Свая вышыня

Вольга Уладзіміраўна Бусыгіна — педагог у чацвёртым пакаленні. Вось ужо 22 гады яна выкладае прадмет “Фізічная культура і здароўе”. Працуе ў Мінскім прафесійным ліцэі № 7 будаўніцтва і сваёй прафесійнай дзейнасцю ламае пэўныя стэрэатыпы пра фізрукоў.

Спартыўная спецыялізацыя Вольгі Уладзіміраўны — “Лёгкая атлетыка” (мае першы дарослы разрад). Яна педагог-наватар, прафесійная дзейнасць якога ўключае ў сябе стварэнне, асваенне і выкарыстанне ў адукацыйным працэсе педагагічных навінак. У прыватнасці, у выніку супрацоўніцтва з факультэтам фізічнага выхавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка былі распрацаваны і ўкаранёны ў практыку 4 навучальныя фільмы.

У 2016 годзе педагог атрымала грант Мінгарвыканкама за распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта “Развіццё прафесійна арыентаваных якасцей у працэсе фізічнага выхавання навучэнцаў па спецыяльнасці “Тэхналогія паліграфічных вытворчасцей” на аснове распрацоўкі прафесіяграм і сродкаў прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі”.

З часам тэма яе даследаванняў пашырылася і цяпер гучыць так: “Фізічнае выхаванне з прафесійна-прыкладной скіраванасцю ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Педагог праводзіць вялікую даследчую работу, і ўсе яе распрацоўкі аўтарскія.

Для мэтанакіраванага канструявання трэніровачных заданняў па развіцці прафесійна арыентаваных якасцей у навучэнцаў Вольга Уладзіміраўна распрацавала комплексныя прафесіяграмы па канкрэтных прафесіях. Яна выявіла і сіс­тэматызавала фактары нерацыянальнага нервова-эмацыянальнага напружання ў працоўнай дзейнасці па розных прафесіях, а таксама распрацавала анкеты для правядзення сацыяльна-псіхалагічных даследаванняў не толькі ўнутры ўстановы адукацыі, але і на гарадскім узроўні.

Трэба адзначыць, што Вольга Уладзіміраўна валодае методыкай фізічнага выхавання з прафесійна-прыкладной скіраванасцю навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і прэзентуе свой вопыт на адкрытых уроках.

Для павышэння матывацыі навучэнцаў да заняткаў па фізічнай культуры і спорце педагог выкарыстоўвае нетрадыцыйныя формы работы: стварае насценгазеты, прадстаўляе вынікі спартыўна-масавых мерапрыемстваў праз відэасюжэты, якія можна паглядзець не толькі на сайце ўстановы адукацыі, але і на YouTube-канале “Фізкультура і спорт”.

Вопыт работы Вольгі Ула­дзіміраўны ўзялі на ўзбраенне ў многіх прафесійных каледжах і ліцэях Мінска, а таксама ў Мінскім Сувораўскім ваенным вучылішчы, Мінскім гарадскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі, прымяняюць у вучэбным працэсе на факультэце фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка. Акрамя таго, ён апублікаваны ў шэрагу навукова-метадычных работ.

Педагог сістэматычна праводзіць адкрытыя вучэбныя заняткі, удзельнічае ў гарадскіх семінарах, ажыццяўляе кіраўніцтва педагагічнай практыкай студэнтаў факультэта фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка.

Вольга Уладзіміраўна займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў і педработнікаў да ўдзелу ў фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах. Сярод спартыўных дасягненняў апошніх двух гадоў можна адзначыць наступныя. У складзе зборнай каманды Мінска па міні-футболе яе выхаванцы занялі 3-е месца на першынстве рэспублікі ў рамках Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Выхаванец Кірыл Паршута прызнаны лепшым абаронцам у першынстве Савецкага раёна сталіцы па міні-футболе сярод юнакоў. Яе дзяўчаты сталі першымі на XXVIII гарадскіх турысцкіх спаборніцтвах навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па тэхніцы веласіпеднага турызму. Заваявана 3-е месца ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, 2-е месца — у спаборніцтвах па тэхніцы пешаходнага турызму ў рамках XXVIII турысцкіх спаборніцтваў работнікаў устаноў адукацыі.

Галоўная каштоўнасць грамадства — здаровы, гарманічна развіты чалавек. “А здароўе, перш за ўсё, пачынаецца з правільнай, метадычна арганізаванай рухальнай актыўнасці, што з’яўляецца платформай для фізічнага, інтэлектуальнага і духоўнага ўдасканалення. Працэс фізічнага выхавання складаецца з многіх элементаў жыццёвых і працоўных сітуацый, таму імкнуся раскрываць патэнцыял кожнага навучэнца. Такі падыход не толькі дазваляе разві­ваць неабходныя ў жыцці рухальныя якасці і прыкладныя навыкі, але і спрыяе выхаванню свядомай дысцыпліны, усвядомленай актыўнасці, мадэляванню міжасобасных і міжгрупавых адносін”, — адзначыла Вольга Уладзіміраўна.

Нядаўна яна атрымала перамогу ў намінацыі “Свая вышыня” на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік” сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.