Сваё месца пад чужым сонцам

- 15:16Сацыяльны ракурс

Свабода — падмурак і адна з галоўных каштоўнасцей, на якой будуецца незалежнасць чалавека як асобы. Мы прывыклі быць свабоднымі і карыстацца свабодай, ведаем, як абараняць свае правы і адстойваць інтарэсы. Але існуе і паралельная рэальнасць, дзе свабода чалавека не мае амаль ніякага кошту. І выратавацца ад гэтай рэальнасці можна толькі адным спосабам — уцёкамі.

Менавіта так і зрабіла сям’я 24-гадовай Лэйлы, якая больш чым 20 гадоў назад пакінула Афганістан і прыехала ў статусе бежанцаў у Беларусь.

Фота да матэрыяла: Сваё месца пад чужым сонцам.

Каб вярнуцца жывым

З Лэйлай (імя зменена) мы сустрэліся па дарозе на работу. Сёння дзяўчына працуе ў адным з цэнтраў развіцця, дзе вучыць дзяцей з сем’яў бежанцаў народным танцам. Магчыма, калі б сям’я Лэйлы не пакінула Кабул, у якім пачалася грамадзянская вайна, лёс дзяўчыны склаўся бы інакш, а сваё прызванне яна магла б знайсці ў іншай дзейнасці.

На занятках дзеці размаўляюць з выкладчыкам на роднай мове — дары. Але Лэйла дапамагае сваім выхаванцам размаўляць і па-руску.

“Упэўнена, што дзеці павінны ведаць мову той краіны, у якой жывуць, але і пра роднае маўленне забываць не павінны, — кажа Лэйла. — Я таксама ў першую чаргу вучыла дары. Мама хацела, каб мы размаўлялі на роднай мове, не забывалі яе. З вывучэннем рускай мовы былі некаторыя складанасці, але і настаўнікі, і сябры дапамагалі адаптавацца ў рускамоўным акружэнні. І ўжо праз некалькі гадоў я магла свабодна размаўляць з беларусамі. Але ў сям’і, дома мы ўсё роўна размаўляем на дары.

Кабул мы пакінулі ў 1994 годзе. Калі ў горад увайшлі прадстаўнікі радыкальных арганізацый, жыць дома стала страшна і нясцерпна. Як расказвалі бацькі, горад пастаянна бамбілі, дамы былі разбураны, на вуліцах гінулі людзі. Рашэнне пакінуць краіну было абдуманым. Мама і тата хацелі, каб іх дзеці не бачылі вайны, каб не баяліся хадзіць па вуліцы і ведалі, што, ідучы на працу, дадому вернуцца жывымі і здаровымі. У Афганістане такой упэўненасці не было. Тыя, хто там жылі, не строілі планаў, не чакалі ад заўтрашняга дня добрых навін. Людзі, выходзячы раніцай з дому, выказвалі сваім блізкім надзею на магчымасць вярнуцца назад жывымі.

Менавіта па гэтай прычыне мая сям’я паехала ў Расію. Зразумела, вялікай праблемай быў моўны бар’ер, але вывучыць рускую дапамагалі брат мамы і тэлевізар. Як выжывалі мае бацькі? Дзякуючы таму, што ў Кабуле тата займаўся бізнесам, ён на першы час меў грошы. У Расіі ўладкаваўся прадаўцом”.

2 гады, на працягу якіх сям’я Лэйлы жыла ў Расіі, сталі вырашальнымі. Разумеючы, што пара вызначыцца наконт таго, дзе далей жыць, куды аддаваць дзяцей у школу, бацька дзяўчыны задумаўся аб пераездзе. І, магчыма, прыняцце рашэння магло зацягнуцца не на адзін тыдзень, калі б не адна важная акалічнасць. У Беларусі ў 1995 годзе быў прыняты Закон “Аб бежанцах”, які вызначыў парадак прызнання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства бежанцамі на тэрыторыі краіны. А рэалізацыя закона пачалася ў лютым 1997 года, калі стала ажыццяўляцца працэдура вызначэння статусу бежанца ў адносінах да тых грамадзян Афганістана і Эфіопіі, якія доўгі час знаходзіліся на тэрыторыі краіны. Разумеючы, што гэта добры шанс, сям’я Лэйлы, у якой на той момант, акрамя дзяўчынкі, падрасталі яшчэ 2 дзяцей, прыехала ў Мінск.

“Бацька расказваў, што для таго, каб застацца ў краіне, неабходна было не толькі сабраць неабходныя дакументы, але і прайсці субяседаванне, а таксама знайсці жыллё, — працягвае расказваць дзяўчына. — У першыя часы вялікую дапамогу аказвала ААН. Арганізацыя выдзяляла прадукты, лекі. Тата і тут працягнуў сваю дзейнасць, пачаў працаваць на кірмашы. Сёння ён ужо мае свой бізнес.

Тым не менш першыя гады жыцця ў Беларусі таксама не былі вельмі лёгкімі. І, зразумела, самым вострым было жыллёвае пытанне. Многія нават сёння з насцярожанасцю ставяцца да людзей з неславянскай знешнасцю. А тут прыехала афганская сям’я з 3 дзецьмі. Безумоўна, мала хто згаджаўся здаць жыллё незнаёмым людзям. Але нам пашанцавала — мы знайшлі добрую гаспадыню, якая не пабаялася, паверыла нам. Праз некалькі гадоў у нас нарадзілася сястра. І мы як мнагадзетная сям’я атрымалі кватэру”.

Адукацыя — гэта раскоша

У сям’і Лэйлы вялікае значэнне надаецца адукацыі. І, па словах дзяўчыны, мама і тата заўжды імкнуліся да таго, каб даць дзецям як мага больш ведаў.

“У нас вельмі адукаваная сям’я. Яшчэ мая бабуля імкнулася да таго, каб даць дзецям добрую адукацыю. Мама ў свой час паступіла ў інстытут паліталогіі, але пасля зрабіла выснову, што ў адпаведнай сферы працаваць не зможа. Быць палітыкам — значыць умець прымаць важныя рашэнні. Мама зразумела, што для таго, каб дасягнуць поспеху ў гэтай дзейнасці, неабходна быць жорсткай, трэба шмат часу аддаваць рабоце. І па гэтай прычыне пакінула ўніверсітэт. Дарэчы, мае бабуля і дзядуля таксама вельмі адукаваныя людзі. Напэўна, менавіта дзякуючы дзядулі, які быў начальнікам авіякампаніі, у нас у сям’і высока цэняцца адукаванасць і пісьменнасць. Усім вядома, што ў Афганістане дазволены раннія шлюбы. Бубуля выйшла замуж, калі ёй было ўсяго 14 гадоў. І менавіта дзядуля, які быў старэйшы на 2 гады, выказаў жаданне, каб яго жонка пайшла вучыцца. У выніку бабуля атрымала прафесію наборшчыка тэкстаў, працавала ў выдавецтве. А пасля паступіла вучыцца яшчэ і на бухгалтара. Атрымаўшы прафесію, працавала ў адным з міністэрстваў Афганістана. І гэта ўсё дзякуючы дзядулі, які заўжды гаварыў вельмі мудрыя рэчы. Ён лічыў, што вучыцца ніколі не позна. І не важна, у якім узросце чалавек атрымлівае адукацыю. Прынамсі, у Беларусі таксама так лічаць. А на маёй радзіме прытрымліваюцца іншых поглядаў. Там у людзей вельмі мала шансаў атрымаць вышэйшую адукацыю. Інстытуты часта бамбяць. Яшчэ школу дзеці могуць скончыць, а вось пайсці вучыцца далей, на жаль, не кожны чалавек можа. Зразумела, тыя, у каго ёсць грошы, адпраўляюць дзяцей за мяжу. Але ў большасці сваёй у Афганістане жывуць бедныя людзі. Частымі з’яўляюцца выпадкі, калі ў сям’і без бацькі расце адзін сын. Як правіла, такія дзеці пасля 9 класаў ідуць працаваць грузчыкамі. Тыя, каму такая работа не даспадобы, імкнуцца знайсці нешта іншае. Зразумела, ўсім хочацца зарабіць грошы, пракарміць сям’ю. Але, на жаль, не ва ўсіх гэта атрымліваецца. У выніку мужчыны пачынаюць распаўсюджваць наркотыкі. І такіх гісторый, дзе ад бязвыхаднасці людзі самі калечаць свой лёс, многа. Таму гэта шчасце, што мы жывём у Беларусі”.

Даведка

Як паведамілі ў МУС Рэспублікі Беларусь, з 1995 года, калі быў прыняты першы закон Рэспублікі Беларусь, які рэгулюе пытанні вымушанай міграцыі, замежнікамі пададзена каля 8 тысяч хадайніцтваў аб наданні статусу бежанца або дадатковай абароне ў Рэспубліцы Беларусь.

Да 2013 года сітуацыя з вымушанымі мігрантамі, якія прыбываюць у Беларусь, была стабільнай. Штогод з хадайніцтвамі аб абароне ў адпаведныя дзяржаўныя органы звярталіся не больш за 200 замежнікаў. У гэты перыяд найбольшая колькасць дакументаў была прынята ад грамадзян Афганістана (да 70%).

З 2014 года ў сувязі з падзеямі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны, а таксама з-за ўзброеных канфліктаў, якія адбываюцца ў шэрагу арабскіх краін, пачало назірацца павелічэнне колькасці вымушаных мігрантаў, якія звярнуліся па абарону ў кампетэнтныя органы нашай краіны. У 2014 годзе з хадайніцтвамі аб прадастаўленні статусу бежанца або дадатковай абароны звярнуліся 868 замежнікаў, у 2015 — 1246, у 2016 — 788.

У 2017 годзе паток вымушаных мігрантаў заставаўся на высокім для нашай краіны ўзроўні. Колькасць замежнікаў, якія звярнуліся ва ўпаўнаважаныя органы з хадайніцтвамі аб абароне, склала 752 чалавекі. Варта таксама адзначыць, што наша краіна не сутыкаецца з такім патокам вымушаных мігрантаў, якія прыязджаюць у некаторыя дзяржавы Еўропы.

Свабода, за якую трэба змагацца?

Дзякуючы сучасным поглядам на жыццё, у сям’і Лэйлы не існуе ніякіх забарон. Дзеці самі выбіраюць, у якіх гуртках вучыцца, як апранацца. Праўда, некаторыя з традыцый бацькі дзяўчыны прывезлі з сабой.

“Мы адзначаем і беларускія святы, і свае, таму што на гэтым пабудавана наша гісторыя, — тлумачыць дзяўчына. — Новы год, напрыклад, адзначаем два разы, таму што ў нас шмат сяброў-беларусаў. Любім гатаваць беларускія стравы. Дарэчы, мне вельмі падабаецца рабіць калдуны. Што тычыцца вопраткі, мы ніколі не накрывалі галаву, не хавалі твар. Зноў жа гэта дзякуючы таму, што наша сям’я, бабуля з дзядулем прытрымліваліся свабодных поглядаў на жыццё. Менавіта дзякуючы ім такімі ж свабоднымі выраслі і нашы бацькі, а таксама мы з сёстрамі і брат. Дарэчы, наша малодшая сястра, якая зараз вучыцца ў 6 класе, па поглядах абсалютная беларуска.

Калі гаварыць пра традыцыі, у нас у сям’і таксама прытрымліваюцца тых поглядаў, што шлюб можа заключацца паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі. Мама выйшла замуж за свайго стрыечнага брата. Праўда, дзядуля з бабуляй не прымушалі маму заводзіць сям’ю ў 14 гадоў, як гэта прынята ў большасці афганскіх сем’яў. Бацькі ажаніліся ў сталым узросце. Калі аб гэтым расказваю, узгадваю, што многіх дзяўчат прымусова аддавалі замуж у 14 гадоў. Сёння ў краіне, згодна з заканадаўствам, дазволены шлюбы з 18 гадоў, але ў многіх раёнах прытрымліваюцца старых поглядаў. І будзе не дзіўна, калі 14-гадовая дзяўчынка, яшчэ школьніца, будзе ісці з мужам. Зноў жа гэта ўсё адбываецца з-за неадукаванасці, а таксама немагчымасці пракарміць сям’ю. Так, бацькам становіцца лягчэй, калі ў доме менш дзяцей, а што рабіць самім дзяўчатам? У іх няма выбару. Яны вымушаны падпарадкоўвацца тым правілам, якія былі ўсталяваны вельмі даўно. Дарэчы, дзяцей таксама нараджаюць у юным узросце. Тыя, хто жыве ў Афганістане, у Кабуле, адмаўляюцца ад разумення, што дзяцей павінна быць столькі, колькі можаш выгадаваць, пракарміць. Абсалютная большасць лічыць, што раз Бог дае дзіця, значыць, так трэба. У сям’і можа не хапаць ежы, малым можа не аказвацца неабходная медыцынская дапамога з-за таго, што ў бацькоў няма грошай. Дзеці, на жаль, паміраюць і ад захворванняў, і ад голаду. Але прызнаваць існаванне такой праблемы ніхто не хоча. Лічаць, калі дзеці паміраюць, значыць, у іх такі лёс. У Афганістане вельмі актуальнай з’яўляецца дэмаграфічная праблема. З-за пастаянных ваенных дзеянняў гіне вялікая колькасць людзей, у тым ліку дзяцей. Менавіта па гэтай прычыне сем’і імкнуцца завесці як мага больш дзяцей. Але наколькі гэта правільна? Адказ відавочны. Затое ў беларусаў на гэтую праблему іншы погляд, сучасны. І мне гэта падабаецца”.

Сёння Лэйла жыве далёка ад Кабула, але аб гэтым не шкадуе. Яна знаходзіцца ў бяспецы, мае сацыяльныя гарантыі і думае пра будучыню. Мары, безумоўна, звязаны з уласным жыццём. Але лёс тых людзей, якія жывуць у вечным страху за сябе, сваіх блізкіх, дзяўчыне таксама не абыякавы. Лэйла разумее і гаворыць аб гэтым у адкрытую: у адзіночку праблемы не вырашаюцца. Праблема бежанцаў — праблема сусветнага маштабу. І яна будзе існаваць да таго часу, пакуль жыццё чалавека не пачне цаніцца вышэй, чым барацьба за ўплыў у свеце.

Гутарыла Наталля САХНО.