Свабода, роўнасць, братэрства!

- 12:06Паралелі

Нядаўна карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пашчасціла наведаць Міжнародны цэнтр педагагічных даследаванняў CIEP у горадзе Сеўр і акадэмію Парыжа. Спецыялісты гэтых устаноў правялі для беларускіх педагогаў цэлы шэраг лекцый і прэзентацый. Яны расказалі пра французскі вопыт у галіне рэфармавання сістэмы адукацыі. У прыватнасці, гаворка ішла аб арганізацыі профільнага навучання на старшых ступенях школы, дзякуючы якому і рэалізоўваецца такі важны для Французскай Рэспублікі прынцып роўнасці магчымасцей.

Зараз у Францыі актыўна ідзе рэфармаванне адукацыйнай сістэмы. Акцэнт робіцца на інтэграцыю і сацыялізацыю розных слаёў насельніцтва дзеля прыняцця імі рэспубліканскай мадэлі адукацыі. Лозунг Французскай Рэспублікі — “Свабода, роўнасць, братэрства!” Таму гаворка ідзе аб тым, што ў школьнай сістэме адукацыі павінны быць створаны роўныя ўмовы для ўсіх навучэнцаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям з нядобранадзейных сем’яў.
Роўнасць шансаў у Францыі забяспечваецца ўжо ў мацярынскай школе, якая ахоплівае дзетак ад 3 да 6 гадоў. Паводле статыстыкі, 99% 3-гадовых французаў ходзяць у мацярынскую школу. Каля 25% дзяцей адпраўляюцца туды ўжо ў 2-гадовым узросце.
Можна спрачацца, як называць гэты ўзровень адукацыі — школа ці дзіцячы садок, але самі французы настойваюць на тым, што гэта ўсё ж такі школа. На дадзеным этапе прысутнічаюць элементы навучання і выхаваўчая работа з дзецьмі вядзецца як з будучымі грамадзянамі Французскай Рэспублікі.
Пачатковая школа — для дзяцей з 6 да 11 гадоў. За гэты перыяд вучні два разы праходзяць нацыянальнае тэсціраванне. Яго вынікі ніяк не ўплываюць на іх далейшае прасоўванне па школьнай лесвіцы. У той жа час яны дазваляюць Міністэрству адукацыі правесці маніторынг і выявіць установы, якія патрабуюць дадатковага персаналу ці дадатковай падтрымкі (калі там прысутнічаюць непаспяваючыя навучэнцы).
Да апошняга часу ў пачатковай школе Францыі дзеці вучыліся 4 дні ў тыдзень. Серада — выхадны дзень. Дзеці прыходзілі ў школу, знаходзіліся ў групе прадоўжанага дня, але вучобы не было. Навукоўцы разбурылі гэтую ідылію, даказаўшы, што раніца — гэта самы прадукцыйны час для заняткаў. Таму Міністэрства адукацыі вырашыла ўстанавіць для дзяцей пяць вучэбных раніц, і цяпер яны вучацца не 4 дні, а 4 з паловай.
Каледж ахоплівае дзяцей з 11 да 15 гадоў, і тут захоўваецца адзіны від сярэдніх класаў. У той час як, напрыклад, у Германіі прафілізацыя пачынаецца пасля пачатковай школы, французы, зноў жа кіруючыся ідэяй роўнасці шансаў, вырашылі не ўводзіць профілі на ўзроўні каледжа.
Дарэчы, у Францыі рэдка можна сустрэць навучанне ў дзве змены ў адной установе, таму што кожнаму этапу навучання адпавядае асобная ўстанова адукацыі і асобны будынак. Пасля заканчэння каледжа навучэнцы здаюць адзінае нацыянальнае тэсціраванне і атрымліваюць адпаведны дыплом.
Французы з’яўляюцца сапраўднымі чэмпіёнамі па другагодніцтве. Кожны трэці французскі школьнік ва ўзросце 15 гадоў хаця б аднойчы заставаўся вучыцца на другі год. Адукацыя бясплатная, і ў грамадстве час ад часу абмяркоўваецца, наколькі рэнтабельная такая мера. Большасць французаў выступае за другагодніцтва, расцэньваючы яго як адзін з фактараў якасці адукацыі.
Цікава, што на тэрыторыі ўсёй Францыі і нават у заморскіх дэпартаментах краіны існуюць адзіныя адукацыйныя праграмы для ўсіх навучэнцаў.

Дзеці з 15 да 18 гадоў вучацца ў ліцэі. І вось тут можна назіраць вялікую колькасць профільных класаў.
Пасля заканчэння ліцэя выпускнікі здаю ць адзінае нацыянальнае тэсціраванне і атрымліваюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі — бакалаўрыят (не трэба блытаць з першай ступенню вышэйшай адукацыі). У французскай сістэме бакалаўрыят з’яўляецца экзаменам за курс сярэдняй школы, а таксама першым дыпломам у сістэме вышэйшай адукацыі. Ён дае выпускнікам права паступаць ва ўніверсітэт без уступных выпрабаванняў.
Праходжанне бакалаўрыята для французаў вельмі важнае. Яны лічаць яго першым этапам дарослага жыцця чалавека. Гэты экзамен існуе ў Францыі вельмі даўно, з канца ХІХ стагоддзя, і напачатку толькі 1% навучэнцаў мог яго вытрымаць. У апошні час у Францыі назіраецца дыверсіфікацыя доступу да адукацыі і ўсё большая колькасць навучэнцаў атрымлівае гэты прэстыжны дыплом (сёння каля 90% выпускнікоў ліцэя). Французы прызнаюць, што ўзровень патрабаванняў бакалаўрыята знізіўся.
Існуе тры асноўныя віды профільных класаў: агульны ліцэй, тэхналагічны ліцэй і прафесійны ліцэй. Навучанне ў ліцэі доўжыцца тры гады. Першы год усе ліцэісты вучацца па агульных праграмах, але з магчымасцю выбару факультатываў і апцыйных прадметаў. Апошнія даюць ліцэістам магчымасць выбраць будучы прафесійны напрамак. Гэта не значыць, што калі ліцэіст выбраў біялогію ў якасці апцыйнага прадмета, то ён павінен займацца на біялагічным профілі. Год даецца для таго, каб ліцэісты падумалі і пры неабходнасці маглі перайсці ў іншы клас.
На першым годзе навучання ў агульным ліцэі вылучаюцца профільныя класы трох відаў: літаратурныя, прыродазнаўчанавуковыя, а таксама класы для вывучэння эканамічных і сацыяльных навук. Існуе неафіцыйная іерархія паміж гэтымі трыма напрамкамі асноўнага ліцэя. Безумоўна, прыродазнаўчанавуковыя класы з’яўляюцца самымі складанымі, туды, як правіла, трапляюць самыя паспяховыя ліцэісты. У будучыні гэта дасць ім магчымасць паступаць у інжынерныя школы, якія з’яўляюцца вельмі прэстыжнымі. Калі выпускнікі ўніверсітэтаў могуць мець праблемы з працаўладкаваннем, то пасля інжынернай школы спецыялістам гарантаваны работа і высокая зарплата.
У тэхналагічным ліцэі існуе 8 напрамкаў профільных класаў: клас навукі і тэхналогій прамысловасці і ўстойлівага развіцця, клас навукі і тэхналогій дызайну і прыкладных мастацтваў, клас навукі і тэхналогій кіравання і менеджменту, клас навукі і тэхналогій аховы здароўя і сацыяльнага развіцця, клас навукі і тэхналогій лабараторый, клас тэхнікі музыкі і танца, клас гасцінічнай справы, клас навукі і тэхналогій сельскай гаспадаркі. Два апошнія арганізаваны пад патранажам адпаведна Міністэрства культуры і Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Што да прафесійнага ліцэя, то выпускнікі таксама могуць здаць бакалаўрыят або атрымаць дыплом рабочага сярэдняй кваліфікацыі, так званы сертыфікат прафесійных уменняў. Па статыстыцы, 30% выпускнікоў прафесійнага ліцэя здаюць бакалаўрыят і паступаюць ва ўніверсітэты.
Прыкладна палова ліцэістаў выбірае асноўны бакалаўрыят, чвэрць — тэхналагічны, яшчэ чвэрць — прафесійны. Ёсць ліцэі, у якіх можна знайсці класы розных профіляў, а могуць быць асобныя прафесійныя ліцэі.

Паколькі вышэйшая адукацыя ў Францыі з’яўляецца канстытуцыйным правам, то ўсім грамадзянам краіны прадастаўляецца магчымасць яе атрымаць: ва ўніверсітэт прымаюць усіх выпускнікоў з дыпломам бакалаўра. Безумоўна, ужо на першым годзе навучання адбываецца натуральны адбор, і толькі палова паступіўшых па выніках экзаменацыйных сесій заканчвае першы курс. А ўвогуле першую ступень вышэйшай адукацыі завяршаюць прыкладна 30% студэнтаў.
У Францыі дзве падсістэмы вышэйшай адукацыі. З аднаго боку, гэта ўніверсітэты, куды могуць паступаць усе выпускнікі ліцэя. З другога боку, гэта вышэйшыя школы, якія могуць мець інжынерны профіль або навучаць бізнесу. У гэтыя школы нельга паступіць адразу пасля ліцэя, трэба прайсці двухгадовыя падрыхтоўчыя курсы. Прымаюць на курсы па конкурсе, і завяршаюцца яны таксама праходжаннем конкурсу, таму ў вышэйшыя школы паступаюць толькі каля 5% ад агульнай колькасці студэнтаў. У Францыі асабліва каціруюцца інжынерныя школы, бо яны лічацца асновай прамысловага і ўвогуле эканамічнага росту.

Усе настаўнікі ў Францыі маюць статус дзяржаўных служачых, набіраюцца па дзяржаўным конкурсе і атрымліваюць гарантаванае рабочае месца на ўсё жыццё. Звольніць настаўніка ў Францыі практычна немагчыма. У краіне, дзе сёння налічваецца 3,5 мільёна беспрацоўных (11%), гэта азначае сур’ёзную сацыяльную абароненасць.
Калі, напрыклад, у многіх краінах самі школы прымаюць на работу настаўнікаў, то ў Францыі існуе сістэма нацыянальнага размеркавання. Пасля заканчэння педагагічнага інстытута выпускнікі праходзяць гадавую практыку ў школе. Пасля гэтага яны павінны ўдзельнічаць у конкурсе і пры ўмове яго паспяховага праходжання атрымліваюць статус і месца працы. Міністэрства адукацыі размяркоўвае настаўнікаў на работу па школах на тэрыторыі ўсёй краіны. Шансы трапіць у лепшую школу залежаць ад колькасці балаў, набранных падчас конкурсу. Тыя, хто знаходзіцца ў канцы спіса, адпраўляюцца ў праблемныя школы.
У большасці мегаполісаў Францыі, асабліва ў Парыжы, ёсць прыгарады, дзе на працягу дзесяцігоддзяў рассялялі міграцыйнае насельніцтва, і там якраз знаходзяцца гэтыя праблемныя школы. А паколькі ў Францыі існуе дакладнае размеркаванне — дзеці ходзяць у школу свайго раёна, то змяніць сітуацыю вельмі складана. У апошні час улады робяць спробы забяспечыць сацыяльную змешанасць у школах, але грамадскасць выступае супраць гэтага.
У маладых настаўнікаў, якія трапляюць на работу ў праблемныя школы, ёсць магчымасць палепшыць сваё становішча. На працягу сваёй кар’еры яны набіраюць пэўную колькасць балаў і тады могуць папрасіць, каб іх перавялі ў іншую ўстанову адукацыі. Існуе неафіцыйная іерархія тэрыторый Францыі: усе хочуць ехаць на поўдзень краіны, на Блакітны бераг, у Праванс, дзе вельмі камфортны клімат, і непрыстыжным лічыцца поўнач краіны, дзе часта пахмурна і дажджліва.
Павышэнне кваліфікацыі для настаўнікаў праводзіцца рэгіянальнымі дэпартаментамі, але яно не з’яўляецца абавязковым для кар’ернага росту. Насамрэч гэта праблема, якую дзяржава таксама спрабуе вырашаць. Але ў Францыі вельмі моцнае прафсаюзнае лобі і любыя спробы змяніць штосьці адразу прыводзяць да настаўніцкіх забастовак. Таму павышэнне кваліфікацыі з’яўляецца, як правіла, асабістай справай кожнага канкрэтнага настаўніка.
У Францыі выдаткі на сістэму адукацыі з’яўляюцца першым артыкулам выдаткаў у дзяржаўным бюджэце — каля 150 мільярдаў еўра ў год (6,8% ВУП). Адукацыя на ўсіх узроўнях бясплатная, адзінае — студэнты ўніверсітэтаў плацяць каля 300 еўра ў год (30% ад мінімальнай заработнай платы) на адміністратыўныя расходы і сацыяльнае страхаванне.
Сярэдні расход на аднаго навучэнца школы складае 7720 еўра ў год.
Каля 20% навучэнцаў вучацца ў прыватных школах, прычым амаль усе яны працуюць па кантрактах з дзяржавай, якая выдзяляе субсідыі. Персанал прыватных школ таксама набіраецца па дзяржаўным конкурсе (асобным для прыватных школ). Навучэнцы даплачваюць за навучанне, але сумы значна меншыя, чым выдаткі. Выпускнікі прыватных школ атрымліваюць такія ж дыпломы, як і выпускнікі дзяржаўных.
Ніякага ранжыравання школ у Францыі не праводзіцца. Дзяржава выступае супраць любых рэйтынгаў. Яна лічыць, што гэта яе абавязак забяспечыць аднолькава якасную адукацыю для навучэнцаў усіх школ. Безумоўна, налічваючы балы настаўнікам, Міністэрства адукацыі ўлічвае, якая сацыяльная катэгорыя навучэнцаў у той ці іншай школе. Напрыклад, у праблемным прыгарадзе значна менш тых, хто здае бакалаўрыят, чым у добрым горадзе. Гэта бярэцца пад увагу.
Вялікая праблема ў тым, што многія французскія школьнікі кідаюць школу да яе заканчэння. Такіх налічваецца каля 120 тысяч. Часта гэтыя маладыя людзі трапляюць у крымінальныя колы. Таму лічыцца важным адсочваць пропускі дзяцей на самай ранняй стадыі, арыентаваць іх на атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Вялікім плюсам французскай сістэмы з’яўляецца тое, што за дзяцей і падлеткаў змагаюцца не толькі школы, але і іншыя сацыяльныя інстытуты, вельмі дапамагаюць дэпартаменты адукацыі. Калі дырэктару якой-небудзь праблемнай школы ўдаецца спраўляцца і вяртаць дзяцей за парты, то гэта можа станоўча адбіцца на яго кар’еры.
Колькі ж зарабляюць французскія настаўнікі?
Калі яны накіроўваюцца на работу ў якасці стажораў, іх зарплата складае 1325 еўра (пасля выплаты ўсіх падаткаў). Гэта не так шмат, улічваючы, што сярэдняя зарплата ў Францыі складае 1650 еўра. Але з цягам часу настаўніцкая зарплата расце. Праз некалькі месяцаў стажыроўкі — 1428 еўра. У год, калі настаўнік становіцца дзяржаўным служачым, яго зарплата складае 1640 еўра. Пасля двух гадоў работы — 1690 еўра, пасля 10 гадоў — 1879, пасля 20 гадоў — 2300—2700 еўра. Для Парыжа, дзе вельмі высокі кошт жылля, гэта не вельмі высокая зарплата, але для правінцыі зусім нядрэнная.
Французскія настаўнікі вельмі даражаць гарантаваным статусам і працяглым адпачынкам. З 52 тыдняў толькі 36 тыдняў вучэбных, а астатні час — канікулы, падчас якіх настаўнікі атрымліваюць тую ж зарплату.

У 2005 годзе ў Францыі з’явіўся закон, які ўвёў новыя падыходы да ацэньвання якасці навучання. Гаворка ідзе пра ўвядзенне пэўнай колькасці ключавых ведаў, навыкаў і культурных арыенціраў, якімі павінны валодаць усе навучэнцы. У адпаведнасці з гэтым законам, які быў дапоўнены ў 2013 годзе, выкладчыкі, акрамя ацэначнай кнігі, павінны запаўняць індывідуальны журнал кампетэнцый. Гэта своеасаблівая міні-рэвалюцыя ў французскай сістэме адукацыі, якая лічыцца даволі акадэмічнай і дзе прывыклі ацэньваць менавіта веды. Цяпер настаўнікі павінны на трох ключавых этапах (у сярэдзіне і канцы пачатковай школы, а таксама ў канцы каледжа) запаўняць індывідуальны журнал кампетэнцый.
Міністэрства адукацыі распрацавала пералік асноўных кампетэнцый, якімі павінны валодаць усе навучэнцы: гэта веданне французскай мовы і валоданне замежнымі мовамі. Дарэчы, у Францыі замежная мова пачынае вывучацца з 1 класа і набор моў, прадстаўленых у школьнай сістэме, вельмі вялікі. На ўзроўні каледжа і ліцэя можна выбіраць з 33 замежных моў. А ў экзаменацыйных матэрыялах бакалаўрыята, згодна з законам, прадстаўлена 56 моў (у тым ліку дыялектаў). У каледжы ў якасці апцыйных прадметаў можна выбраць дзве мёртвыя мовы — ліцінскую і старажытнагрэчаскую.
Сярод асноўных кампетэнцый таксама матэматыка і тэхналагічныя веды, валоданне камп’ютарнымі навыкамі, гуманітарныя веды, веданне грамадзянскіх правоў і абавязкаў, а таксама ўменне працаваць аўтаномна і праяўляць ініцыятыву.
Яшчэ адзін важны момант закона — умацаванне маральных каштоўнасцей у школьнай сістэме. Сёння ў грамадстве востра стаіць пытанне аб мірным суіснаванні розных рэлігій, таму прынята рашэнне ўвесці ў школе новую дысцыпліну — выкладанне маральных каштоўнасцей і свецкіх арыенціраў. Трэба адзначыць, што ў адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, дзе выкладаецца рэлігія, адукацыя ў Францыі з’яўляецца свецкай. Цяпер жа ўводзяцца рэлігійныя асновы і навучэнцам будуць расказваць, што такое рэлігія, чаму ёсць розныя рэлігіі і г.д.
Акрамя таго, новы ўрад левага сацыяльна арыентаванага крыла вярнуў у сістэму адукацыі 60 тысяч рабочых месцаў, якія былі скарочаны ў часы Сарказі. Мяркуецца, што гэта ўмацуе сістэму адукацыі Францыі і дазволіць ёй працаваць яшчэ больш эфектыўна.

Галіна СІДАРОВІЧ.