Сустрэча са “знаёмым незнаёмцам”

Новыя адкрыцці, дыскусійная пляцоўка і вучэбныя майстар-класы: І гарадскі маладзёжны адукацыйны форум прайшоў у Віцебску.

Маладыя людзі імнуцца да рознабаковага развіцця. Нават няпрофільныя, на першы погляд, веды — зусім не лішні багаж для маладога спецыяліста: яны нярэдка спрыяюць нараджэнню новых ідэй і садзейнічаюць паспяховай рэалізацыі планаў. Менавіта з такіх меркаванняў зыходзілі арганізатары: гарадская арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, гарвыканкам, Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт і папулярны гарадскі інтэрнэт-партал. Прыярытэтнымі задачамі форуму першы сакратар гарадскога камітэта БРСМ Таццяна Красакова назвала рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, стварэнне ўмоў для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці грамадства, а таксама знаёмства з флагманамі рэальнага сектара эканомікі, сучаснымі тэхналогіямі самарэалізацыі і прафесійнага росту.

— Ідэя наспявала даўно, — адзначыла маладзёжны лідар. — Паводле праведзенага ў канцы мінулага года аналізу, на прадпрыемствы і ў арганізацыі нашага горада прыйшло больш за 500 маладых спецыялістаў. Яны ўжо адаптаваліся на вытворчасці, у дастатковай ступені арыентуюцца ў жыцці свайго прадпрыемства. На жаль, як правіла, ім усё і абмяжоўваецца, а горад, між тым, не спыняецца ў сваім развіцці. Паўночная сталіца славіцца прадпрыемствамі, якія ў сваіх сектарах займаюць вядучыя пазіцыі не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Аднак практычная інфармацыя аб рабоце прамысловых гігантаў даступна пераважна тым, хто там працуе. Форум дазволіў маладым спецыялістам і студэнтам старшых курсаў устаноў вышэйшай адукацыі адкрыць для сябе невядомы раней Віцебск, даведацца больш пра яго сённяшні дзень і перспектывы сацыяльна-эканамічнага, культурнага развіцця, атрымаць з першых вуснаў адказы на ўсе хвалюючыя пытанні.

Двухдзённы адукацыйны марафон стартаваў са знаёмства з распрацоўкамі пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, трэнінгаў “Стварэнне асабістага брэнда, або Чаму важна быць паспяховым у сваёй справе” і “Выкарыстанне сучасных тэхналогій для эфектыўнай работы і руху па кар’ернай лесвіцы”. Свае інтэрактыўныя пляцоўкі падрыхтавалі аматары стрытваркаўту і паўэрліфтынгу, майстры народных рамёстваў. Зоркай цырымоніі адкрыцця і адной з вядучых стала чалавекападобны робат Кікі. Падчас работы па групах удзельнікам было прапанавана прайсці 17 майстар-класаў па папулярных і запатрабаваных у маладзёжным асяроддзі кірунках — ад фінансавай дасведчанасці, ІТ-тэхналогій, асноў бяспекі, рэжысёрскай пастаноўкі, фотасправы да танцаў і кулявой стральбы. Усе, хто зацікавіўся, атрымалі запрашэнне працягнуць заняткі далей у адпаведных клубах і аб’яднаннях. Жадаючых, дарэчы, сабралася нямала, прычым інтарэсы моладзі ў гендарным аспекце часам размяркоўваліся даволі непрадказальна: так, група дзяўчат пасля заняткаў па кулявой стральбе практычна ў поўным складзе запісалася ў секцыю ДТСААФ.

Не менш багатым на ўражанні выдаўся і другі дзень форуму, прысвечаны знаёмству з рэальным сектарам эканомікі. Групы наведалі вядучыя віцебскія прадпрыемствы, у тым ліку “Мадэрн-Экспа”, “Марка”, “Чырвоны Кастрычнік”, “ВІК-здароўе жывёл”, “Фортэкс — водныя тэхналогіі”, “Віцебскдрэў”, Віцебскае РУП “Фармацыя”, “Энергакамплект”, “Палімерканструкцыя”, Віцебскі завод радыёдэталей “Маналіт”, “Віцебскія пад’ёмнікі”, “Альянспласт”. Сакрэтамі арганізацыі паспяховага турыстычнага бізнесу, індустрыі прыгажосці і рэстараннай справы падзяліліся тураператар “Ілва”, студыя пазногцевай эстэтыкі “Танга” і рэстаран беларускай кухні “Лямус”. Завяршыўся форум адкрытым дыялогам “Знаёмы незнаёмец”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.