Сувенір да школьнага юбілею

- 12:33Навіны рэгіёнаў

Па выніках першага фестывалю бізнес-кампаній, які быў арганізаваны ў Шчучынскім раёне, бізнес-кампанія Ражанкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы была прызнана лепшай. Пра тое, як стваралася і дзейнічае кампанія, расказваюць:

Аліна Тадэвушаўна ЦІВІНСКАЯ, дырэктар школы:

— Школьная бізнес-кампанія “Сюрпрыз” створана 1 верасня 2018 года. А мэту мы ставілі простую — атрыманне навучэнцамі практычных навыкаў па асновах прадпрымальніцтва і кіравання. Работа бізнес-кампаніі накіравана таксама на развіццё эканамічнай адукацыі і прадпрымальніцтва сярод моладзі, прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў.

Кіруе яе дзейнасцю намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Вячаславаўна Дашкевіч. Непасрэдна арганізоўвае работу з дзецьмі Святлана Станіславаўна Кучук, якая з’яўляецца выпускніцай Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Удзельнікі бізнес-кампаніі — гэта навучэнцы 10—11 класаў.

Ідэя вырабу сувеніраў да значных падзей, свят узнікла ў сувязі з тым, што наша ўстанова адукацыі з’яўляецца сацыяльна-культурным цэнтрам аграгарадка. Традыцыйнымі сталі святочныя канцэрты, сумесныя мерапрыемствы, конкурсы, на якія збіраецца шмат гасцей. Спачатку мы рабілі сувеніры для падарункаў, а потым вырашылі стварыць бізнес-кампанію. Кожны з яе членаў прыходзіць са сваёй ідэяй вырабаў. Разам мы абмяркоўваем і ствараем узоры. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца каляндарыкі з відамі школы і аграгарадка, дэкаратыўныя кветкі, бірулькі, кухонныя прыхваткі, блакноты.

Ганна ПАЛЯНСКАЯ, навучэнка школы:

— Мы з задавальненнем займаемся ў бізнес-кампаніі. Навучыліся вырабляць мноства цікавых сувеніраў, якія можна заўсёды падарыць сябрам, упрыгожыць імі сваю кватэру. Вялікім попытам карысталіся нашы сувеніры на традыцыйным вечары сустрэчы выпускнікоў 2 лютага 2019 года. У далейшым плануем пашырыць асартымент прадукцыі і падрыхтаваць штосьці цікавае і запамінальнае да юбілею школы, які будзем адзначаць у маі 2019 года.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.