Сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам

- 12:18Нам пішуць

“Ніхто не забыты і нішто не забыта” — пад такім дэвізам прайшла сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам Анатолем Іосіфавічам Крупіцам, якую арганізавала бібліятэкар Тарноўскай сярэдняй школы Алена Іванаўна Сонгіна.

Мерапрыемства, праведзенае з навучэнцамі школы, — памяць аб далёкай вайне, з якой вярнуліся далёка не ўсе, многія параненыя, кантужаныя. А вось Анатолю пашчасціла. Ён жыве з сям’ёй на тэрыторыі Тарноўскага сельскага савета ў вёсцы Нецеч.

Сустрэча была прысвечана знамянальнай даце — вываду войскаў з Афганістана. Дзеці ўважліва слухалі госця. Вучні пачатковых класаў разам з класнымі кіраўнікамі падрыхтавалі канцэртную праграму.

Алена Іванаўна Сонгіна зрабіла агляд навінак літаратуры аб памятнай даце. Дзеці чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі. Вядучыя завастрылі ўвагу на лічбах: 9 гадоў 1 месяц 21 дзень — столькі доўжылася Афганская вайна, якая ў лёсе кожнага воіна-інтэрнацыяналіста пакінула свой адбітак. Анатолю Крупіцу ўручылі кветкі і памятны сувенір. Пасля хвалюючага выступлення госця дзеці і ўвесь педагагічны калектыў на чале з дырэктарам школы Наталляй Чаславаўнай Баяркінай пажадалі Анатолю Іосіфавічу шчасця, дабра, радасці ад дзяцей і ўнукаў, мірнай працы.

Лілія МАЛЯЎКА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры Тарноўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.