З кожным днём сонца грэе ўсё мацней — самы час адкрыць вясну велапрагулкай. Або пракаціцца з ветрыкам на квадрацыкле, як гэта робяць падлеткі з аб’яднання па інтарэсах “Драйв парк”, якое працуе ў сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”. Для іх гэта і забава, і рэальны шанс здаць на правы.

Хуткасць у крыві
Кіруе аб’яднаннем па інтарэсах Андрэй Яўгенавіч Новікаў. Яшчэ ў юнацтве ён купіў свой першы матацыкл. Два месяцы збіраў яго літаральна па дэталях і, як толькі байк заззяў новымі фарбамі, тут жа адправіўся падарожнічаць.
— Калі падрос мой сын, мы паехалі на выставу мотавелатэхнікі ў Маскву. Там я ўбачыў велізарны выбар матацыклаў, квадрацыклаў і мапедаў для дзяцей-школьнікаў. Усю дарогу дадому мне не давала спакою ідэя стварыць у Мінску першы дзіцячы мотаклуб. Узяўшы ў арэнду некалькі матацыклаў і адзін квадрацыкл, я арганізаваў заняткі на базе “Сонечная даліна”. З кожным днём жадаючых станавілася ўсё больш. Але адна справа — проста пракаціцца з інструктарам, і зусім іншая — кіраваць матацыклам самому. Таму многія бацькі захацелі, каб іх дзеці авалодалі навыкамі кіравання гэтым сродкам перамяшчэння.
Вось тады я ўжо не сумняваўся — мотаклубу быць! Звярнуўся ў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” і стаў педагогам, адкрыўшы аб’яднанне па інтарэсах “Драйв парк”.
Комплексны падыход
Заняткі ў мотаклубе наведваюць дзеці і падлеткі ад 6 да 16 гадоў. Акрамя практычных трэніровак, вялікая ўвага ўдзяляецца тэорыі. Андрэй Яўгенавіч выкладае агульную праграму правіл дарожнага руху для матацыклаў і квадрацыклаў, а таксама прасунуты курс, дзякуючы якому старэйшыя навучэнцы могуць здаць на правы.
— Наша методыка ўлічвае і ўнутраныя правілы паводзін на трасе, і асновы ПДР. Вось 7 мая плануем пайсці ў ДАІ і здаць там тэорыю. Гэтая дата выбрана не выпадкова. Ініцыятарамі ідэі сталі дзве дзяўчынкі — адной 13, другой 14 гадоў. У галоўнага “завадатара” дзень нараджэння якраз прыпадае на 7 мая, таму мы вырашылі зладзіць маленькае свята і дапамагчы ёй пачаць здаваць на правы. Па законе сам дакумент аддадуць у 16 гадоў, але падрыхтавацца можна ўжо цяпер.
Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з ДАІ, выступаем на тэматычных мерапрыемствах. Двойчы ездзілі ў Віцебск на “Славянскі базарˮ, былі і ў Магілёве на адкрыцці сезона.
Вядома, без практыкі нікуды. Але яна павінна быць рэгламентаванай і навучальнай, а не проста “сеў і паехаў”. Першыя тры-чатыры ўрокі пачаткоўцы даводзяць да аўтаматызму галоўныя рычагі кіравання транспартным сродкам: газ — тормаз. Яшчэ кожную трэніроўку праходзіць гульня “Вадзіцель — рэгуліроўшчык”. Яна вучыць прымяняць вывучаныя правілы дарожнага руху на практыцы. Уся група садзіцца на квадрацыклы і матацыклы і пачынае рух, а адзін чалавек яго рэгулюе з дапамогай сігналаў і каманд. Фарміруецца калона, наперадзе якой едзе вядучы. Кіруемыя — як правіла, менш вопытныя вучні — ідуць за ім. Ззаду ўсіх — замыкаючы. Яго задача — сачыць за тым, каб пачаткоўцы глядзелі па баках і не стралялі варон на паваротах. За кошт гэтага ў дзяцей фарміруюцца комплексныя навыкі кіравання матацыклам.
Публіцы на радасць
Рэгулярныя заняткі Андрэй Яўгенавіч імкнецца разнастаіць новымі актыўнасцямі і фарматамі. Гэта і паказальныя выступленні на фестывалях, і паўнавартасныя спаборніцтвы, якія выхоўваюць у хлопцаў дух спартыўнага саперніцтва.

— Залог паспяховага навучання — цікавасць з боку падапечных. Яна асабліва праяўляецца, калі ёсць спаборніцкі момант. Таму мы заўсёды стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх турнірах і мерапрыемствах. Гонкі на радыёкіруемых мадэлях у Палацы моладзі, чэмпіянат па джымхане, мотакросы падчас вясновых свят — усё стараемся ахапіць. Вось 9 мая пакажам сваё майстэрства ў Лошыцкім парку. Для нашага “Драйв парка” гэта піяр-акцыя, а для яго выхаванцаў — паўнавартасная выязная трэніроўка. Такія святы наведваюць бацькі з дзецьмі. Яны бачаць, як выдатна катаюцца нашы падапечныя і часта выказваюць жаданне далучыцца да нашага аб’яднання па інтарэсах.
Дарэчы, джымхана — новы для нас кірунак. Яго сутнасць у тым, каб аб’ехаць вялікую колькасць фішак і паказаць лепшы час. Раней гэтая дысцыпліна была ў цені, таму што лічыцца даволі складанай. Але цяпер узровень навучэнцаў вырас настолькі, што яны без праблем спраўляюцца з дыстанцыяй і праязджаюць даволі хутка.
Асобасны падыход
Поспех дасягаецца дзякуючы таму, што Аляксандр Яўгенавіч лёгка знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Прычым многія ідэі праектаў яму падказваюць самі навучэнцы. Педагогу застаецца толькі не пакінуць іх без увагі.
— З падлеткамі важна весці дыялог. Я прыслухоўваюся да іх меркавання і многае для сябе адзначаю. У нас у “Драйв парку” ў аснове асноў дэмакратыя. Вядома, падапечныя павінны прытрымлівацца зводу правіл нашага аб’яднання па інтарэсах, але ў той жа час яны дастаткова дысцыплінаваныя, каб несці адказнасць за свае словы і ўчынкі. Я проста стараюся быць з імі на адной хвалі. Яны гэта адчуваюць і таму давяраюць.
Яшчэ ўвесь час тлумачу старэйшым вучням, што ім неабходна падаваць прыклад пачаткоўцам. Малодшыя бачаць пэўную мадэль паводзін і хутка засвойваюць паняцці адказнасці, сумленнасці і паважлівага стаўлення да навакольных. Выдатна працуе прынцып “З кім павядзешся, ад таго і набярэшся”. Таму раю выхаванцам знайсці дастойны прыклад для пераймання. Ён паслужыць маральным арыенцірам і на нашых занятках, і на жыццёвым шляху.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.