Сусветны банк прагназуе захаванне росту ў найбліжэйшыя тры гады

Сусветны банк апублікаваў студзеньскі даклад “Перспектывы сусветнай эканомікі”.

Згодна з дакладам, беларуская эканоміка прырасце ў 2018 годзе на 2,1 працэнта (гэтая ж лічба была агучана ў “Эканамічным аглядзе Сусветнага банка для Беларусі” ў снежні 2017 года), у 2019 і 2020 гадах рост ВУП Беларусі чакаецца на ўзроўні 2,4 працэнта.

У цэлым у 2018 годзе тэмпы эканамічнага росту ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі складуць 2,9 працэнта. “Расія прыстасавалася да новага ўзроўню цэн на нафту. Паводле прагнозаў, рост яе эканомікі прадоўжыцца і складзе (у бягучым годзе) 1,7 працэнта. Тэмпы росту эканомікі Казахстана, як чакаецца, стануць больш умеранымі — на ўзроўні 2,6 працэнта — па меры аслаблення эфекту такіх разавых мер, як рост здабычы нафты і падаткова-бюджэтнае стымуляванне. Прагназуецца, што са зніжэннем геапалітычнай напружанасці тэмпы росту эканомікі Украіны вырастуць з 2 працэнтаў у мінулым годзе да 3,5 працэнта”, — гаворыцца ў дакладзе.

У 2017 годзе тэмпы эканамічнага росту ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі перавысілі чаканні і дасягнулі 3,7 працэнта (у папярэднім годзе яны складалі 1,7 працэнта). Гэтыя поспехі былі дасягнуты пасля трох гадоў вельмі павольнага росту следам за рэзкім зніжэннем цэн на нафту ў 2014 годзе.

Паводле ацэнак СБ, тэмпы росту сусветнай эканомікі ў 2018 годзе павялічацца да 3,1 працэнта, але патэнцыял далейшага росту выклікае занепакоенасць. Чакаецца, што існуючыя ў сусветнай эканоміцы рэзервы будуць паступова вычарпаны.

Таксама чакаецца, што сусветная эканоміка ў 2018 годзе ўпершыню пасля сусветнага фінансавага крызісу 2008—2009 гадоў будзе працаваць амаль на поўную моц.