Сустрэча з ветэранамі

- 11:10Нам пішуць

Першы дзень у школе для вучняў 11 класа Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна пачаўся не зусім звычайна. Класны кіраўнік Вера Іванаўна Папянюк папярэдзіла, што чакаецца цікавая сустрэча. Ніхто з моладзі не думаў, што госці так захопяць цікавымі гісторыямі.

“Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” — мерапрыемства было прысвечана Году малой радзімы. Вера Сямёнаўна Сёмуха, Валянціна Мікалаеўна Момат, Валянціна Іванаўна Скок — члены клуба ветэранаў “У асяроддзі сяброў”, ветэраны працы, людзі з вялікім жыццёвым досведам, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, члены пярвічнай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” — расказалі пра свой жыццёвы шлях. І хоць ва ўсіх ён розны, аб’ядноўвае іх шчырая любоў да роднай старонкі.

Вера Сямёнаўна Сёмуха засяродзіла ўвагу на тым, якім цяжкім было жыццё ў ваенныя і пасляваенныя гады, як імкнуліся дзеці да ведаў, як важна было стаць адукаваным. За гады працы старшынёй сельскага выканаўчага камітэта Вера Сямёнаўна кіравалася адным галоўным законам — клопатам пра людзей, зямлю, дзе пашчасціла нарадзіцца. Прынесла яна з сабою мясцовую Кнігу гонару, дзе захаваны прозвішчы людзей розных прафесій, якія сваёй адданай працай у самыя цяжкія часы забяспечылі працвітанне роднага краю.

Валянціна Іванаўна Скок падкрэсліла, што мілейшай старонкі, чым яе малая радзіма — вёска Жыровічы, для душы проста не існуе. Расказала яшчэ, што выбар прафесіі педагога лічыць самым галоўным крокам у жыцці. Ні аднаго разу не пашкадавала, што стала настаўніцай нямецкай мовы.

Валянціна Мікалаеўна Момат расказвала пра родныя мясціны — горад Ганцавічы. З 1973 года яна працавала ў школе спачатку настаўнікам, затым намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Цікавай для ўсіх стала гісторыя Дварэцкай сярэдняй школы, якую расказала Валянціна Мікалаеўна. Акрамя таго, музей установы адукацыі папоўніўся бясцэнным экспанатам — газетай “Наша жыццё”, выпушчанай былымі вучнямі школы ў 1979 годзе, з артыкулам “З гісторыі Дварэцкай школы”.

Напрыканцы сустрэчы ветэраны працы падарылі вучням салодкія пачастункі з найлепшымі пажаданнямі і віншаваннямі з пачаткам навучальнага года. А ў душы кожнага засталася ўпэўненасць, што толькі шчырай працай можна дасягнуць задавальнення ад жыцця, прынесці карысць Радзіме.

Вераніка ФАБІШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.