Сустрэліся на “Гарадніцы”

Гродна — горад, які захаваў унікальную гістарычную і архітэктурную спадчыну. Раён Гарадніца, створаны гродзенскім старастам Антоніем Тызенгаўзам, стаў сапраўдным упрыгажэннем горада. Тады, у XVIII стагоддзі, тут было ўзведзена 85 будынкаў рознага прызначэння: адміністрацыйныя будынкі, мануфактуры, жылыя дамы, навучальныя ўстановы, тэатр. Час пакінуў нешматлікія пабудовы Гарадніцы. Для гімназіі № 10 Гродна асабліва значным з’яўляецца той факт, што захаваны пакгаўз Тызенгаўза — зараз адзін з яе вучэбных карпусоў.

Педагогі і навучэнцы гімназіі з захапленнем вывучаюць мінулае і сучаснасць сваёй краіны, роднага горада і альма-матар. Таму і нарадзілася ідэя правядзення адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Гарадніца” на базе гімназіі. Прапанову падтрымалі ў Гродзенскім гарадскім аддзеле адукацыі, у аддзеле адукацыі Ленінскага раёна Гродна ў 2014 годзе. З таго часу кожны год сустракаемся на “Гарадніцы”. Гэтае мерапрыемства збірае тых, каму цікавыя гісторыя і сучаснасць Гродна, яго таямніцы і сакрэты. І калі на першай канферэнцыі было прадстаўлена 11 работ, то кожная наступная “Гарадніца” прырастала новымі ўдзельнікамі.

2018 год з’яўляецца юбілейным для Гродна. У верасні адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя яго 890-годдзю. У Год малой радзімы навучэнцы гімназіі сталі ўдзельнікамі марафону карысных спраў, прысвечаных роднаму гораду. І навукова-практычная канферэнцыя “Гарадніца” па праве можа лічыцца адным з этапаў гэтага марафону.

2018 год стаў юбілейным і для адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Гарадніца”: юныя знаўцы горада сабраліся ў гімназіі № 10 пяты раз. Пяць вялікіх і ўпэўненых крокаў у навуку здзейснілі даследчыкі. За гэты час выпрацаваліся традыцыі правядзення “Гарадніцы”. Канферэнцыя прадугледжвае работу пяці секцый: “Культурна-гістарычны комплекс “Гарадніца”. Спадчына А.Тызенгаўза”, “Гісторыя ў асобах. Забытыя імёны Гродзеншчыны”, “Гродзеншчына канфесійная”, “Актуальныя пытанні сучаснага развіцця Гродзеншчыны”, “Гродна — культурны цэнтр Беларусі”. Старшынямі журы кожнай секцыі з’яўляюцца выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, лепшыя педагогі горада, праваслаўныя святары.

У рабоце V адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі для педагогаў і навучэнцаў “Гарадніца” прынялі ўдзел 24 установы адукацыі Гродна, на суд кампетэнтнага журы была прадстаўлена 51 работа. Юныя даследчыкі здзяйснялі падарожжа па ваколіцах Гродна, вывучалі гісторыю горада па фотаздымках з сямейнага альбома, праводзілі паралелі паміж скамарохамі і Скамарошкамі — часткай гарадскога мікрараёна Альшанка, прадстаўлялі ўраджэнцаў Гродзеншчыны, якія зрабілі значны ўклад у айчынную і сусветную культуру. Гісторыя гродзенскіх храмаў і манастыроў, трагічныя лёсы прадстаўнікоў духавенства — удзельнікаў антыфашысцкага руху, асаблівасці культавага будаўніцтва на Гродзеншчыне ў розныя гістарычныя перыяды — тэмы, якія цікавілі ўдзельнікаў секцыі “Гродзеншчына канфесійная”.

Акрамя таго, юныя знаўцы вывучалі гісторыю развіцця адукацыі на Гродзеншчыне ў 1939—1941 гадах, гісторыю абласнога драматычнага тэатра і абласнога тэлебачання, цікавіліся археалагічнымі даследаваннямі на тэрыторыі Старога замка ў 2015—2018 гадах. Работы, падрыхтаваныя канкурсантамі, павышаюць турыстычную прывабнасць Гродзеншчыны. А навучэнцаў гімназіі № 10 з даследаваннем “Скамарохі ў Скамарошках: гісторыя адной вуліцы ў Гародні” запрасілі выступіць перад студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 2018 годзе 28 работ прызнаны лепшымі. І па добрай традыцыі ўсе пераможцы ўзнагароджваюцца памятнымі прызамі — яблыкамі, зробленымі па адмысловым заказе з рознакаляровага шкла.

Ганна МІХАЙЛОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Гродна.