Сустрэча з прафактывам

- 15:52Адукацыйная прастора

Сустрэчы з актывам галіновага прафсаюза Магілёўскай вобласці правялі старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч і яе намеснік Валянціна Аляксееўна Ільіна.

У рамках рабочага візіту кіраўніцтва галіновага прафсаюза пабывала ў Беларуска-Расійскім універсітэце, Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова, сярэдняй школе № 45, гімназіі № 2, вучэбна-педагагічным комплексе № 42 Магілёва, а таксама наведала шэраг устаноў адукацыі Круглянскага і Магілёўскага раёнаў. Удзельнікамі сустрэч, акрамя педагагічнай грамадскасці, сталі старшыні райкамаў, гаркамаў, пярвічных прафсаюзных арганізацый, апарат абкама галіновага прафсаюза. Зносіны праходзілі ў фармаце адкрытага канструктыўнага дыялогу.

Так, падчас размовы з калектывам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Т.Р.Якубовіч падрабязна расказала аб планамернай і сістэмнай працы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі па павышэнні сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, выкананні норм калектыўных дагавораў, спынілася на актуальных пытаннях забеспячэння даступнасці і павышэння якасці адукацыі, дала тлумачэнні ў вырашэнні пытанняў прафсаюзнай дзейнасці, акцэнтавала ўвагу калег на новай сістэме аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях.

Па словах Таццяны Раманаўны, Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі зараз аб’ядноўвае звыш 610 тысяч чалавек. У прыярытэце дзейнасці кожнай прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі — прадстаўніцтва i абарона сацыяльна-працоўных правоў і прафесійных інтарэсаў педагогаў. Паўсюдна імкнуцца аказваць усебаковую дапамогу членам прафсаюза. Сваю згуртаванасць галіновы прафсаюз паказаў падчас складаных эпідэміялагічных умоў.

— Членам прафсаюза, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, была аказана максімальная падтрымка. Мы адмянілі шэраг масавых культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Усе сэканомленыя сродкі былі накіраваны на аказанне матэрыяльнай дапамогі, закупку сродкаў дэзынфекцыі для ўстаноў адукацыі, падтрымку медыцынскіх работнікаў, — праінфармавала Т.Р.Якубовіч.

Прысутныя на сустрэчах не толькі даведаліся аб прыярытэтных кірунках работы Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза, але і звярталіся да яго кіраўніцтва з хвалюючымі пытаннямі. Так, студэнцтва МДУ імя А.А.Куляшова цікавілі магчымасці заахвочвання для тых маладых людзей, якія навучаюцца за кошт уласных сродкаў. Як аказалася, гэтае пытанне неаднаразова абмяркоўвалася і ўжо падрыхтаваны адпаведны ўказ, які дазволіць кіраўніцтву УВА аказваць стымулюючую падтрымку абсалютна ўсім студэнтам. Выкладчыкаў універсітэта хвалявала тэма ўнясення змяненняў у правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Яны выступілі з прапановай выйсці на такія формы выпрабаванняў, якія змогуць абараніць наш рынак абітурыентаў ад канкурэнцыі з боку суседніх краін.

Падчас візіту кіраўніцтва галіновага прафсаюза выказала падзяку прафактыву Магілёўшчыны за плённую дзейнасць па ўсіх напрамках. Але сумеснай працы па-ранейшаму многа, таму важна і надалей не заставацца абыякавымі, бо толькі такім чынам атрымаецца агульнымі намаганнямі мэтанакіравана паляпшаць функцыянаванне сістэмы адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.