Сустрэць вучняў гатовы

Першага верасня на Гомельшчыне за парты сядуць 17 262 першакласнікі. Гэта на 650 чалавек больш, чым летась. Да пачатку навучальнага года падрыхтавана 1171 установа адукацыі. Дакументы гатоўнасці атрымала абсалютная большасць. Прыёмка ўсіх устаноў завершана.

1 верасня ўпершыню прыме дзяцей новая школа ў мікрараёне № 21 Гомеля. Пасля рэканструкцыі адкрыецца Літвінавіцкая сярэдняя школа Кармянскага раёна.

На падрыхтоўку класаў, інжынерных сістэм, харчаблокаў і тэрыторый у бю­джэце прадугле­джана Br21,76 млн. Асноўная частка — Br19,8 млн — накіравана на рамонт. Ёсць артыкул выдаткаў на набыццё камп’ютараў і сучаснага вучэбнага абсталявання.

На абнаўленне сталовых і буфетаў ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці накіравана звыш Br480 тысяч, больш як Br139,43 тысяч з іх — пазабюджэтныя сродкі і спонсарская дапамога. Больш за Br247 тысяч пайшло на закупку тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання для харчаблокаў. Падвозіць дзяцей будуць больш за 240 аўтобусаў.

Сёлета запланавана набыць 15 адзінак транспарту, у тым ліку дзве — спецыяльнага прызначэння з пад’ёмнікамі для дзяцей-інвалідаў. Набыта 12 аўтобусаў, яшчэ па трох праводзяцца працэдуры закупкі. На гэтыя мэты выдзелены Br1,46 млн з абласнога бю­джэту, а таксама субвенцыі, якія накіроўваюцца на пера­адоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Значная ўвага ўдзяляецца бяспецы дзяцей. Супрацоўнікі ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама абследавалі вулічна-дарожную сетку вакол устаноў адукацыі. Удасканальваюцца дарожныя ўмовы на шляху дзяцей да школы.

Ва ўсіх установах адукацыі, размешчаных у зонах рэагавання падраздзяленняў аховы абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС, маюцца ручныя сістэмы трывожнай сігналізацыі. Паэтапна ўсталёўваюць сістэмы відэаназірання.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.