Сустрэча з летам

Летняя аздараўленчая кампанія 2018 года набірае абароты. Сёлета на Міншчыне адпачнуць і ўмацуюць сваё здароўе больш за 55 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Лагеры гатовы падарыць ім незабыўныя дні, поўныя радасці і эмоцый.

Гэтым летам у Мінскай вобласці больш за 32 тысячы навучэнцаў змогуць адпачыць у лагерах з дзённым знаходжаннем, больш за 23 тысячы — з кругласутачным. Не сакрэт, што ва ўсіх дзяцей і іх бацькоў розныя запыты і патрэбы, розныя жаданні і чаканні ў дачыненні да лагераў. Таму ствараюцца лагеры, розныя па накіраванасці, і праграмы іх настолькі разнастайныя, што кожны зможа знайсці тое, што яму даспадобы.

Так, цудоўна зарэкамендавалі сябе абаронна-спартыўныя, ваенна-патрыятычныя лагеры і змены, якія праводзяцца ва ўзаемадзеянні з сілавымі ведамствамі. Такі адпачынак — важная частка выхаваўчай работы з навучэнцамі, якія стаяць на розных відах уліку. У гэтым годзе такая практыка будзе прадоўжана. Напрыклад, на базе стацыянарнага лагера “Лясная казка” Вілейскага раёна для гэтай катэгорыі дзяцей будзе працаваць абаронна-спартыўны лагер “Ратнік”.

Свой актыўны ўклад у аздараўленчую кампанію робяць установы дадатковай адукацыі. Цэнтрамі творчасці дзяцей і моладзі будзе арганізавана работа гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах у аздараўленчых лагерах. У Лагойскім раёне ў ЦДТ будуць працаваць лагеры “Лідар” для піянераў і “Вясёлка творчасці” для юных талентаў. У Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна будзе працаваць спартыўна-турыстычны лагер.

Паклапаціліся арганізатары і пра адпачынак для асаблівай катэгорыі дзяцей. 21 лагер з дзённай формай знаходжання будзе працаваць на базе цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Акрамя таго, дзеці-інваліды разам з бацькамі атрымаюць магчымасць прайсці аздараўленне на базе загарадных аздараўленчых лагераў Барысаўскага, Дзяржынскага, Лагойскага, Вілейскага, Маладзечанскага раёнаў.

Правесці лета з карысцю для ведаў змогуць высокаматываваныя навучэнцы — для іх традыцыйна арганізоўваюцца профільныя лагеры. Сёлета такі від адпачынку прапаноўваецца 7500 навучэнцам. З іх у спартыўна-аздараўленчых лагерах адпачнуць 4580 чалавек, у лагерах працы і адпачынку — 1790, у лагерах іншай скіраванасці — 780 чалавек.

Так, у гэтыя дні аматараў замежных моў ужо прымае лінгвістычны лагер Smart camp на базе Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната. Тут падлеткі маюць магчымасць пагрузіцца ў моўнае асяроддзе і адначасова ўзяць удзел у мностве мерапрыемстваў. Дапамагаюць ім у гэтым педагогі Мінскай вобласці, студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і выкладчыкі з ЗША, якія працуюць ва ўніверсітэтах нашай краіны.

У ліпені абласны профільны лагер “БІТ” збярэ юных фізікаў, матэматыкаў і інфарматыкаў у Чэрвені. Аматары хіміі і геаграфіі адпачнуць у Салігорску ў лагеры “Эрудыт”. Іх чакаюць 9 дзён сярод аднадумцаў і цікавыя падарожжы ў свет навукі. З адоранымі школьнікамі будуць працаваць выкладчыкі і студэнты БДУ і БДУІР.

Профільныя лагеры актыўна арганізоўваюцца і на раённым узроўні. Напрыклад, у Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна традыцыйна летам працуе аздараўленчы лагер “Малая акадэмія навук”. У Любанскім раёне будуць працаваць 6 профільных лагераў: “Лінгвісцяня”, “Патрыёт”, “Алімпіец” — для ўдзельнікаў прадметных алімпіяд, “Алімпійцы” — для спартсменаў, “Пралеска” — для юных эколагаў і краязнаўцаў, лагер працы і адпачынку “Імпульс”. У Вілейскім раёне на працягу лета будуць працаваць 8 профільных лагераў сацыяльна-педагагічнага, грамадзянска-патрыятычнага, абаронна-спартыўнага, культурна-адпачынкавага, спартыўна-аздараўленчага напрамкаў. У аздараўленчым цэнты “Надзея” будзе працаваць палатачны лінгвістычны лагер. Створаны ўсе ўмовы, каб для дзяцей сустрэча з летам была яркай і насычанай.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *