Сустрэча ў роднай школе

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў скончыў сярэднюю школу № 28 Віцебска 30 гадоў назад. У Дзень ведаў ён адправіўся туды, каб павіншаваць школьнікаў са святам, і не пазнаў установу адукацыі — настолькі яна змянілася за апошнія гады.

— Я нібыта вярнуўся ў дзяцінства, — падзяліўся эмоцыямі Уладзімір Барысавіч. — Але школа зусім іншая. Акрамя адраса, я практычна нічога не пазнаю. Стадыён, напэўна, адзін з самых выдатных сучасных спартыўных аб’ектаў, якія я бачыў. Прайшоўшыся па класах і калідорах, пераканаўся, наколькі многа робіцца, каб навучэнцы мелі ўсе ўмовы для камфортнага навучання і асваення ўменняў і навыкаў, каб выраслі патрыётамі і прафесіяналамі.

З вялікім задавальненнем Уладзімір Пярцоў пабываў на экскурсіі па роднай школе. Ён адзначыў высокі ўзровень абсталявання, эстэтыку вучэбных кабінетаў. Знакаміты выпускнік наведаў музейныя экспазіцыі “Блакаднаму Ленінграду прысвячаецца” і “Шкатулка народных рамёстваў”, даведаўся ад юных міратворцаў, што ўстанова адукацыі цяпер носіць высокае званне “Школа міру” і з’яўляецца адной з нямногіх у Віцебскай вобласці ўстаноў адукацыі, якія ўдзель­нічаюць у сумесным праекце Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Уладзімір Барысавіч сказаў, што ніколі не забудзе сваю першую настаўніцу Лі­дзію Уладзіміраўну Саўкову. Менавіта яна навучыла вучыцца, беражліва адносіцца да падручнікаў і сшыткаў, сябраваць. У дарослае жыццё будучага міністра выпускала настаўніца хіміі, класны кіраўнік 11 “Б” класа Галіна Іванаўна Сарокіна. Даючы наказ першакласнікам, Уладзімір Пярцоў пажадаў, каб кожны дзень у школе стаў для іх насычаным, цікавым і запамінальным.

— Ну а вам, паважаныя выпускнікі, жадаю паставіць мэты і сканцэнтравацца на вучобе, — падкрэсліў міністр інфармацыі. — Мэты могуць быць розныя: вучоба, сям’я, бізнес, навуковыя дасягненні, але, галоўнае, я ўсім жадаю заставацца патрыётамі, любіць нашу маленькую радзіму — школу — і нашу вялікую Радзіму — Рэспубліку Беларусь, таму што ў нас самая цудоўная краіна, паверце.

У падарунак да Дня ведаў Уладзімір Барысавіч прывёз у школьную бібліятэку кнігі, а кожнаму першакласніку ўручыў падарунак ад прэзідэнта нашай краіны — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.

Аляксандр КУТЫНКА.