Сувязь пакаленняў

Кожны чалавек з дзяцінства знаёміцца з культурай, дасягненнямі, прыродай роднага краю, з гісторыяй, каранямі і звычаямі свайго народа. Дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш спрыяльным для выхавання ў дзяцей патрыятычных пачуццяў.

Пазнанне мінулага і сучаснага Радзімы, ужыванне беларускай мовы штодзённа, правядзенне заняткаў па развіцці маўлення, слуханне народных спеваў, удзел у народна-абрадавых святах — гэта работа педагогаў па навучанні, развіцці і выхаванні дашкольнікаў у працэсе сумеснай дзейнасці дарослых і дзяцей.

Раней калядны рытуал быў цесна звязаны з жыццём прароды, яе чаканым абуджэннем. З цягам часу свята набыло характар забавы. Але калядныя прыкметы жывуць і цяпер: “На Раство завіруха — будуць добра раіцца пчолы”, “Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі”, “Святое Раство — людзям прыгаство”. Нашы дзеці добра ведаюць гэтыя прыкметы. Але найбольшае задавальненне ў дашкольнікаў выклікала падрыхтоўка да Калядак. Дзеці разам з дарослымі рабілі атрыбуты для Калядак: калядную зорку, маскі і касцюмы, упрагожвалі музычны зал народнымі вырабамі з саломкі, выцінанкамі, саматканымі пакрываламі. Музычны кіраўнік і выхавальнікі дапамаглі вывучыць вершы і калядныя песні.

На пачатку свята хлопчыкі і дзяўчынкі пераапрануліся ў касцюмы калядоўшчыкаў. Дзеці віншавалі Гаспадыню і гасцей, спявалі жартоўныя песні. Завіталі на свята нават і Цыган з Цыганкаю. Гэтыя ролі па-майстэрску выканалі педагогі нашага калектыву. Але самай прыемнай нечаканасцю для дзяцей была сустрэча з удзельнікамі народнага гурта “Лучына” ў складзе Е.М.Войцык і Н.Ф.Тарашкевіч. Жанчыны сталага ўзросту спявалі для нашых дзяцей народныя калядныя песні, расказалі, як адзначалася гэтае свята ў даўніну. Звярнулі ўвагу на беларускае народнае адзенне, у якое жанчыны былі апрануты. Яно ўражвала саматканым арнаментам форм і пышным раслінным дэкорам. У канцы свята дзеці атрымалі падарункі і, канечне, яркія, незабыўныя ўражанні.

Мы спадзяёмся, што такімі мерапрыемствамі мы дапаможам захаваць у душах дзяцей вернасць добрым народным традыцыям, удзячнасць памяці нашчадкаў у іх любові і адданасці бацькоўскаму краю, бо нельга выхоўваць дзяцей у адрыве ад роднай культуры і роднага слова.

Раіса ГРЫШЧУК.