Свет фэнтэзі

- 11:27Навіны рэгіёнаў

Персанальныя выставы навучэнцаў — добрая традыцыя ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна. Гэтым разам свае карціны прадставіла выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Мазаіка” навучэнка Гродзенскай гарадской гімназіі Настасся Есеф’ева.

“Я малюю свет” — пад такой назвай праходзіць персанальная выстава юнай мастачкі, якая малюе з ранняга дзяцінства і ўжо мае 8 перамог і адзнак раённых, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Першую адзнаку яна атрымала ва ўзросце чатырох гадоў, заняўшы першае месца ў раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу на лепшы дзіцячы малюнак на экалагічную тэматыку.

— Усе нашы выхаванцы — таленавітыя, і мы стараемся падтрымліваць іх цікавасць да творчасці, развіцця, — гаворыць дырэктар “Спектра” Ірына Аляксандраўна Савіцкая. — Арганізацыя такіх персанальных выстаў, выніковых канцэртаў — стымул для далейшага развіцця дзяцей і магчымасць прадэманстраваць свае дасягненні. Выстава Насці Есеф’евай, на якой прадстаўлена больш за 40 работ, будзе працаваць да канца чэрвеня.

Кіраўнік аб’яднання “Мазаіка” Галіна Іосіфаўна Абуховіч, дзе Насця займаецца чатыры гады, адзначае такія яе якасці, як уменне засяродзіцца, фантастычную працаздольнасць, прафесійнае валоданне графічнымі матэрыяламі: каляровымі алоўкамі, тушшу, гелевай ручкай.

А сама Насця расказвае, што любіць тварыць у добрым настроі, аддае перавагу яркім колерам і стараецца перадаць дынаміку ў малюнках, любіць маляваць у стылі фэнтэзі, а таксама жывёл і партрэты. Дарэчы, адной з першых дзяўчына намалявала сваю бабулю — Таццяну Мікалаеўну. Яе партрэт таксама прадстаўлены на персанальнай выставе.

— Малюю я з задавальненнем, — гаворыць Насця. — Гэты занятак мяне захапляе. А яшчэ вельмі люблю маляваць для сваіх блізкіх, сяброў і аднакласнікаў. Мне прыемна, што дзякуючы выставе пра мяне даведваюцца іншыя людзі. Спадзяюся, што мае карціны ім спадабаюцца і створаць кожнаму добры настрой. Выстава вельмі важная падзея ў маім жыцці. У найбліжэйшы час планую паўдзельнічаць у XX Міжнародным мастацкім конкурсе “Радасць Еўропы” і ў Рэспубліканскай выставе-конкурсе “АрхНавацыя”. Так што работы на лета хопіць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.