Сутнасць настаўніка — любіць дзяцей

- 10:56Якасць адукацыі

21 верасня Шалва Аманашвілі адкрыў першы фестываль “Настаўнік будучыні”. Фестываль арганізаваны Цэнтрам гуманнай педагогікі Беларусі пры падтрымцы Мінскага інстытута развіцця адукацыі і прафсаюза педагогаў сталіцы. Рабочай пляцоўкай мерапрыемства стаў сталічны інстытут развіцця адукацыі. 

На фестываль зарэгістравалася каля 200 работнікаў адукацыі з усёй краіны, галоўнай матывацыяй для якіх стала пашырэнне ў сваёй практыцы прымянення гуманна-асобаснага падыходу ў адукацыйным працэсе. На працягу двух дзён прахо­дзілі майстар-класы педагогаў з Расіі, Грузіі і Беларусі.

Усе ахвотныя маглі наведаць урокі матэматычнага ўяўлення, музыкі, пісьмова-маўленчай дзейнасці, пазнавальнага чытання, пазашкольнага развіцця. У раскладзе фестывалю былі і ўрокі жаноцкасці, мудрасці і мужчынскага выхавання. Пасля кожных заняткаў ладзіліся абмеркаванні з настаўнікамі.

Але цэнтральнай падзеяй фестывалю стала выступленне Шалвы Аманашвілі “Сутнасць настаўніка”.

Шалва Аманашвілі — грузінскі, савецкі, расійскі педагог-наватар, доктар псіхалагічных навук, акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, прафесар. Уладальнік шматлікіх званняў і ўзнагарод, у тым ліку “Рыцар дзяцінства”, “Настаўнік Вялікай Расіі”, лаўрэат прэміі Урада Расійскай Федэрацыі. Заснавальнік сістэмы гуманна-асобаснага падыходу да дзяцей у адукацыйным працэсе. Аўтар больш як 20 кніг, многія з якіх сталі класікай выхаваўча-педагагічнай літаратуры. Заснаваў больш за 200 цэнтраў і лабараторый гуманнай педагогікі ў Расіі, Украіне, Беларусі, Кіргізіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Эстоніі. З’яўляецца навуковым кіраўніком шэрага эксперыментальных школ.

Падчас выступлення Шалвы Аляксандравіча гучалі наступныя яго думкі-меркаванні:

Школа працуе па прынцыпе прычын і вынікаў.

Увесь адукацыйны свет залежыць ад нас­таўніка.

Гуманная педагогіка заснавана на настаўніку, яго свядомасці і сэрцы.

Настаўнікамі не могуць быць бессардэчныя.

Не той настаўнік добры, які ведае праграму і правільна вучыць, а той, якога любяць дзеці.

Настаўніцкае шчасце — любоў дзяцей.

Настаўнік не можа мець нелюбімага вучня.

Дзіця для настаўніка — з’ява яго жыцця, да якога ставяцца з трапятаннем.

У кожнага дзіцяці свой шлях і вялікая сіла духу.

Настаўнік не можа навязваць дзіцяці свой шлях, свае погляды.

Дзеці бязмежныя ў сваіх здольнасцях, таму кожнаму патрэбен свой урок. У сувязі з гэтым настаўнік павінен рыхтаваць цэлую матрошку ўрокаў.

Усе дзеці хочуць развівацца.

Развіццё — гэта не веды, а адкрыццё тых здольнасцей, з дапамогай якіх мы атрымліваем веды.

Дзеці не ўмеюць вучыцца, таму спачатку іх трэба навучыць вучыцца.

Няма цяжкіх праграм, цяжкасці ў настаўніку, які не ведае, як развіваць дзіця.

Дзеці хочуць свабоды, а свабода — гэта выбар што вучыць і як вучыць.

Школа — гэта лесвіца для ўзыходжання дзіцяці.

Настаўнік — гэта душа, дарыльшчык свету.

Урок — гэта асаблівы лад жыцця дзіцяці.

Дзеці не рыхтуюцца да жыцця. Яны ўжо жы­вуць.

Гуманная педагогіка — працэс, які прыводзіць дзіця да самога сябе.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.