“Свет эксклюзіву” з’явіцца ў гімназіі

Удзельнічаюць і перамагаюць у алімпіядах па працоўным навучанні вучаніцы Людмілы Аляксандраўны Аляшкевіч больш за сем гадоў. Педагог пачала працаваць у гімназіі ў 2010 годзе, і адразу яе вучаніцы занялі 2-е і 3-е месцы на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. І з таго часу кожны год адзначаны поспехам на розных этапах — ад раённага да рэспубліканскага.

А ў гэтым годзе настаўнік працоўнага навучання гімназіі № 1 Навагрудка Л.А.Аляшкевіч разам са сваімі вучаніцамі збіраецца ўзяць яшчэ адну прыступку — у гімназіі ствараюць бізнес-кампанію.

Вопыт гаспадарчай дзейнасці ў гімназіі ўжо ёсць. Настаўнік працоўнага навучання Андрэй Андрэевіч Саўко разам з хлопцамі на арыгінальным станку вырабляе з пластыкавых бутэлек стужку, а потым з яе — вельмі карысныя рэчы. Шчоткі, кошыкі знаходзяць прымяненне не толькі ў гімназіі, але і ў іншых навучальных установах Навагрудка. Распрацоўка была прадстаўлена на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Так у гімназіі з’явілася першая бізнес-кампанія “Навагрудскія самаробкі”.

— Людміла Аляксандраўна — вельмі творчы і адказны чалавек, — характарызуе настаўніцу дырэктар гімназіі Святлана Іванаўна Аляхновіч. — Кіруе гімназічным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў працоўнага навучання, фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Часта практыкуе правядзенне заняткаў у нестандартнай форме, выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Пры правядзенні ўрокаў аптымальна ўлічвае індывідуальныя здольнасці, схільнасці кожнага навучэнца. Людміла Аляксандраўна з’яўляецца трэнерам раённай каманды навучэнцаў па падрыхтоўцы да алімпіяды па працоўным навучанні і прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ўдзельнікаў абласной каманды.

На пытанне, чым сёння можна зацікавіць дзяцей, Людміла Аляксандраўна адказвае: уласным прыкладам.

— Усё ў кабінеце працоўнага навучання, акрамя швейных машын, зразумела, зроблена ўласнымі рукамі. Тут няма ніводнай купленай рэчы, адзенне таксама сама шыю, вяжу, — гаворыць настаўніца. — І я вучу гэтаму сваіх вучаніц. З дзяцінства марыла менавіта аб гэтай справе — вучыць дзяцей творчасці. Нават калі яны атрымліваюць аднолькавае заданне — вынік у кожнай будзе свой, кожная рэч будзе мець нейкія асаблівасці.

Любоў да карпатлівага і творчага рукадзелля прысутнічае ў вучаніц рацыянальнага ХХІ стагоддзя, а прыклад гэтага — іх работы. Пад кіраўніцтвам Людмілы Аляксандраўны дзяўчаты вырабляюць мяккія цацкі, сувеніры, ствараюць уласныя творчыя праекты і калекцыі адзення “Адраджэнне”, “Зіма-лета”, “Школьная форма ў стылі рэтра”. Калекцыя “Адраджэнне” — гэта традыцыйны беларускі касцюм у сучаснай трактоўцы. Калекцыя была сшыта на дзве ўзроставыя катэгорыі — першакласніц і адзінаццацікласніц.

Людміла Аляксандраўна ўсміхаецца:

— Дзяўчатам вельмі падабаецца дэманстраваць мадэлі на подыуме, але яны ведаюць, што прадэманстраваць калекцыю — гэта фінальная частка доўгага шляху яе стварэння, калі трэба выканаць і шмат руціннай работы.

А яшчэ Людміла Аляксандраўна ведае, што выніковай заўсёды будзе праца, якая нясе карысць іншым, дае адчуванне сваёй патрэбнасці. Супрацоўніцтва з цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання Навагрудскага раёна дало гімназісткам адчуванне такой карыснай працы. Дзяўчаты шылі пасцельную бялізну, атрымалі за гэта грошы і… працоўныя кніжкі. Так, яшчэ калі былі навучэнкамі, яны мелі такі важны дакумент і ўсведамленне карыснай працы для сябе, для грамадства.

Жаданне зарабляць грошы і займацца цікавай справай ляжыць у аснове ідэі стварэння ў гімназіі яшчэ адной бізнес-кампаніі — па вытворчасці па індывідуальным заказе тэматычнага адзення для дзяцей да 14 гадоў з далейшым яе пракатам. Гімназічная бізнес-кампанія “Свет эксклюзіву” будзе ствараць карнавальныя касцюмы.

— Купляць карнавальныя касцюмы для дзяцей дорага, ды і ў магазінах выбар касцюмаў не заўсёды багаты, — гаворыць Людміла Аляксандраўна. — А самае галоўнае — маскарадныя касцюмы патрэбны, як правіла, на адзін дзень, а то і ўсяго толькі на некалькі гадзін. Пракат касцюмаў будзе выдатным выйсцем за невялікія грошы.

Кампанія вырабляе эксклюзіўныя дзіцячыя ўборы часцей не з новага матэрыялу, а з рэчаў, якія ўжо былі выкарыстаны, часам з рэчаў самога заказчыка. Яшчэ адно ноу-хау — да касцюмаў прапануюцца бясплатныя тэматычныя сувеніры, якія могуць служыць выдатным падарункам, элементам адзення або аксесуарам. Іх таксама будуць вырабляць навучэнкі.

Ужо створаны маляўнічы каталог мадэлей. Але заказчык можа прыйсці і са сваёй прапановай, у гімназічнай бізнес-кампаніі ўлічаць усе пажаданні.

— У ініцыятыўную групу па напісанні бізнес-плана разам з Людмілай Аляксандраўнай уваходзілі пяць дзяўчат ва ўзросце 14—16 гадоў: Дар’я Пальчык, Валерыя Эпштэйн, Кацярына Бако, Дар’я Палубок, Аліна Меляняка, — гаворыць С.І.Аляхновіч. — Дзяўчаты ўжо прадэманстравалі сваю працаздольнасць і стараннасць: у мінулым навучальным годзе Валерыя Эпштэйн адзначана дыпломам І ступені раённага этапу і граматай абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні. Дар’я Пальчык — дыпломам ІІІ ступені раённага этапу. На абласным этапе алімпіяды па працоўным навучанні сярод навучэнцаў сярэдняга звяна дыпломам І ступені была ўзнагароджана Кацярына Бако, дыпломам ІІ ступені — Дар’я Палубок. Вельмі добра, што і прадпрымальніцкія якасці змогуць праявіць нашы дзяўчаты. А для гімназіі вельмі важна навучыць іх гэтаму.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *