“Сусвет інтэрнэту” запрашае

Не запутацца ў сусветнай павуціне і не прапасці ў сацыяльных сетках наведвальнікам дапаможа інтэрактыўная выстава “Сусвет інтэрнэту”, якая днямі адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яна прымеркавана да пачатку новага навучальнага года і накіравана на навучанне школьнікаў бяспечным паводзінам у інтэрнэце. Гэта сумесны праект Міністэрства адукацыі, кампаніі МТС і дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ.

Выставу адкрылі дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, генеральны дырэктар кампаніі МТС Уладзімір Карповіч і прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. Экскурсію для першых наведвальнікаў выставы правёў вядомы шоўмен выкладчык праекта “Дзеці ў інтэрнэце” Георгій Калдун.

Інтэрактыўная выстава “Сусвет інтэрнэту” працягвае праект “Дзеці ў інтэрнэце”, які кампанія МТС рэалізуе ўжо больш за 5 гадоў у межах пагаднення з Міністэрствам адукацыі пры падтрымцы ГІАЦ. За час праекта бяспечным паводзінам у сетцы навучана больш за 8500 школьнікаў. Урокі прайшлі ва ўсіх абласцях і многіх раённых гарадах краіны. Праект “Дзеці ў інтэрнэце” дэманструе, як па-за межамі школы можна вырашыць канкрэтную адукацыйную задачу — павысіць інтэрнэт-дасведчанасць падрастаючага пакалення і пазбавіць нашых дзяцей ад негатыўнага ўплыву інтэрнэт-асяроддзя.

— Сёння віртуальная прастора становіцца ўсё больш рэальнай. Гэта асабліва праяўляецца сярод дзяцей і падлеткаў: свабодны час яны ўсё часцей праводзяць у інтэрнэце, замест жывых узаемаадносін аддаюць перавагу абмену паведамленнямі ў сацыяльных сетках, — адзначыў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэр-ства адукацыі Павел Ліс. — Інтэрактыўная выстава “Сусвет інтэрнэту” дазваляе данесці да дзяцей базавыя прынцыпы бяспечных паводзін у цікавай і даступнай форме. Сістэматычная рэалізацыя падобных праектаў будзе садзейнічаць не толькі засваенню правіл, але і фарміраванню ўсвядомленых адносін да выкарыстання інтэрнэту.

“Сусвет інтэрнэту” — гэта шэсць інтэрактыўных зон. Яны прысвечаны гісторыі інтэрнэту, правілам паводзін у сетцы, бяспечнаму кантэнту і абароне асабістай інфармацыі. У гульнявой форме дзеці навучацца карыстацца антывіруснымі праграмамі (“Планета Дэнджарыус”), генерыраваць надзейныя паролі, даведаюцца, як правільна ўзаемадзейнічаць у інтэрнэце, у тым ліку з незнаёмымі людзьмі (“Зорка Іксоід”), якую інфармацыю пра сябе можна, а якую нельга размяшчаць у сацыяльных сетках (“Спадарожнік Лайфхакер”).

На пачатку падарожжа школьнікам прапануюць зрабіць фотаздымак. Яркае касмічнае афармленне выставы — цудоўны фон для фота. Першая зона — “Планета Канектыкус” — канструктар разумнага дома. Дзеці павінны пракласці сувязь ад сервера да розных прылад, рухаючы трубы-каналы. Такім чынам яны даведаюцца агульны прынцып работы сусветнай павуціны. Другая зона — апытанне дзяцей на тэму кібербулінгу. Школьнікі на планшэтах запаўняюць анкеты. Арганізатары выставы мяркуюць, што атрыманыя даныя дапамогуць ацаніць сітуацыю па кібербулінгу сярод школьнікаў, а ў будучыні стануць асновай для розных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне бяспекі ў кіберпрасторы. Трэцяя зона прадугледжвае работу з праграмай-шыфраватарам, якая ацэньвае ўзровень надзейнасці пароля і вучыць дзяцей правільна выбраць пароль. Чацвёртая зона з незвычайнай прыладай, якая дазваляе дзецям па сілуэце здагадацца, хто з аднакласнікаў ці экскурсаводаў пакінуў свой след, і паказаць, што створаны ў інтэрнэце і рэальны вобраз могуць не супадаць. Футурыстычнае крэсла запросіць у пятай зоне, а пазмагацца са зладзеямі, якія знаходзяцца ў сетцы, наведвальнікі могуць паспрабаваць у шостай зоне. На памяць яны атрымаюць ІД-пашпарты.

— Для нас тэма бяспечнага інтэрнэту для дзяцей — стратэгічна важная. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне прыхільнасці нашым каштоўнасцям і імкненням: мы хочам, каб сучасны свет інавацый і тэхналогій быў даступным і, самае галоўнае, бяспечным для школьнікаў і моладзі. Дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам адукацыі і ЮНІСЕФ, мы імкнёмся дапамагаць дзецям выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі правільна і з карысцю, умацоўваць веды маладога пакалення ў галіне кібербяспекі, працаваць з тэмай кібербулінгу, сеткавым этыкетам. Аб’яднаўшы намаганні, мы зможам быць больш эфектыўнымі і зрабіць сучасны свет бяспечным для дзяцей”, — падкрэсліў генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч.

Як паказала апошняе даследаванне ЮНІСЕФ, у Беларусі каля 90% дзяцей карыстаюцца інтэрнэтам, 70% з іх — штодзённа. Каля паловы падлеткаў ва ўзросце 13—17 гадоў сутыкаюцца з кібербулінгам у сетцы.

— Кіберпрастора — неад’емная частка жыцця дарослых і дзяцей. І мы, безумоўна, не можам пазбавіць дзяцей інтэрнэту, аднак трэба, каб яны ведалі, як узаемадзейнічаць з чужымі людзьмі, як стварыць абаронены пароль і інш. Інтэрактыўная выстава, якую мы запускаем, будзе садзейнічаць зніжэнню ўзроўню кібербулінгу. Я хацеў бы падзякаваць нашым партнёрам за прадукцыйную сумесную работу”, — сказаў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар.

Інтэрактыўная выстава ў сталіцы будзе працаваць месяц. Наведаць яе бясплатна змогуць усе жадаючыя — дзеці, педагогі, бацькі. Для гэтага неабходна зарэгістравацца на сайце праекта “Дзеці ў інтэрнэце” (рэгістрацыя пачнецца 10 верасня). Плануецца, што пасля работы ў Мінску выстава накіруецца ў абласныя цэнтры Беларусі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.