“Сузор’е талентаў-2018”

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні прайшло адно з самых прыгожых святаў — “Сузор’е талентаў-2018”.

У актавай зале сабраліся 63 вучні, якія заваявалі 85 прызавых месцаў у прадметных алімпіядах, іх настаўнікі і бацькі. Са словамі прывітання і падзякі да вучняў, педагогаў і бацькоў звярнуўся дырэктар школы Аляксандр Уладзіміравіч Джумкоў.

Вельмі простыя, але цёплыя і добрыя пажаданні ў адрас педагогаў ад імя бацькоў выказала Таццяна Анатольеўна Літвінка.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання Аляксандр Уладзіміравіч і яго намеснікі Марыя Эдуардаўна Сташко, Святлана Валер’еўна Гурыновіч, Таццяна Іванаўна Шчасная і Наталля Мікалаеўна Сазонова ўручылі вучням граматы і памятныя падарункі. Іх бацькі атрымалі падзячныя лісты, а настаўнікі — граматы за мэтанакіраваную працу па развіцці інтэлектуальных здольнасцяў вучняў.

Першымі для ўзнагароджання былі запрошаны тыя, хто запаліў “Сузор’е дакладных навук” на школьным небасхіле, — 13 вучняў, якія заваявалі 18 дыпломаў па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы.

Сярод іх — прызёр III ступені абласнога этапу алімпіяды па фізіцы, вучань 11 класа Дзмітрый Пумпур (настаўнік Людміла Ільінічна Юрэвіч), якому, акрамя граматы і падарунка, быў уручаны падарункавы сертыфікат.

Такі ж сертыфікат атрымала і адна з 13 знаўцаў беларускай мовы і літаратуры — прызёр III ступені абласнога этапу алімпіяды 11-класніца Кацярына Броўка (настаўнік Валянціна Іосіфаўна Вайнілка). Ад імя ўсіх вучняў, пераможцаў прадметных алімпіяд, Кацярына выказала кранальныя словы ўдзячнасці настаўнікам і бацькам.

Самым шматлікім аказалася “Сузор’е аматараў рускага слова”, якое прынесла ў скарбонку сёмай школы 16 дыпломаў у алімпіядзе па рускай мове і літаратуры.

Аднолькава добра валодаюць не толькі дзяржаўнымі мовамі, але і замежнай 7 пераможцаў алімпіяды па англійскай мове.

Шасцёра навучэнцаў, якія адстойвалі гонар школы на прадметных алімпіядах па біялогіі, хіміі і геаграфіі, склалі “Сузор’е прыродазнаўчых навук”. Самая яркая зорачка ў гэтым сузор’і — вучань 9 класа Ілья Мацюлько, прызёр III ступені абласнога этапу алімпіяды па геаграфіі (настаўнік Наталля Іванаўна Тамчук), якому разам з дыпломам і падарункам таксама быў уручаны падарункавы сертыфікат.

“Сузор’е сусветнага маштабу” — гэта 13 вучняў, якія заваявалі дыпломы па гісторыі, грамадазнаўстве, чарчэнні і працоўнім навучанні.

Напрыканцы свята свае першыя ўзнагароды за перамогу ў прадметнай алімпіядзе атрымалі 8 чацвёртакласнікаў, якія аказаліся лепшымі ў раёне знаўцамі па матэматыцы, рускай і беларускай мовах.

Непаўторную святочную атмасферу стварыла пераможца раённай алімпіяды па беларускай і рускай мове і літаратуры, лаўрэат шматлікіх музычных конкурсаў, удзельніца тэлешоу “Лепш за ўсіх” з Максімам Галкіным Настасся Ванеева, якая віртуозна сыграла на цымбалах. Настрой стварылі і танцы ў выкананні выхаванцаў узорнай студыі “Эўрыка” (кіраўнік Сяргей Пятровіч Елізавеценка), яркія спевы Юліі Забельскай, Данілы Вяля і іх кіраўніка Валерыі Віктараўны Неўскай, а таксама вядучыя Дар’я Літвінка і Андрэй Говіч.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.