Свет, дзе мары здзяйсняюцца

Да дня абароны дзяцей дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў” пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь правяло шосты фестываль творчасці выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Мары здзяйсняюцца”. Сёлета конкурсная праграма праходзіла 26 і 27 мая ў САК “Стайкі” (Мінскі раён).Па выніках выступленняў  28 мая адбыўся гала-канцэрт на сцэне Палаца культуры Мінскага аўтазавода.

“Мары здзяйсняюцца” — гэта штогадовае свята творчасці і зносін для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з дзесяці дамоў-інтэрнатаў Рэспублікі Беларусь. Асноўная мэта фестывалю — дапамагчы інтэгравацца ў грамадства людзям з асаблівасцямі праз раскрыццё і развіццё іх творчых здольнасцей і прэзентацыю іх талентаў шырокай грамадскасці. Кожны год выхаванцы з дамоў-інтэрнатаў з нецярпеннем чакаюць гэтае свята. Тры фестывальныя дні яго ўдзельнікі жывуць жыццём сапраўдных артыстаў, забываюцца на ўсе свае непрыемнасці і праблемы, да іх прыходзяць людзі, якія жадаюць пазнаёміцца з іх творчасцю, якім неабыякавыя іх мары.
У конкурснай праграме прымалі ўдзел творчыя групы з Багушэўскага, Васілішкаўскага, Вясноўскага, Гомельскага, Гарадзішчанскага, Журавіцкага, Івянецкага, Мінскага, Рэчыцкага і Чэрвеньскага дзіцячых дамоў-інтэрнатаў. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала каля 80 дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі ў развіцці. Яны прадставілі свае выступленні ў розных жанрах (песні, танца, тэатральнай мініяцюры, прамоўніцкага мастацтва, у іншых арыгінальных жанрах). У рамках гала-канцэрта адбылася выстава ўдзельнікаў мастацкага этапу акцыі “Вялікае мастацтва рукамі маленькіх людзей”.
“Што такое свет без межаў? Гэта свабоднае перамяшчэнне з краіны ў краіну або падарожжа ў электроннай прасторы інтэрнэту? — разважае старшыня арганізацыі “Свет без межаў”, старшыня журы фестывалю Таццяна Іванаўна Паеўская. — Ведаю, ніхто не будзе спрачацца, што свет без межаў — гэта свет, дзе пануе творчасць. І значыць, у ім хутчэй здзяйсняюцца мары. Я заўсёды марыла аб тым, каб нашы дзеці былі на вялікай сцэне, каб іх бачылі, слухалі і чулі. Пры наведванні аднаго з дамоў-інтэрнатаў заўважыла дзяўчынку, якая вельмі добра спявала. Яна сказала, што марыць быць на сцэне, і яе мара, зразумела, збылася. Нездарма наш фестываль носіць такую назву, многія дзеці і маладыя людзі з асаблівасцямі рэалізуюць тут свае творчыя памкненні”.
У складзе журы былі сапраўдныя прафесіяналы, сярод якіх старшы выкладчык кафедры рэжысуры эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў лідар фолк-мадэрн групы “Палац” Алег Хаменка, выкладчык кафедры культуралогіі Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава Алена Рыбарава, выкладчык кафедры мастацкай творчасці і прадзюсарства гэтага ж інстытута дырэктар рэдакцыйна-прадзюсарскага цэнтра ТРК “Анёл-ТБ” Аксана Калінкіна, спявак Аляксей Хлястоў і музыкант групы “ДрайвFaza Бэнд” Ігнат Яковіч. Яны выбралі фіналістаў, якія разам з вядомымі выканаўцамі беларускай эстрады прынялі ўдзел у гала-канцэрце.
На свята завітаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак: “У сістэме Міністэрства працы і сацыяльнай абароны знаходзіцца 10 дамоў-інтэрнатаў, у якіх пражывае больш як 2 тысячы дзяцей з асаблівасцямі. Яны такія ж, як і ўсе дзеці, любяць спяваць і танцаваць, гуляць у футбол. У кожнага з выхаванцаў ёсць свае мары. Яны прыехалі на фестываль, каб паказаць свае лепшыя ўменні і таленты. Фестываль — гэта яшчэ і спаборніцтва. Дзеці ўсімі сіламі імкнуліся перамагчы, паказаць, наколькі яны таленавітыя. Усё, што яны прадэманстравалі, — вынік работы многіх людзей — медыкаў, педагогаў, сацыяльных работнікаў, а таксама грамадскага аб’яднання “Свет без межаў”. Вялікі дзякуй і зоркам эстрады, якія заўсёды ідуць насустрач і пагаджаюцца выступіць перад дзецьмі”.
“Як правіла, мары рэалізуюцца не па ўзмаху чароўнай палачкі. Іх рэалізацыя патрабуе мэтанакіраванасці і настойлівай працы, не апошняя роля адводзіцца і шанцаванню, — заўважыў прадстаўнік ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь спадар Санака Самарасінха. — У вашым выпадку ўсе фактары поспеху супалі. Сімвалічная і назва фестывалю. Без мары няма жыцця, не будзе і заўтрашняга дня. Некалькі месяцаў назад мы звярнуліся да дзяцей Беларусі з пытаннем: у якім свеце яны хацелі б жыць? Сярод адказаў былі і такія, што тычыліся ўмацавання псіхалагічнай падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, забеспячэння для іх універсальнага доступу да ўстаноў аховы здароўя, стварэння безбар’ернага асяроддзя ў гарадской і сельскай мясцовасці, укаранення інклюзіўнай адукацыі. Дзеці Беларусі выказалі жаданне, каб мясцовыя ўлады пры складанні сваіх перспектыўных планаў памяталі і пра дзяцей з асаблівасцямі развіцця”.
Падтрымаць дзяцей прыйшлі зоркі беларускай эстрады, папулярныя вядучыя, у тым ліку спевакі Герман, творчы калектыў “Аніма”, Патрыцыя Курганава, Іван Буслай, Аляксандр Патліс, Дарыя, куратар музычнага этапу фестывалю “Песня без межаў” і акцыі “Вялікае мастацтва рукамі маленькіх дзяцей” Настасся Ціхановіч і іншыя. Канцэртная праграма завяршылася ўзнагароджаннем пераможцаў і ўдзельнікаў фестывалю.
Трэцяе месца заняла каманда з Багушэўска, другое месца падзялілі Мінскі і Васілішкаўскі дамы-інтэрнаты, першае месца заваяваў творчы калектыў з Івянца. Прызы пераможцам уручалі чэмпіён Еўропы па грэка-рымскай барацьбе ўдзельнік Алімпійскіх гульняў у Лондане Аляксандр Кікінёў, чэмпіёнка Еўропы 2013 года па жаночай барацьбе Настасся Гучак, а таксама заслужаны майстар спорту двухкратны чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе Алім Сялімаў. Прызы пераможцам былі прадастаўлены кампаніяй “Трайпл” і Беларускай федэрацыяй па грэка-рымскай барацьбе. Былі і іншыя спонсары фестывалю, якія падарылі дзецям цацкі, пачаставалі іх рознымі прысмакамі. Праграма фестывалю прадугледжвала наведванне Мінскага заапарка і дэльфінарыя. Вечар гумару і цудаў падарылі ўсім дзецям клоўны Шлёпа і Клёпа.
А самым галоўным прызам конкурсу па традыцыі стане паездка ў Польшчу на фэст “Кракаўскія сустрэчы”, на якім нашу краіну ўжо прадстаўлялі творчыя калектывы — пераможцы мінулых конкурсаў — з Багушэўскага, Васілішкаўскага, Івянецкага, Рэчыцкага і Гарадзішчанскага дамоў-інтэрнатаў. Нашы дзеці неаднойчы вярталіся пераможцамі і прызёрамі польскага форуму, дзе здзіўлялі ўсіх сваім талентам, артыстызмам і арыгінальнасцю.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Вадзіма МАЕЎСКАГА.