Сустрэчы з абітурыентамі анлайн

Работа з будучымі абітурыентамі і іх бацькамі праводзіцца ва ўстановах прафесійнай адукацыі пастаянна, а ў вясеннія месяцы асабліва актывізуецца. Навучальны год хутка скончыцца, дзеці і бацькі хвалююцца, у іх узнікае мноства пытанняў. Адказы на іх шукалі падчас дзён адкрытых дзвярэй і іншых мерапрыемстваў, што ладзіліся ва ўстановах. Аднак у гэтым годзе мноства планаў парушыла эпідэміялагічная сітуацыя. Усе мы разумеем, што непасрэдныя сустрэчы адно з адным непажаданыя. Пры гэтым пытанняў у абітурыентаў не стала менш, як не паменшылася і іх хваляванне. Таму ва ўстановах адукацыі работу з імі не спынілі, а перавялі ў новую форму — дыстанцыйную. Так, напрыклад, ва ўстановах прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці праводзяць віртуальныя дні адкрытых дзвярэй.

Для сувязі са школьнікамі і іх законнымі прадстаўнікамі ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і раней выкарыстоўвалі сучасныя тэхналогіі: магчымасці сайтаў, сацыяльных сетак, месенджараў. Аднак у цяперашніх умовах менавіта гэты кірунак работы атрымаў асаблівую ўвагу і развіццё.

— На галоўнай старонцы сайтаў усіх устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі размешчаны спасылкі на “Віртуальны дзень адкрытых дзвярэй”, — расказвае Ларыса Уладзіміраўна Лышчык, метадыст Цэнтра прафесійнай адукацыі Мінскага абласнога ІРА. — Дзякуючы ім, патэнцыяльныя абітурыенты і іх законныя прадстаўнікі могуць атрымаць у анлайн-рэжыме інфармацыю аб спецыяльнасцях і рабочых прафесіях, запатрабаванасці іх на рынку працы, арганізацыі прыёмнай кампаніі ў 2020 годзе, а таксама асаблівасцях навучання ва ўстанове, арганізацыі вольнага часу і пражывання ў інтэрнатах.

Спасылкі на “Віртуальны дзень адкрытых дзвярэй” размешчаны на сайтах так, што іх немагчыма не заўважыць. Тут сабрана інфармацыя аб уступнай кампаніі гэтага года, а таксама непасрэдна аб установе адукацыі. Інфармацыя вычарпальная, аднак, нягледзячы на гэта, многія, як і раней, хочуць самі задаць пытанне і ўсё ўбачыць на свае вочы. І такой магчымасці яны не пазбаўлены. Спецыялісты ўстаноў сустракаюцца з зацікаўленымі ў анлайн-прасторы з дапамогай відэасувязі розных месенджараў.

Так, напрыклад, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа прапануе ажыццявіць відэазванок па Viber і задаць пытанні членам адміністрацыі, адказнаму сакратару прыёмнай камісіі ці навучэнскаму актыву каледжа. Падчас школьных канікул званкі прымаюцца кожны дзень. Далей для гэтага выдзелены пэўны дзень і час раз на тыдзень да канца навучальнага года.

 — Гэта вельмі зручная магчымасць атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, не выходзячы з дому, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа Таццяна Анатольеўна Цвірко. — Многім прасцей даведвацца інфармацыю ў жывых зносінах. Пытанні розныя — ад прахадных балаў і спецыяльнасцей да арганізацыі харчавання. На ўсе пытанні адказваем. Дапамагаюць нам нашы навучэнцы: будучым абітурыентам цікава даведацца аб жыцці каледжа па-за заняткамі, атмасферы ва ўстанове. Пры жаданні па відэасувязі можам правесці міні-экскурсію па каледжы, прайсціся па калідорах, зазірнуць ва аўдыторыі.

Актыўны каледж і ў сацыяльных сетках: шмат пытанняў паступае ў групе ўстановы ва “УКантакце”.

Дыстанцыйна можна атрымаць і прафарыентацыйную дапамогу, наведаўшы віртуальны кабінет СППС, — спецыялісты дапамогуць правесці самадыягностыку і зрабіць прафесійны выбар. Тут гатовы аказаць таксама псіхалагічную дапамогу па пытаннях развіцця, выхавання, навучання і сацыялізацыі дзяцей, абароны іх правоў і законных інтарэсаў.

На сайце Салігорскага дзяржаўнага каледжа таксама прапануюць пазнаёміцца з установай віртуальна. Тут размешчана шмат інфармацыі, а ўзмоцнена яна багатай калекцыяй відэаматэрыялаў: прэзентацыі прафесій, выступленні агітбрыгад, прафарыентацыйныя ролікі і іншае. У найбліжэйшую суботу плануецца работа прамой лініі — задаць пытанні ўсе жадаючыя змогуць па тэлефоне і па Skype. На сайце Капыльскага дзяржаўнага каледжа можна адправіцца на віртуальную экскурсію па ўстанове, а таксама задаць пытанні, звярнуўшыся ў кансультацыйны цэнтр “Прафарыенцір”.

Установы прафесійнай адукацыі працягваюць праца­ваць над тым, каб будучыя абітурыенты даведаліся ўсё, што ім трэба, максімальна бяспечным для сябе спосабам.

Дар’я РЭВА.