Сваім талентам прымнажаць славу краіны

Галоўная каштоўнасць беларускай дзяржавы — гэта людзі, якія сваім талентам, творчасцю і працавітасцю прымнажаюць славу краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі і прэміі “Беларускі спартыўны Алімп”.

“Мы заўсёды будзем беражліва ставіцца да свайго культурнага здабытку. Але галоўная каштоўнасць дзяржавы — гэта вы, нашы людзі, якія сваім талентам, творчасцю, працавітасцю прымнажаюць яе славу, натхняюць суайчыннікаў на добрыя справы, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У час уручэння ўзнагарод кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэты святочны вечар у Палацы Рэспублікі ўшаноўваюць людзей з вялікім сэрцам, якія аддаюць сваю любоў, увагу і цеплыню дзецям з цяжкім лёсам, служыцеляў царквы, якія падарылі Новаму Запавету новае гучанне на беларускай мове.

“Дзякуем калектывам, якія захоўваюць нашу самабытную культуру. Аўтарам і выканаўцам, якія ўслаўляюць любімы край у сваёй творчасці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Адзначаем усіх таленавітых дзеячаў культуры, чые праекты былі прызнаны лепшымі. Уручаем прэмію “Беларускі спартыўны Алімп” моцным духам, валявым людзям, якія прысвяцілі сваё жыццё высокім дасягненням айчыннага спорту. Аддаём даніну захаплення беларускім жанчынам, іх прыгажосці, духоўнасці, якія заслужылі сусветнае прызнанне”.

Нагадваем, што па выніках 2018 года прысуджаны чатыры прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

За выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны дзевяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Спецыяльную прэмію “Беларускі спартыўны Алімп” 2018 года прэзідэнт уручыў спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Вользе Мазуронак, намесніку загадчыка аддзела спартыўнага вяшчання ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” Барысу Герстану, старшаму трэнеру-выкладчыку па спорце аддзялення скачкоў на батуце Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 3 Ірыне Бараноўскай.

Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод для ўдзельнікаў вечара адбыўся святочны канцэрт “Каляды. Радзіма. Адраджэнне”. Асноўнай тэмай, што звязала разам усе нумары, стаў вобраз каляднай і святочнай Беларусі, дзе жывуць таленавітыя і добрыя людзі. Пры гэтым кожнае выступленне ўяўляла сабой міні-спектакль.

У час канцэрта былі выкананы шэдэўры сусветнай і айчыннай класічнай музыкі, лепшыя песні беларускіх кампазітараў, харэаграфічныя замалёўкі і літаратурныя нумары. На сцэну выйшлі артысты акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл, салісты Вялікага тэатра Беларусі Настасся Масквіна і Уладзімір Громаў, фіналіст тэлепраектаў “Талент краiны” і “Голас. Дзеці” Яраслаў Саколікаў, ансамбль “Песняры”, спявачка Алёна Ланская і іншыя беларускія артысты і творчыя калектывы, у тым ліку лаўрэаты спецыяльнай прэміі прэзідэнта.

На канцэрце таксама выступіў малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка. Разам са сваім выкладчыкам Аленай Асташкінай-Мысліўчык ён сыграў фантазію для двух фартэпіяна і голасу на тэмы песень з альбома “Куточак Беларусi” Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай, якая і выканала папуры-кампазіцыю.