Сустрэча зімы ў “Ластаўцы”

“Ура! Зіма!” — радасныя дзіцячыя воклічы абудзілі ранішнюю цішыню дзіцячага аздараўленчага лагера “Ластаўка” Астравецкага раёна ў суботу першага снежня. Першы дзень зімы, “Ластаўка” — гэта значыць цудоўны настрой, вясёлыя забавы. Чаканні дзяцей апраўдаліся на ўсе сто!

Чарговы раз сабраліся вучні пачатковых класаў школ раёна разам з настаўнікамі і бацькамі ў “Ластаўцы”. І нагода гэтым разам самая што ні ёсць важная — сустрэча зімы! Зрабіць незабыўным гэты і без таго радасны дзень вырашылі маладыя спецыялісты Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Дзеці сталі ўдзельнікамі цікавага, вясёлага мерапрыемства. Разам з героямі-“бонсцікамі” віталі “навагодні бон-парад”. Карагод гульняў, танцаў, песень, конкурсаў віраваў у зале! А такога крэатыўнага і сучаснага Дзеда Мароза і таленавітай Снягурачкі яшчэ, упэўнена, не бачыў ніхто! Да агульнага вяселля далучыліся і дарослыя.

Не засталіся ўбаку і гаспадары лагера. Перад гасцямі расчыніла дзверы па-святочнаму ўпрыгожаная зала. Дзяцей і дарослых запрасілі ў фітабар, дзе кожны атрымаў салодкія “ластаўчыны” прысмакі і кубачак духмянай гарбаты з лімонам, што асабліва прыемна ў марозны дзень.

Наведвальнікі ДАЛ “Ластаўка” гэтым суботнім днём павезлі дамоў фотаздымкі з героямі “навагодняга бон-парада” і цудоўны настрой, якога хопіць надоўга. Адкрылі зіму і разам з гэтым далі старт святочным мерапрыемствам, цудам і добрым справам!

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.