Сусветны дзень снегу ў школе

- 13:07Нам пішуць

У суботу 16 студзеня ў нашай Глускай санаторнай школе-інтэрнаце для дзяцей з саматычнай паталогіяй прайшло спартыўнае свята «Дзень снега». Пачынаючы з зімы 2012 года, у студзені па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS) адзначаецца новае свята – Сусветны дзень снегу (World Snow Day). Мэта свята – павысіць цікавасць да зімовых відаў спорту і ўцягнуць моладзь у актыўны лад жыцця.

З самай раніцы на тэрыторыі школы гучала вясёлая музыка, настройваючы і ўдзельнікаў свята, і гледачоў на адпаведны лад. А распачатым снегападам зіма нібы падкрэслівала значнасць ва ўсім свеце снегу.Адкрываючы свята, дырэктар школы А.М.Ласоцкі заклікаў навучэнцаў весці здаровы лад жыцця і займацца спортам. Для дзяцей была арганізавана спартландыя «Вясёлы сняжок». Выхаванцы ўдзельнічалі ў эстафетах, каталіся на санках, лыжах, каньках, гулялі ў хакей. Дзецям ладзілі снежныя баі, конкурсы па лепцы самай прыгожай і вялікі снежнай бабы. Таксама ў рамках забаўляльнай праграмы праводзіліся заняткі з дзецьмі па правілах бяспечнага знаходжання на лёдзе і снезе. Адметнасцю свята стала з’яўленне Дзеда Мароза, Снягуркі і казачных герояў з падарункамі для ўсіх дзяцей школы. Нягледзячы на марознае надвор’е шчаслівыя тварыкі дзяцей, вясёлы настрой хлопчыкаў і дзяўчынак сведчылі пра тое, што свята атрымалася. Гэты дзень дазволіў атрымаць асалоду ад снегу, зразумець, што спорт – гэта не толькі від дзейнасці, але і цікавая забава, якая прыносіць масу станоўчых эмоцый. Усе ўдзельнікі мелі магчымасць атрымаць задавальненне ад снегу і, вядома ж, умацаваць сваё здароўе. Значыць, увесь год у нас будзе бадзёры і вясёлы!

Таццяна Грамыка,
намеснік дырэктара Глускай санаторнай школы-інтэрната
для дзяцей з саматычнай паталогіяй.