Сустрэча з дзіцячай кнігай

На адной з егіпецкіх надмагільных пліт высечана фраза: “Звярні сваё сэрца да кніг. Няма нічога вышэйшага за кнігі”. І гэта сапраўды так, бо кніга — вялікы цуд. Сустрэча з дзіцячай кнігай — свята ўсіх, хто чытае, свята дзяцінства, вясёлых прыгод, новых літаратурных адкрыццяў, сустрэч з цікавымі людзьмі.


У межах тыдня дзіцячай кнігі ў 2 “Б” класе сярэдняй школы № 4 Клімавічаў педагог-арганізатар Людміла Фёдараўна Круцікава правяла літаратурны КВЗ “Кнігі — нашы сябры”. Усе ўдзельнікі гульнявой праграмы былі падзелены на дзве каманды: “Знаўцы” і “Чамучкі”. Капітаны прадставілі свае каманды, і пачалося займальнае падарожжа ў свет кніг.


Для размінкі хлопцам трэба было ўспомніць іх любімыя дзіцячыя казкі: гэта і “Машачка і мядзведзь”, і “Снягурка”, і “Муха-Цакатуха”, і многія іншыя. Другі конкурс — для капітанаў: трэба было ўспомніць літаратурнага героя. Хіба можна не прыгадаць дзяўчынку, якая патрапіла ў Залюстароўе, або мудрага чараўніка, які шмат гадоў прасядзеў у бутэльцы? Акрамя таго, удзельнікі КВЗ збіралі літаратурную мазаіку, расшыфроўвалі зашыфраванае слова, дапамагалі літаратурным героям адшукаць згубленыя рэчы, разгадвалі крыжаванку і нават складалі новую казку па знаёмым пачатку. “Жылі-былі дзед ды баба, і была ў іх курачка Раба. Знесла курачка яечка: яечка не залатое, а простае. Ліса скрала яго…”


Падводзячы вынікі конкурснай праграмы, Людміла Фёдараўна згадала залатое правіла грэчаскіх алімпіяд: галоўнае — не перамога, галоўнае — удзел. Той, хто сябруе з кнігай, не можа быць у пройгрышы. Бо кніга — памочнік, калі мы працуем; таварыш — калі адпачываем; дарадца і сябар для таго, хто ўмее з ёй сябраваць.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавічаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *