“Свет асвятляецца сонцам, а чалавек — ведамі”

- 10:13Нам пішуць

Па такім дэвізам у сярэдзіне кастрычніка ў Лелюкінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прайшоў тыдзень матэматыкі і інфарматыкі.

Сучаснасць — гэта свет інфармацыйных тэхналогій, свет, у якім дзецям трэба дапамагаць развіваць асабістыя якасці, творчыя здольнасці. Бо ў будучыні трэба будзе рабіць прафесійны выбар, і менавіта школа фарміруе ўсвядомленае разуменне важнасці ведаў у розных сферах прафесійнай дзейнасці. Усё гэта і ўлічвалася настаўнікамі матэматыкі і інфарматыкі Я.С.Касцюк, М.І.Петраш В.Г.Балановіч пры планаванні і падрыхтоўцы тэматычнага тыдня.

Штодня займальная матэматычная інфармацыя трансліравалася ў фае школы, на стэндзе. На перапынках дзеці маглі патрэніраваць розум у рашэнні лагічных задач, разгадванні крыжаванак, рэбусаў, загадак, наведаць відэасалон “З гісторыі развіцця вылічальнай тэхнікі” і “Падарожжа ў свет камп’ютарных праграм для школьнікаў”.

Дарослыя і дзеці актыўна ўдзельнічалі ў дыстанцыйнай віктарыне “Вясёлая навука інфарматыка”, доступ да якой можна было атрымаць па спасылцы на сайце школы і ў сацыяльных сетках на працягу ўсяго тыдня. Шмат фантазіі і творчасці праявілі навучэнцы пры выпуску тэматычных газет і малюнкаў “Матэматыка — царыца ўсіх навук!” і “Інфарматыка крочыць па планеце”.

Цікава праходзілі інтэлектуальныя гульні “Іпадром”, “У гасцях у Кенгуру”, “Зорны час”. Навучэнцы пачатковых класаў, нягледзячы на юны ўзрост, актыўна бралі ўдзел у гульні “Логіка для маленькіх” і паказалі добрыя веды ў галіне матэматыкі і інфарматыкі.

Для навучэнцаў 3—9 класаў прайшла гульня-конкурс “Інфамышка-2018”. Адзіная класная гадзіна для 9—11 класаў “Інтэрнэт: глабальнае дабро ці зло?” ладзілася ў форме дыскусіі і дала магчымасць удзельнікам абмеркаваць праблемы, якія могуць іх чакаць у сацыяльных сетках.

Самымі актыўнымі, творчымі і крэатыўнымі былі прызнаны навучэнцы 6 класа А.Баран, П.Бутрым, П.Лапата, В.Матылевіч, С.Дабейка. У намінацыі “Терпение и труд всё перетрут” пераможцамі сталі навучэнцы 10 класа У.Бутрым, М.Клімаў і Л.Міхальская. У намінацыі “Геніі логікі” вызначыліся В.Баярчук, В.Лянцэвіч, А.Календа. Тытулы “Містар Інфазнайка” дасталіся П.Сушчынскаму, П.Пугачу і Я.Мытніку, а “Міс Інфазнайка” — К.Мінюк, П.Сушчынскай, А.Дзядуль, В.Паўловіч.

Прадметны тыдзень матэматыкі і інфарматыкі прайшоў у атмасферы творчасці, супрацоўніцтва і паказаў высокую выніковасць усіх вучняў і настаўнікаў.

Вольга БАЛАНОВІЧ,
настаўніца інфарматыкі Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.