Сустрэліся педагогі-інаватары

- 12:21Навіны рэгіёнаў

У Гродне стартаваў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі тых, хто вучыцца ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”, што разлічаны на 2020—2023 гады. У праекце прымаюць удзел 55 устаноў адукацыі, з іх 8 — ад Гродзенскай вобласці.

Праведзена ўстановачная су­ст­рэча педагогаў з кансультантам інавацыйнага праекта намеснікам начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людмілай Кіўлюк. Падчас гэтай сустрэ­чы разглядаліся пытанні арганізацыі інавацыйнай дзейнасці.

Рабочы, практыка-арыентаваны фармат правядзення сустрэчы падтрымала метадыст інстытута Марына Кійко, што дапамагло ўдзель­нікам вырашыць праблемы арганізацыйна-кіраўніцкага харак­тару. Педагогі-інаватары змаглі самавызначыцца і скарэкціраваць тэмы даследаванняў адносна зацверджанай мадэлі, убачыць рэальныя перспектывы і ўдакладніць для сябе чаканыя вынікі, прапісаныя ў праекце. Былі ўнесены карэктывы ў каляндарныя планы рэаліза­цыі праекта ў новым навучальным годзе.

Кансультант выбудавала прафесійныя адносіны з кожным педагогам, выкарыстоўваючы метады коўчынгу, каб выявіць іскрынку ў дзейнасці кожнага спецыяліста і ў далейшым на яе абаперціся. Улічаны асаблівасці дзейнасці педагогаў, якія ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці і ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Падчас сустрэчы была аказана дапамога інаватарам, якія разбіра­ліся ў пытаннях педагагічнай дыягностыкі па выбранай імі тэме даследавання. Удзель­нікі ўдакладнілі ролю школьнага педа­гога-псіхолага ў псіхалагічным су­праваджэнні інавацыйных працэсаў ва ўстанове адукацыі.

Кансультант рэкамендавала спосабы падключэння да рэалізацыі інавацыйнага праекта не толькі педагогаў, чые прозвішчы зацвер­джаны загадам дырэктара ўстановы адукацыі, але і ўсяго педагагічнага калектыву школы.

— Установачная сустрэча педагогаў нездарма прайшла ў сярэдняй школе № 11 Гродна, — адзначыла Людміла Кіўлюк. — Комплекснае навучанне каманд — удзельнікаў 8 уста­ноў адукацыі ў праекце — прайшло на прыкладзе дзейнасці членаў творчай групы інаватараў сярэдняй школы № 11. Тут нам спачатку прадставілі наяўныя напрацоўкі, якія вызначылі актуальнасць праекта для школьнага калектыву. Затым мы наведалі музей воінскай славы, азнаёміліся з прадуктамі дзейнасці бізнес-кампаніі, творчай візітоўкай пераможцы конкурсу “Лідар”.

Як падкрэсліла Людміла Кіўлюк, падчас сустрэчы былі зняты педагагічныя цяжкасці, зроблены канкрэтныя крокі да ажыццяўлення задуманага на практычным этапе, а значыць, рэалізацыя інавацыйнага праекта будзе на новым, якасным узроўні.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.