Свае сярод сваіх

- 13:18Навіны рэгіёнаў

Напярэдадні адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў горадзе над Дзвіной абвясцілі лідараў сярод айчынных прадпрыемстваў па выніках рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання “Маладзёжны брэнд — 2020” і ўзнагародзілі пераможцаў рэгіянальнага этапу WorldSkills Belarus — 2020.

Дзень маладзёжнага брэнда зноў правялі ў паўночнай сталіцы. Гэтым разам ён упершыню прайшоў у статусе асобнага форуму, які аб’яднаў мноства яркіх, цікавых мерапрыемстваў пад агульным слоганам “Свой сярод сваіх”. Арганізатарамі выступілі ТАА “БелБрэнд­Аўдыт” у партнёрстве з камітэтам эканомікі, галоўным упраўленнем па адукацыі, упраўленнем культуры Віцебскага аблвыканкама, Віцебскім гарвыканкамам, абласным цэнтрам маркетынгу, абласной арганізацыяй БРСМ, Цэнтрам культуры “Віцебск” і мастацкай галерэяй “Арт Хаос”. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”. Яркай і экспрэсіўнай харэаграфічнай кампазіцыяй адкрыла ўрачыстасць каманда чырлідараў Night wolves. Цудоўныя ўражанні гледачам падарылі прадстаўнікі Нацыянальнай школы прыгажосці, якія прадставілі калекцыі “Зямля пад белымі крыламі” (дызайнер Надзея Лунёва), “Клёкат” (дызайнер Кацярына Козак) і калекцыю дызайнера Антона Ярошчыка (ТАА “Цэнтр моды”).

— Давайце паглядзім, што ў нас ёсць, якім багаццем мы валодаем, на нашу гісторыю, культуру, — заклікала дырэктар “БелБрэндАўдыта” Валянціна Дыніч на адкрыцці свята. — Калі мы самі будзем шанаваць сваё багацце, то яго ацэняць і ў свеце.

Згодна з задумай арганізатараў, задача “Маладзёжнага брэнда” — вызначыць сімпатыю да таго ці іншага брэнда і паказаць магчымыя змяненні, каб яшчэ больш прывабіць спажыўцоў. Найперш гэта магчымасць убачыць і ацаніць высокія дасягненні, а разам з тым пляцоўка, якая дапамагае маладым таленавітым пачаткоўцам убачыць шлях да шырокага прызнання і рухацца па ім максімальна эфектыўна. Прычым захапленне спажыўцоў — не поўнае рашэнне задачы, бо паспяховае прасоўванне брэнда патрабуе ўзмоцненай скрупулёзнай работы па розных напрамках з улікам шэрага эканамічных і прававых момантаў. У сваю чаргу, маладзёжныя прапановы — навізна, якую можна не прымаць у чыстым выгля­дзе, але ад якой варта адштурхоўвацца.

Такім чынам, вытворцы атрымліваюць своеасаблівую дарожную карту, арыентаваную на запыты і патрэбы мола­дзі, — дзейсны стымул развівацца далей і дапамагаць развівацца мэтавай аўдыторыі, моцны інфармацыйны базіс, што дазваляе больш канструктыўна і адэкватна выбудоўваць сваю палітыку і пазіцыю па прасоўванні беларускага. На думку намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Глушына, Дзень беларускага брэнда пракладвае своеасаблівы мост з мінулага ў будучыню.

— Віцебск славіцца такімі брэндамі, як “Славянскі базар”, Марк Шагал, УНОВІС і многія іншыя, — адзначыў Віктар Глушын. — На форуме прадстаўлены вядомыя брэнды і новыя распрацоўкі — тыя, што праз рэспубліканскі інавацыйны праект “100 ідэй для Беларусі” расказваюць пра будучыню, і хочацца верыць, неўзабаве стануць новымі брэндамі нашай краіны.

Узнагароды атрымалі прадстаўнікі амаль трэці з 38 прадпрыемстваў і арганізацый, якіх вызначылі па выніках пятага штогадовага рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, праведзенага Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў Беларускага камі­тэта маладзёжных арганізацый і кампаніяй “БелБрэндАўдыт”. Сярод самых папулярных і вядомых у Беларусі маладзёжных брэндаў у сваіх катэгорыях названы

ТАА “Еўрагандаль”, ААТ “АСБ Беларусбанк”, ААТ “Белаграпрамбанк”, ЗАТ “Вітэкс” і СП “Беліта” ТАА, кандытарскія фабрыкі “Камунарка” і “Слодыч”, ТАА Mark Formelle, ТАА “Кіруючая кампанія холдынга “Беларус­кая гарбарна-абутковая кампанія “Марка”, ПВУП “Дарыда”, УП “Кока-Кола Бэўрыджыз Беларусь”. Арганізатары адзначылі: пасля старту ў Віцебску свята працягнецца ў іншых рэгіёнах. Дарэчы, памятныя знакі, якія ў гонар перамогі ўручылі брэнд-лідарам, выраблены пераможцамі “100 ідэй для Беларусі” — аўтарамі праекта ReBottle. А ў аснове кампазіцыі — васілёк, пазнавальны сімвал “Славянскага базару ў Віцебску”.

У рамках форуму адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Віцебскага рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020, дзейнічалі выставы-продажы прадук­цыі айчынных прадпрыемстваў і арганізацый, кніжная выстава Еўразійскай творчай гільдыі, выстава маладзёжных інавацыйных праектаў, выстава-кірмаш работ беларускіх дызайнераў, рамеснікаў і майстроў народных промыслаў. Працавалі тэматычныя пляцоўкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, а таксама брэнд-лабараторыя, дзе прэзентацыі і майстар-класы па стварэнні і прасоўванні беларус­кага брэнда правялі патэнтны павераны Рэспублікі Беларусь ды­рэктар ТДА “Лекспатэнт” Святлана Каралёва, начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крупскі, кіраўнік партала GorodVitebsk.by Андрэй Лапін і кандыдат мастац­твазнаўства, дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ксенія Князева.

— Мерапрыемствы Дня беларускага брэнда прапаганду­юць нацыянальныя традыцыі і айчынныя прадукты, — акцэнтавала ўвагу дырэктар Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнт­ра прафесійнай адукацыі Ганна Стукальцава. — На павышэнне іміджу рабочых прафесій, прафесійнай адукацыі і развіццё творчага патэнцыялу мола­дзі накіраваны конкурс WorldSkills Belarus — 2020. Вялікую работу па захаванні, папулярызацыі і развіцці нацыянальных традыцый, народных рамёстваў вядуць нашы ўстановы прафесійнай адукацыі. Маладосць — дынамічны, напоўнены падзеямі і вельмі важны перыяд, калі адбываецца станаўленне асобы, чалавек знахо­дзіцца ў пошуку будучай прафесіі, атрымлівае адукацыю, робіць першыя крокі як рабочы ці спецыяліст і вызначае тым самым сваё новае становішча ў соцыуме. Моладзь з’яўляецца адной з самых актыўных сацыяльна-дэмаграфічных груп у сучасным грамадстве. З часам гэтая роля толькі ўзрасце, і менавіта ад сфарміраванага сёння стаўлення мола­дзі да свайго, беларускага, напрамую залежаць адносіны да яго ў будучыні. Я маю на ўвазе як гістарычныя і культурныя каштоўнасці, так і сучасныя айчынныя прадукты, у тым ліку інавацыйныя праекты, навуковыя даследаванні і распрацоўкі, прадукцыю беларус­кіх вытворцаў — тое, чым заўтра будуць займацца маладыя прафесіяналы. Таму мы не маглі не далучыцца да самага маштабнага ў краіне маладзёжнага брэндавага мерапрыемства, якое, варта дадаць, не ўпершыню ўжо адбываецца ў Віцебску і ёсць усе падставы меркаваць, што гэта стане традыцыяй.

Арыгінальныя экспазіцыі з работамі, выкананымі педагогамі і навучэнцамі ў беларускай тэматыцы, прадставілі Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж, Індустрыяльна-педагагічны каледж Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, філіял Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”, Аршанскі дзяржаўны прафесійны ліцэй тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава і Аршанскі дзяржаўны політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж. Гастрафэст “Крафт-ежа” са стравамі традыцыйнай беларускай і сучаснай еўрапейскай кухні арганізаваў Віцебскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй. Вялікую колькасць гледачоў сабраў майстар-клас па гатаванні фруктовага фламбэ.

— Тэма нашай прэзентацыі — крафтавая ежа, — расказала намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Марына Уласевіч. — У нашым ра­зуменні яна найперш аўтарская, мы імкнёмся павысіць спажывецкі рэйтынг найбагацейшай і вельмі цікавай беларускай кухні і разам з тым надаць ёй сучаснае гучанне з дапамогай новых тэхналогій, паколькі тут пастаянна адкрываецца даволі шмат перспектыўных тэм і напрамкаў. Калектыў паставіў перад сабой задачу па падрыхтоўцы спецыяліста новага ўзроўню, бо галоўная прадукцыя каледжа — нашы навучэнцы і новыя тэхналогіі. Мы вывучаем актуальныя тэндэнцыі ў кулінарыі, добра ўяўляем, што трэба сёння спажыўцу, і таму хочам, каб у нашым гора­дзе была прывабная для ўсіх, папулярная, цікавая і смачная беларус­кая ежа.

Аршанцы ўразілі арганізатараў і гасцей свята выставай выдатнай мэблі, сімпатычных кошыкаў з лазы, калекцыямі лялек, вышыўкі ў тэхніцы пэчворк і вырабаў з бяросты (політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж) і пакарылі ўсіх адметнай калекцыяй адзення “Поры года”, пры­свечанай  Году малой радзімы і створанай удзельнікамі гуртка “Народныя промыслы” ліцэя тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Наталлі Шайковай. Увасобленыя ў яркіх вобразах аршанскія краявіды мелі поспех на рэспубліканскай выставе тэхнічнай і інавацыйнай творчасці — былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені, у ходзе форуму аўтары калекцыі атрымалі прапанову прадаставіць іх сукенкі для сустрэчы дэлегацый і гасцей “Славянскага базару ў Віцебску”.Таксама каманда ліцэя паказала майстар-клас па роспісе абутку і сумак, дэманстраваліся льняное адзенне, бялізна і аксесуары з нацыянальным каларытам. На пляцоўцы Індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа ВДТУ панавалі кветкі. Яны былі паўсюль і самыя розныя: ажывалі ў фарбах — у роспісах на сукенках і дызайнерскіх прадметах мэблі, у фуаміране — у прыгожых вяночках і мадэлях прычосак, на перніках, у букетах з цукру, мастыкі, салёнага цеста… Як пракаменціравала дырэктар каледжа Святлана Лапухіна, калекцыя “Беларускія кветкі” аб’яднала даўніну і сучаснасць, майстэрства і эксперыментальны пошук, традыцыйныя і новыя тэхнікі, народныя матывы і колеравыя гамы, прыга­жосць беларускай прыроды і шчырую любоў да роднага краю. На пляцоўцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа найбольшую ўвагу выклікала вышыўка.

— Мы падтрымліваем традыцыі беларускай вышыўкі, з году ў год выкарыстоўваем яе ўзоры ў сваіх калекцыях, эксперыментуем і творча інтэрпрэтуем, удасканальваем у адпаведнасці з новымі тэхналогіямі пры вырабе жаночага, мужчынскага і дзіцячага адзення, сталовай і пасцельнай бялізны, аксесуараў як на сучасным абсталяванні, так і ў традыцыйных тэхніках, — расказала метадыст каледжа Таццяна Беражная. — На дадзены момант попытам карыстаюцца ахоўныя маскі-павязкі, на іх мы наносім вышыўку-абярэг, якая, па народных уяўленнях, засцерагае ад бяды свайго ўладальніка. Вышыўка заўсёды была адным з самых распаўсюджаных і любімых у народзе беларускіх промыслаў — і гэта адметная іскрынка, можна сказаць, пазнавальны брэнд нашай установы адукацыі. Сёння на пляцоўцы каледжа прадстаўлены вышываная калекцыя “Родныя вытокі”, новая калекцыя ручнікоў і некаторыя экзаменацыйныя работы нашых навучэнцаў.

Для ўдзельнікаў свята былі арганізаваны арт-квест па гістарычных і культурных мясцінах Віцебска, прэзентацыя кнігі вершаў Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы, выдадзенай у Лондане пры ўдзеле  Пасольства Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі, канцэрт па творах беларус­кіх кампазітараў з удзелам папулярных музычных калектываў і выканаўцаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.