Сутнасць і змест гарантавання нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы вызначаны

- 11:45Інфармацыйная гадзіна

Апублікавана Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Дакумент у поўнай версіі даступны на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Беларусі.

Канцэпцыя ўяўляе сабой сістэму афіцыйных поглядаў на сутнасць і змест гарантавання нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, вызначае стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне гарантавання інфармацыйнай бяспекі.

Дакумент забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі, стварае метадалагічную аснову для ўдасканалення дзейнасці па яе ўмацаванні, служыць падставай для фарміравання дзяржаўнай палітыкі, выпрацоўкі мер па ўдасканаленні сістэмы гарантавання інфармацыйнай бяспекі, канструктыўнага ўзаемадзеяння, кансалідацыі намаганняў і павышэння эфектыўнасці абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы.Грунтуецца на Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі і зыхо­дзіць з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце.

Як адзначаецца ў дакуменце, на цяперашнім этапе сусветнага развіцця інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для сучаснага чалавека, грамадства, дзяржавы і аказвае ўсёабдымны ўплыў на эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў краінах і рэгіёнах.

Інфармацыйнае грамадства, якое фарміруецца ў глабальным маштабе, уяўляе сабой новы этап развіцця цывілізацыі з перавагай ведаў і інфармацыі, уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій на ўсе сферы чалавечай дзейнасці. Кардынальна павышаецца роля інфармацыйных тэхналогій у рэалізацыі правоў і свабод грамадзян.

Трансфармацыя соцыуму ў інфармацыйнае грамадства параджае і новыя рызыкі, выклікі і пагрозы, якія закранаюць непасрэдна пытанні гарантавання нацыянальнай бяспекі, у тым ліку абароненасць інфармацыйнай прасторы, інфармацыйнай інфраструктуры, інфармацыйных сі­стэм і рэсурсаў.

“Фарміраванне ў Рэспубліцы Беларусь інфармацыйнага грамадства, якое забяспечвае даступнасць інфармацыі, распаўсюджванне і выкарыстанне ведаў для паступальнага і прагрэ­сіўнага развіцця, разглядаецца як нацыянальны прыярытэт і агульна­дзяржаўная задача”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Усяго канцэпцыя на 30 старонках уключае ў сябе 7 раздзелаў і 27 глаў. У тым ліку даецца ацэнка стану і развіццю інфармацыйнай сферы ў Беларусі, пералічваюцца мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі, даюцца азначэнні такім ключавым паняццям, як інфармацыйныя суверэнітэт і нейтралітэт, удзелена ўвага пытанням рэагавання на рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы.

Бяспека інфармацыйнай пра­сторы вызначана як адна з найважнейшых умоў развіцця суверэннай, дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы. У гэтым плане размова ідзе пра захаванне традыцыйных асноў і каштоўнасцей, бяспекі масавай інфармацыі, інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржпалітыкі.

Вялікая ўвага ў канцэпцыі ўдзелена і пытанням гарантавання бяспекі інфармацыйнай інфраструктуры, у тым ліку нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, супрацьдзеянню кіберзлачыннасці.