Сутнасць партнёрства з Сусветным банкам глыбейшая, чым толькі грошы для развіцця

Беларусь разлічвае на павелічэнне ў краіне партфеля праектаў Сусветнага банка. Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з прадстаўнікамі савета выканаўчых дырэктараў групы Сусветнага банка.

“Дзеючы партфель складае восем інвестыцыйных пазык на агульную суму каля $800 млн. Мы высока ацэньваем дасягнуты ўзровень узаемадзеяння і разлічваем на павелічэнне дзеючага партфеля ў найбліжэйшай перспектыве”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Больш як за 25 гадоў сумеснага супрацоўніцтва Беларусі з Сусветным банкам рэалізаваны праекты на суму амаль $1,7 млрд.

“Сутнасць нашага партнёрства намнога глыбейшая, чым грошы для развіцця. Мы сумесна працуем над тым, каб інвестыцыі, фандуемыя рэсурсамі банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі, вырашалі сістэмныя задачы павышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Менавіта таму ў новай пяцігадовай рамачнай стратэгіі групы Сусветнага банка сфарміраваны збалансаваны партфель праектаў, які адпавядае прыярытэтам эканамічнай палітыкі Беларусі.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, у Беларусі чакаюць, што рэалізацыя сумесных з Сусветным банкам праектаў унясе ўклад у рэалізацыю асноўных дзяржпраграм на сярэднетэрміновы перыяд. Гэта дасць магчымасць стварыць аснову для доўгатэрміновага ўстойлівага росту эканомікі краіны.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванню дзелавой актыўнасці. У канцы мінулага года быў прыняты пакет заканадаўчых актаў у сферы лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і стварэння асноў для фарміравання лічбавай эканомікі.

“Мы спадзяёмся, што гэта надасць дадатковы імпульс для развіцця малога і сярэдняга бізнесу і прыватнага сектара ў Беларусі. І мы вельмі рады, што ў гэтым пытанні знаходзім падтрымку з боку Сусветнага банка”, — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.