Свабода ці салодкі палон?

- 14:45Сацыяльны ракурс

Дзіяне 42 гады, яна працуе касметолагам і выхоўвае 10-гадовага сына. Імя хлопчыку яшчэ да яго нараджэння даў бацька, турак па нацыянальнасці. На гэтым роля мужчыны ў выхаванні Эміра скончылася. Нягледзячы на сумны вопыт, мая знаёмая ўсё роўна аддае перавагу знаёмствам з мужчынамі з Усходу. Так, Дзіяна — адзінокая маці, але ёй можна пазайздросціць: атрымаўшы вопыт сямейных адносін з туркам, яна не згубіла свабоды, не стала заложніцай дамашняга рабства.

Пра тое, як часта казкі аб прыгожым жыцці становяцца быллю, хто вызваляе беларусак з дамашняга палону і як наладжана дапамога жанчынам, якія сталі ахвярамі дамашняга насілля за мяжой, мы пагаварылі з кіраўніком інфалініі 113 па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой Праграмы “Ла Страда Беларусь” Ганнай Вячаславаўнай СКОРАЙ.

— Згодна са статыстыкай, за першыя 8 месяцаў бягучага года на інфалінію па бяспечным выездзе за мяжу звярнуліся больш за 3,5 тысячы чалавек. За ўвесь мінулы год у нашай дапамозе мелі патрэбу больш за 5000 чалавек. І калі ўлічваць сённяшнюю тэндэнцыю колькасці зваротаў, можна спрагназаваць, што ў бягучым годзе будзе больш тых, каму трэба дапамагчы.

Калі дэталёва разглядаць тэматыку кансультацый, 9% зваротаў тычыліся менавіта сямейна-шлюбных адносін. Гэта пытанні заключэння ці скасавання шлюбу з замежнымі грамадзянамі, пытанні выезду, знаходжання ў іншай краіне, абмеркаванне праблем, якія звязаны з атрыманнем ПМЖ, грамадзянства для дзяцей. Невялікі працэнт у тэме сямейна-шлюбных адносін займаюць пытанні, якія тычацца работы шлюбных агенцтваў. З усіх тых, хто звярнуўся па кансультацыю па гэтай тэме, 86% — жанчыны. Часцей за ўсё яны цікавяцца, якія дакументы неабходна падрыхтаваць, каб заканадаўча аформіць шлюб з грамадзянінам з замежнай краіны. Безумоўна, усім хочацца разабрацца з дакументамі як мага хутчэй, але ў кожнай краіне сваё заканадаўства.

Калі браць статыстыку за гэты год, нашы дзяўчаты часцей за ўсё звярталіся з пытаннямі, як аформіць шлюбныя адносіны з усходнімі мужчынамі. Былі звароты па Турцыі, Іране, Ліване, Іарданіі. Дзяўчаты цікавіліся аспектамі заключэння шлюбу з грамадзянамі Расіі, Ізраіля, Марока. Тым не менш працэнт тых, хто хоча выйсці замуж за грамадзян Еўрасаюза, таксама не маленькі. Найбольш папулярныя “кірункі” — Германія, Італія, Вялікабрытанія.

— Як часта фіксуюцца крызісныя звароты? Які працэнт тых беларусак, якія тэлефануюць з просьбай дапамагчы збегчы ад мужа-тырана? І з якіх краін часцей за ўсё ўцякаюць нашы дзяўчаты?

— Крызісных зваротаў прыкладна 7%. Калі жанчына плануе збегчы ад мужа, значыць, яна трапіла ў цяжкую сітуацыю, якая пагражае яе жыццю, жыццю дзяцей. Сёлета былі звароты, звязаныя з пытаннямі скасавання шлюбу, а таксама наконт вырашэння праблемы дамашняга насілля. Большасць зваротаў паступалі з Турцыі. Увогуле, штогод менавіта ва ўсходніх краінах ствараецца большасць сітуацый, звязаных з дамашнім насіллем. Усе жанчыны, якія ў гэтым годзе траплялі ў крызісную сітуацыю, мелі дзяцей. Прычым дзеці былі не толькі ад шлюбу з усходнім грамадзянінам, але і ад мінулых шлюбаў з беларусамі. На момант звароту жанчына з дзецьмі, як правіла, знаходзіцца за мяжой і патрабуе дапамогі, кансультацыі наконт таго, як збегчы ад мужа, вывезці дзяцей у сваю краіну. Тут часта ўзнікаюць складанасці. Не сакрэт, што менталітэт у нашых людзей не такі, як у мусульманскіх краінах. У Еўропе, калі ёсць крызісная сітуацыя, закон будзе на баку ахвяры. У мусульманскіх краінах часцей за ўсё закон выключна на баку мужчыны. Не сакрэт, што з мусульманскай краіны вельмі цяжка вывезці дзіця, а без дазволу мужчыны гэта зрабіць практычна немагчыма. Увогуле, мужчыны-мусульмане часта карыстаюцца сваім падпарадкавальным правам. Яны не дазваляюць жанчынам выходзіць на вуліцу, кантралююць кожны іх крок. Калі ж у сям’і ўжо ёсць канфлікт і жанчына дала зразумець, што хоча вярнуцца дадому і наступным крокам стане скасаванне шлюбу, усходнія мужчыны рознымі спосабамі спрабуюць не дапусціць гэтага. Яны забіраюць дакументы, хаваюць ці рвуць іх. Але нават у такой сітуацыі ўсё роўна нельга думаць, што шансаў вызваліцца з палону не будзе.

Калі пашпарта няма, трэба звярнуцца ў мясцовую паліцыю з заявай, што ў вас яго выкралі, затым у пасольства з мэтай атрымання пасведчання на вяртанне. Гэты дакумент дае права на аднаразовае перасячэнне мяжы і вяртанне ў сваю краіну. Па такім жа алгарытме патрэбна дзейнічаць і ў тым выпадку, калі былі сапсаваны дакументы дзіцяці. Дарэчы, што тычыцца дзяцей, тут ёсць свае моманты. Калі дзіця з’явілася на свет у міжнацыянальным шлюбе, напрыклад, у адной з мусульманскіх краін, і ў яго аформлены адпаведны пашпарт, толькі з гэтым дакументам вярнуцца ў Беларусь дзіця не можа. Непаўналетні, які нарадзіўся ў той сям’і, дзе адзін з бацькоў па нацыянальнасці беларус, таксама з’яўляецца грамадзянінам нашай краіны. Але для перасячэння беларускай мяжы яму неабходна мець беларускі пашпарт ці пасведчанне на вяртанне.

— Якім павінен быць алгарытм дзеянняў жанчыны, якая стала ахвярай дамашняга насілля за мяжой?

— Калі жанчына пакутуе ад дамашняга насілля, яна не павінна бяздзейнічаць. У першую чаргу неабходна звярнуцца ў паліцыю, каб зарэгістраваць той выпадак, які адбыўся ў сям’і. Вялікай перашкодай з’яўляецца моўны бар’ер. Калі жанчына не размаўляе на мове той краіны, дзе жыве, напрыклад, на фарсі, наўрад ці яна зможа з лёгкасцю апісаць сваю сітуацыю. І менавіта няведанне мовы ў першую чаргу не дазваляе адстойваць свае правы.

Каб выйсці з сітуацыі дамашняга насілля, мы распрацоўваем пакрокавы алгарытм таго, што неабходна рабіць жанчыне. Мы заўсёды нагадваем, што насілле — гэта цыклічная з’ява. Калі яно адбылося адзін раз, значыць, будзе паўтарацца зноў і зноў. І як бы агрэсар не запэўніваў, што нічога падобнага больш ніколі не адбудзецца, верыць гэтым словам нельга. Варта падрыхтавацца да таго, што сітуацыя зноў можа паўтарыцца, і зрабіць так, каб выйсці з яе з найменшымі стратамі.

Такім чынам, першым крокам з’яўляецца зварот у паліцыю. Калі жанчына сама не можа патэлефанаваць (а так здараецца, калі муж адбірае тэлефон і пазбаўляе жанчыну ўсіх сродкаў камунікацыі), неабходна папрасіць аб дапамозе знаёмых ці суседзяў. Акрамя гэтага, рэкамендуем падрыхтаваць “крызісны чамаданчык”, у які патрэбна скласці дакументы, свае і дзяцей, а таксама рэчы першай неабходнасці. Захоўваць чамадан трэба там, дзе мужчына яго не будзе шукаць, ці ў сяброў. У мінулым годзе патэлефанавала жанчына, якая разам з дачкой апынулася ў цяжкай сітуацыі. Мы парэкамендавалі не толькі сабраць чамадан, але і прадумаць транспарт, якім яна будзе дабірацца да аэрапорта, што і як будзе расказваць у паліцыі і пасольстве, каб атрымаць пасведчанне на вяртанне ў Беларусь. Вось у гэтым выпадку збегчы ад мужа-тырана было вельмі цяжка, жанчына была поўнасцю пазбаўлена ўсялякай камунікацыі. Збегчы з дому ўдалося ноччу, калі муж знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

— Ці можа шлюбны кантракт, які ў многіх краінах ужо стаў нормай, уключаць пункты, якія будуць рэгуляваць пытанні ўзнікнення канфліктаў?

— Шлюбны кантракт — гэта дакумент, які ў многім можа абараніць жанчыну. У ім можна падрабязна прапісваць правы жанчыны не толькі ў выпадку скасавання шлюбу, але і тое, як яна павінна сябе весці і на што можа разлічваць у любой з сітуацый, якія пярэчаць яе ўласным інтарэсам, заканадаўству. У многіх еўрапейскіх краінах кантракт з’яўляецца нормай, а ў Францыі ўвогуле абавязковая мера падчас заключэння шлюбу. На жаль, у нас дагаворы не распаўсюджаны, наш менталітэт не дазваляе правільна ўспрымаць такую з’яву. Што тычыцца ўсходніх краін, у іх свае правілы, там закон на баку мужчыны.

— У якіх краінах з дамашняга рабства найбольш цяжка вызваляць беларусак? Ці ёсць “геаграфічныя” асаблівасці ў сітуацыях дамашняга насілля?

— Сапраўды, такія асаблівасці ёсць. Калі такая сітуацыя адбываецца ў Еўрапейскім саюзе, то дапамагчы тут лягчэй. У большасці краін ЕС закон стаіць на баку пацярпелых ад дамашняга насілля. У Еўропе шмат арганізацый, якія аказваюць прамую дапамогу такім людзям. Некаторыя з іх спецыялізуюцца менавіта на жанчынах-мігрантках.

Але калі да нас звяртаецца жанчына, якая жыве, напрыклад, ва ўсходняй краіне, дапамогу аказаць бывае больш складана. Па-першае, заканадаўства (асабліва краін арабскага свету) у большасці выпадкаў стаіць на баку мужчын. Трэба ўлічваць, што ў 90% выпадкаў дзеці застаюцца менавіта з бацькам. Па-другое, у гэтых краінах вельмі складана знайсці арганізацыю, якая дапамагла б жанчыне. А калі такія арганізацыі і ёсць, то вельмі часта жанчына не ведае мясцовай мовы і менавіта па гэтай прычыне баіцца ўцячы ад агрэсара на вуліцу. Часцей за ўсё ў падобных сітуацыях мы звязваемся з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, нашымі пасольствамі, консульствамі і арганізацыямі той краіны, дзе знаходзіцца пацярпелая (калі атрымаецца знайсці такіх). Мы не толькі абмяркоўваем з ахвярай магчымыя шляхі выхаду са складанай сітуацыі, але і падрабязна прадумваем, складаем план дзеянняў. У ім нават пазначаюцца самыя спрыяльныя гадзіны, калі можна арганізаваць уцёкі. Важна, каб гэты час дазваляў паспець дабрацца і размясціцца ў крызісным прытулку.

Яшчэ хачу нагадаць наступнае. Калі вы сталі ахвярай дамашняга насілля, неабходна патэлефанаваць на спецыяльную лінію 113 і атрымаць кансультацыю, падтрымку спецыялістаў. Вам падкажуць адрасы і тэлефоны арганізацый, якія аказваюць дапамогу пацярпелым у той краіне, дзе знаходзіцеся. Сёння звярнуцца да кансультантаў нашай праграмы можна рознымі спосабамі: па тэлефоне 113 (з гарадскога), з мабільнага — 7113. Нам можна даслаць пытанне на электронны адрас, а таксама атрымаць кансультацыю ў рэжыме анлайн праз сайт Праграмы “Ла Страда” www.lastrada.by.

Гісторыя Вольгі

З будучым мужам-ліванцам Вольга пазнаёмілася ў Мінску. Упэўнены ў сабе, выхаваны і галантны мужчына адразу пакарыў сэрца беларускі. У хуткім часе мужчына прапанаваў выйсці за яго замуж.

Бацькі Вольгі былі супраць, не такім ім бачыўся муж дачкі. Суцяшала толькі адно: жаніх сказаў, што жыць яны будуць у Беларусі.

На вяселле ў Мінск бацькі мужчыны не прыехалі. Гэта было аргументавана тым, што білеты каштуюць дорага, а яшчэ патрэбен час, каб падрыхтаваць дакументы. Безумоўна, мужчыне паверылі. У хуткім часе Вольга даведалася, што чакае дзіця. Калі расказала аб гэтым мужу, ён заявіў, што трэба ехаць у Ліван, таму што ўмовы жыцця там куды лепшыя.

Прыезд у новую краіну пачаўся з сюрпрызаў. Як аказалася, сям’я мужа аб нявестцы нічога не ведала. Жыць сталі ў адным доме з бацькамі і сёстрамі мужчыны. Сёстры, між іншым, таксама мелі ўласныя сем’і.

Ліван Вользе спадабаўся. Праўда, выходзіць з дому без мужа ці каго-небудзь з родных строга забаранялася. Ліхаф на Вольгу ніхто не апрануў, але абмежаванняў у вопратцы было нямала: калі спадніца — то ніжэй калена, кофты з любым рукавом, але не адкрытыя, нічога яркага і таго, што прыцягвае ўвагу. Пагаршала сітуацыю і няведанне мовы. Бацькам аб праблемах Вольга не расказвала, не хацела, каб яны хваляваліся. Адзінай апорай для беларускі быў муж. Праўда, нядоўга. Тэрмін цяжарнасці павялічыўся, а мужчына пачаў наведваць начныя клубы, матывуючы гэта тым, што яму трэба адпачываць пасля работы, а не слухаць слёзы і абурэнні жонкі-славянкі, якой усё не падабаецца. Разам з гэтым пачаліся папрокі і аб празмернай траце грошай. На думку мужа, Вольгу як іншаземку пастаянна падманвалі ў магазінах, а значыць, грошай ёй даваць не варта. З гэтага моманту прадметы першай неабходнасці даводзілася выпрошваць у маці мужа. Новай вопраткі жанчына не бачыла — даношвала тое, што заставалася ад сваякоў. Вольга пачала пагражаць, што вернецца ў Беларусь, але мужчына толькі смяяўся.

Калі нарадзілася дзіця, муж пачаў жыць у іншым пакоі. Сёстры мужа бачылі, што ўсё дрэнна, і падлівалі масла ў агонь: забіралі ў Вольгі грошы з тумбачкі, якія ёй на сына пакідаў муж. Пасля першага такога выпадку раз’юшаны мужчына ўпершыню падняў на Вольгу руку і перастаў яе біць, толькі калі заплакаў сын. Жыць стала невыносна. Грошай не было нават на харчаванне для дзіцяці. Віза таксама скончылася, а значыць, Вольга знаходзілася ў краіне нелегальна. Абяцаны від на жыхарства, вядома ж, ніхто не аформіў. За кожнае слова Вользе пагражалі адабраць дзіця.

Жанчына зразумела, што больш так працягвацца не можа. Вольга пачала ўпотай чытаць форумы, знаёмілася з рускімі і ўкраінкамі, у якіх таксама былі праблемы з мужамі-ліванцамі. Як аказалася, галоўная праблема заключалася ў тым, што, незалежна ад месца нараджэння, дзіця, народжанае ў шлюбе ад ліванца, будзе мець адпаведнае грамадзянства. І калі бацька ўнясе імя дзіцяці ў стоп-ліст, ніякае пасольства не дапаможа вывезці непаўналетняга з краіны. У мусульман існуе своеасаблівы закон. Нават калі ў мужчыны жонка — арабка, пасля скасавання шлюбу дзіця жыве з маці толькі да таго моманту, пакуль яму не споўніцца 9 гадоў. Калі ж жонкай мусульманіна стала хрысціянка, пасля скасавання шлюбу дзяцей у маці забіраюць адразу. Губляць сына Вольга не хацела.

Дзяўчаты на форумах, якія былі ў падобных сітуацыях, раілі стаць спакойнай, пакорнай і слухацца мужа. І Вольга стала ўзорнай жонкай: размаўляла ціха, выконвала ўсё, што прасілі, не глядзела мужу ў вочы, пачала наведваць урокі ісламу. Мужу была даспадобы пакорнасць Вольгі. А жанчына тым часам рыхтавала план уцёкаў. Гульня ў пакорную жонку працягвалася каля года.

Афіцыйны тэрмін знаходжання беларускі ў Ліване скончыўся, таму пры выездзе ёй неабходна было заплаціць штраф. Вольга адкладвала грошы, якія зарабляла падчас падпрацовак. У пасольстве, куды яна звярнулася па дапамогу, зрабілі пасведчанне на вяртанне яе і сына у Беларусь. Цяпер заставалася самае галоўнае і складанае — падрыхтаваць мужа.

Вольга час ад часу пачала гаварыць, што яе бацькі яшчэ ні разу не бачылі ўнука. Спачатку мужчына рэагаваў агрэсіўна і недаверліва. Вольга адразу змаўкала. Праз нейкі час зноў вярталася да той жа тэмы, гаварыла, што было б цудоўна з’ездзіць у Мінск на тыдзень. Ліванец пачаў папракаць жонку, што гэта дорага, але жанчына запэўнівала, што сама аплаціць паездку з заробленых грошай, і ўсё, што ад яго трэба, гэта дазволіць дзіцяці выехаць за межы краіны. Пры гэтым Вольга абяцала, што вернецца і працягне вывучаць іслам, яна цытавала Каран і нават прысягала на ім.

З часам муж супакоіўся. Яму надакучылі слёзы жонкі па бацьках, і ён адпусціў Вольгу на тыдзень. Па дарозе ў аэрапорт жанчына ўсю дарогу не знаходзіла сабе месца, хвалявалася, абдымаючы сына. І толькі тады, калі самалёт узляцеў, уздыхнула спакойна.

У Ліван Вольга больш ніколі не вернецца.

Наталля САХНО.