накіраваных на ўдасканаленне чытацкіх уменняў вучняў; у рэалізацыі навігацыйнай функцыі дзякуючы наяўнасці спасылак на электронны адукацыйны рэсурс. Гэтыя спасылкі дазваляюць дыферэнцыраваць і індывідуалізаваць адукацыйны працэс, арганізаваць работу з вучнямі з розным узроўнем адукацыйнай падрыхтоўкі і матывацыі да вывучэння вучэбнага прадмета.

З паведамленнем на тэму “Адзнака і ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” на секцыі выступіла кіраўнік РМА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна Мінска настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 61 Н.І.Зелічонак, якая падзялілася ўласным вопытам (сістэма плюсікаў, работа ў групах, дадатковыя пытанні ў выпадку дапушчэння памылак пры самастойным выбары вучнем дамашняга задання, тлумачальная работа з бацькамі і інш.). “Адзнака павінна насіць заахвочвальны характар, — сказала Наталля Іванаўна. — Мы можам ёй “прыбіць” вучня, а можам даць крылы, каб ён узляцеў і з натхненнем працаваў далей”.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *