Сустрэча з пісьменнікам

Літаратурная гасцёўня стала значнай падзеяй мінулага тыдня для вучняў Гнезнаўскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Ваўкавыскага раёна. Настаўнікам і вучням школы выпаў гонар сустрэцца і пагутарыць са знакамітым беларускім пісьменнікам Юрыем Татарынавым, лаўрэатам прэміі “За лепшы твор у галіне прозы” ў 2013 годзе. Творы гэтага аўтара добра вядомыя ў нашай краіне, асабліва аматарам гістарычнага жанру.

Гэта ўжо трэці візіт пісьменніка ў аграгарадок Гнезна. Упершыню наш гістарычна багаты куток Юрый Аркадзьевіч Татарынаў наведаў у 1991 годзе. Па словах пісьменніка, яго візіт у Гнезна звязаны са старажытным гатычным помнікам — касцёлам Міхаіла Архангела, які пісьменнік даўно марыў убачыць. Цэлы месяц аўтар знакамітых кніг пра беларускія гарады вывучаў гісторыю Гнезна, пасяліўшыся ў адной з мясцовых жыхарак. Вынікам візіту і прадметам гонару для жыхароў аграгарадка стаў раман “Княгіня Мянжынская”, заснаваны на рэальных падзеях, дзе і згадваецца Гнезна.

Яшчэ больш уразіла нас прэзентацыя новай кнігі Юрыя Аркадзьевіча пад назвай “Старасвецкая Беларусь”, у якой ён прысвяціў цэлы раздзел нашаму аграгарадку. Дзеці, вядома, больш за ўсё цікавіліся менавіта гэтымі кнігамі: не кожны ж дзень пішуць аб іх роднай зямлі. Асабліва гэта актуальна ў сувязі з абвяшчэннем 2018-га Годам малой радзімы. Акрамя рамана “Княгіня Мянжынская” пісьменнік прэзентаваў і іншыя свае кнігі: “Роковая страсть короля Миндовга”, “Оракул. Книга для занимательного чтения на каждый день”, “Волшебные яблоки”.

Вучні з вялікім задавальненнем слухалі пісьменніка, і кожны хацеў падзяліцца тым, што вядома яму з гісторыі Гнезна. У канцы сустрэчы навучэнцы атрымалі ў падарунак ад Юрыя Аркадзьевіча кнігі з аўтографам і пажаданнямі.

Юлія МАЛАШКЕВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Гнезнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.